Пра своеасаблівае вытлумачэнне партыйнасці літаратуры насуперак таму, што ў гэты тэрмін укладвалі звыклыя да аруэлаўскага наваяза партыйныя функцыянеры, у гэтых нататках ужо гаварылася.
Тое ж самае можна сказаць і пра так званы гуманізм савецкага грамадства, бальшавіцкай таталітарнай сістэмы. Да чаго яна прыводзіла на практыцы, стала больш-менш зразумелым не сёння, а трохі раней. Але ж неяк чапаць гэтую практыку, крытыкаваць яе адкрыта, у друку можна было толькі сцвярджаючы, што яна разыходзіцца з «адзінаправільнай» марксісцкаленінскай тэорыяй. Як вядома, у той тэорыі абавязковым лічылася прызнанне выключнай ролі класавай барацьбы і дыктатуры пралетарыяту. А імі ж фактычна апраўдвалася самая жахлівая кроў, ад якой пахла не столькі гуманізмам, колькі генацыдам.
Аднак увесь яго жах і яго сапраўдныя маштабы трымаліся ў вялікім сакрэце, збольшага парушаным толькі ў перыяд хрушчоўскай адлігі. Таму і я шмат чаго не ведаў, хоць пра сёе-тое здагадваўся, задумваючыся над трагічным лёсам бацькі і не толькі яго. Аднак разам з тым доўгі час верыў у камуністычную ўтопію, якая абяцала нямала спакусліва-прывабнага, суцяшала зманлівымі ілюзіямі, цацанкамі-абяцанкамі, якімі наша хлуслівая прапаганда і пастаўленыя ёй на службу іншыя сродкі абалваньвання чалавека дурылі людзям галовы на працягу дзесяцігоддзяў. I як было не верыць, калі праўдзівая інфармацыя адсутнічала, а ад імя партыі, савецкай улады абвяшчалася: усё для чалавека, для простых людзей, гаспадароў краіны, пра якіх так шчыра клапоцяцца нашы вялікія, мудрыя і вельмі ж гуманныя правадыры.
А калі сутыкаўся з тым «клопатам», якім быў акружаны абсалютна бяспраўны селянін у калгасе, дык думалася, што гэта толькі ў нашай мясцовасці так, бо ў нас дрэннае начальства, якое дыскрэдытуе савецкую ўладу, не выконвае яе законаў. А вунь у Арлоўскага, у «Камінтэрне» пад Магілёвам, на Кубані, як паказвае кінафільм «Кубанскія казакі», там жывуць.
Разуменне ж, што такія кінафільмы таксама ствараліся для абалваньвання людзей, што Арлоўскі быў чалавекам у многіх адносінах незвычайным і знаходзіўся ў выключным становішчы, бо яму сыходзіла з рук тое, што ніколі не даравалася іншым, радавым калгасным старшыням, што і той жа «Камінтэрн» быў у няроўных умовах з іншымі калгасамі, — гэтае разуменне прыходзіла далёка не адразу.
А калі і прыходзіла, дык як яго было выказаць публічна? Зноў жа даводзілася неяк выкручвацца, націскаць на тое, што нібыта самой прыродзе нашага грамадства ўласцівыя гуманістычныя рысы, але ў жыцці гэта не заўсёды рэалізуецца. А героі добрых літаратурных твораў змагаюцца за такую рэалізацыю нават ва ўмовах зняволення, на тым жа будаўніцтве Беламорканала.
Яўны здзек з рэчаіснасці, у якім вінаваты і я, бо нахвальваў лынькоўскія апавяданні пра той канал, вымашчаны чалавечымі касцямі. Але мне тады здавалася, што і так я змагаюся за гуманістычны падыход да чалавека пры нашым таталітарызме, які здзекаваўся над людзьмі як хацеў.
I вось яшчэ што істотна. У класікаў «адзінаправільнага вучэння» можна было знайсці разважанні пра рэальны гуманізм пры сацыялізме, бо ў іх наогул шмат дыяметральна супрацьлеглых думак, выказаных ці ў розны час, ці з рознай нагоды. I мы з тым большай упартасцю чапляліся за гэтыя выказванні, чым далей нашы энергічныя правадыры, а потым і нямоглыя крамлёўскія маразматыкі адыходзілі ад гуманістычных каштоўнасцей чалавецтва, а то і проста глуміліся над імі.
Словам, вельмі часта найбольш даследчыцкай энергіі трацілася, па сутнасці, упустую, бо ішло не на само асэнсаванне мастацкіх твораў у іх суаднесенасці з рэчаіснасцю і эстэтычнымі законамі, а на тое, каб хоць нешта з твайго ўласнага разумення жыцця і літаратуры прабілася праз цэнзурныя рагаткі.
I мне як крытыку і літаратуразнаўцу, ды і як выкладчыку таксама, яшчэ пашанцавала. Бо і БДУ — не горшае месца працы. I рэдактары трапляліся непалахлівыя (не ўсе, вядома). I ў шэрагу друкаваных выданняў, а таксама ў галоўных беларускіх выдавецтвах было спрыянне многіх людзей. Я ўжо не кажу пра Саюз пісьменнікаў, персанальна пра самых выдатных майстроў беларускага мастацкага слова. Іх падтрымка вельмі часта была ў маім лёсе вырашальная. А думка М. Лынькова, I. Мележа, У. Дубоўкі (калі ён ужо быў рэабілітаваны), П. Панчанкі, А. Макаёнка, А. Адамовіча ўсё ж мела пэўную вагу і пры ўладзе партыйных ідэолагаў, якія, як я ўжо згадваў, на адкрытыя канфлікты з самымі вядомымі пісьменнікамі не спяшаліся ісці, асабліва па праблемах прыватных. Ды і не ўсё тыя ідэолагі маглі надзейна зарэгуліраваць і прадугледзець. Называю тут толькі імёны пісьменнікаў-нябожчыкаў, каб не выглядала, што падхалімнічаю перад уплывовымі людзьмі з нейкіх карыслівых меркаванняў.
Читать дальше