У сваёй вёсцы сустрэліся з Нінай і цёткай. Колькі радасці было! Але жыць нам разам доўга не прыйшлося. Увосень захварэла маці і памерла. Мяне і Ніну ўзяла цётка. У яе я пражыла год. Пасля яна аддала мяне ў дзіцячы дом.
Бацька мой не вярнуўся з фронту.
Цяпер я жыву ў дзіцячым доме. Вучуся ў сёмым класе. Я хачу як мага хутчэй вырасці і сумленнай працай аддзякаваць Радзіме за тое, што яна гадуе і выводзіць нас на шырокую дарогу жыцця.
ТАНЯ СЯМЁНАВА (1932 г.)
Полацкая вобласць, м-ка Опса, дзіцячы дом.
Майскай ноччу 1943 года некалькі партызан на чале з камандзірам брыгады «Полымя» Героем Савецкага Саюза Яўгенам Фёдаравічам Філіпскіх прабіралася ў вёску Новы Горадзень. На ўскраіне лесу Суперж Блужскага сельсавета Пухавіцкага раёна яны наткнуліся на нямецкую засаду.
Між партызанамі і немцамі завязалася моцная перастрэлка. У баі Філіпскіх быў цяжка ранены: адна куля прабіла плячо, другая — правае лёгкае. Ён упаў. Памочнік камандзіра брыгады Красільнікаў і партызан Мальцаў падхапілі яго і панеслі ў глыб лесу. Астатнія байцы сталі прыкрываць адыход.
У самым гушчары гэтага лесу знаходзілася патаемная зямлянка, у якой партызаны хаваліся ў час небяспекі. Красільнікаў з Мальцавым і прынеслі сюды непрытомнага камандзіра.
Я і маці ў той час жылі ў вёсцы Бабы, у якім-небудзь кіламетры ад лесу. Позна вечарам пачулася страляніна з аўтаматаў і кулямётаў. Мы хутчэй апрануліся і выбеглі на двор. Стралялі ў лесе. Вогненныя кулі раз-пораз праразалі начную цемень. Мы адразу здагадаліся, што партызаны, напэўна, нарваліся на фашыстаў. Доўга стаялі ля загарадак і думалі, што нам рабіць: бегчы ў яму ці заставацца дома? Калі страляніна сціхла, мы вярнуліся ў хату. Пачакалі крыху і, упэўніўшыся, што небяспека нам не пагражае, не распранаючыся, леглі спаць.
Мы ўжо засыналі, як раптам пачуўся асцярожны стук у акно. Маці хуценька падхапілася з ложка і выйшла ў сенцы. Неўзабаве яна вярнулася ў хату, завесіла вокны і запаліла газнічку. Пры яе цьмяным святле я ўбачыў чорнавалосага мужчыну ў вайсковай форме і з аўтаматам у руцэ. Гэта быў партызан Калнагораў.
Па яго бледным, узрушаным твары маці здагадалася, што здарылася штосьці непрыемнае. Яна падышла да партызана і з трывогай спытала, чаго ён прыйшоў адзін у такую пару.
— Філіпскіх ранены,— хмура прагаварыў ён і расказаў, як і пры якіх абставінах гэта адбылося.
— Ай-яй-яй! Як гэта вы не ўбераглі такога чалавека? — прастагнала маці, схапіўшыся за галаву.
Сумная навіна ўсхвалявала і мяне. Я ўжо даўно падтрымліваў сувязь з брыгадай і добра ведаў яе камандзіра. Знаёмства наша пачалося з год назад, калі я паказаў Філіпскіх вінтоўкі, схаваныя ў дупле асіны, у лесе. Як ён узрадаваўся тады, як дзякаваў мне за дапамогу. Пасля таго я адшукваў і заносіў у брыгаду гранаты, патроны і іншую зброю, лякарствы, якія браў у бацькавага знаёмага ў Тальцы, збіраў звесткі пра немцаў і паліцаяў.
Памятаю такі выпадак.
Аднойчы, гуляючы каля стрэльбішча, на якім паліцаі вучыліся страляць, я пачуў, як адзін з іх сказаў:
— Хлопцы, заўтра раніцою паедзем у Гоманаўку па хлеб. З намі будуць і немцы.
Аб пачутым я расказаў разведчыкам, якія прыходзілі да нас, а тыя перадалі камандзіру.
На дарозе між вёскамі Гоманаўка і Лапічы Філіпскіх зрабіў засаду і паставіў міны. Каля сарака гітлераўцаў і паліцаяў падарвалася на гэтых мінах. Спроба ворагаў забраць хлеб у вёсцы Гоманаўка была сарвана. Усё гэта я чамусьці ўспомніў цяпер, і мне стала вельмі шкада камандзіра. Сэрца маё сціскалася ад жалю.
— А дзе цяпер Філіпскіх? — дапытвалася маці.
— У зямлянку панеслі, без памяці ён,— адказаў Калнагораў і дадаў: — А я за лякарствамі і бінтамі прыйшоў. Трэба ж ратаваць камандзіра...
Маці падышла да акна, паглядзела пад занавеску і з роспаччу сказала:
— Лякарствы знойдуцца, але як іх занесці? Ужо развідняецца...
Вяртацца ў такі час у зямлянку Калнагораву было небяспечна, таму што ў суседніх вёсках размяшчаліся нямецкія гарнізоны. Яны, вядома, не толькі чулі перастрэлку, але маглі выставіць патрулёў і зрабіць засады. Я разумеў гэта, і ў мяне нечакана вырвалася:
— Я занясу...
Калнагораў узяў мяне за плечы.
— Куды табе... Я сам...
— Дзядзька, вас лягчэй заўважыць, чым мяне. А калі затрымаюць — ведаю, што сказаць... Я надумаўся... Скажу: «У лес іду, па дровы... У печы няма чым паліць...» Выкручуся як-небудзь...
— Калі так, то бяры лякарствы і шугай у лес.
— Хутчэй збірайся, сынок, час не чакае,— дрыготкім голасам сказала маці, дастаючы з патаемных вузялкоў сваіх лякарствы.— Вось толькі дрэнна, што Трафіма няма: хто там Філіпскіх дапамогу акажа?..
Читать дальше