Помню, год перад сьмерцяй бацькоў паслалі мяне ў час летніх канікул у Шаркаўшчыну, да дзядзькі Вінцуся, каб крыху паправілася на здароў’і. У нас была бяда, а дзядзька тады жыў добра. Прыехаўшы да дзядзькі, я не хацела нічога есьці, хадзіла сумная й струтая — так сумавала за домам. Замест таго, каб паправіцца, пачала яшчэ больш худзець. Бачачы гэта, дзядзькі пастанавілі пасьля тыдня адправіць мяне назад у Будслаў. Знайшлі кагось, хто ў тым напрамку ехаў, той абяцаў мной заапекавацца ў дарозе. Помню той дзень, калі я вярнулася ў роднае мястэчка. Была прыгожая сонечная нядзеля. Са станцыі прывёз мяне на сваёй брычцы сусед Хаім. Увайшоўшы ў сені, глянула я праз шчыліну адкрытых дзьвярэй у кухню. Уся наша сям’я сядзела за сталом і абедала. Бачачы іх, сьціснуў мяне такі жаль за сэрца, што я голасна заплакала. Ускочылі ўсе ад стала й выбеглі паглядзець, хто так плача. Пытаюцца мяне, што сталася, чаму я так хутка вярнулася, а я не магу прамовіць аднаго слова. І гэта было апошняе лета жыцьця нашага разам з бацькамі. Год пазьней, гэтай парой, наша сям’я рассыпалася. Відаць, прадчувала я гэта, і таму не магла выседзець у дзядзькоў.
У Вільні
Пасьля сьмерці мамы, у гэтым-жа месяцы выехала я ў Вільню. Забраў мяне туды Эдвард Будзька [9] Віленская Беларуская Гімназія — адна зь першых беларускіх сярэдніх школаў. Яе арганізатарам быў Іван Луцкевіч. Рэгулярныя заняткі ў школе пачаліся 1 лютага 1919 г. Нягледзячы на ўсялякія перашкоды з боку розных уладаў — перад усім польскіх і савецкіх, школа была галоўнай кузьняй беларускай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі. Некалькі разоў была мяняна яе сядзіба ды юрыдычны, эдукацыйны статус. Дзейнічала да чэрвеня 1944 г. Ад некалькіх гадоў пераймальнікам яе традыцыі зьяўляецца беларуская сярэдняя школа ім. Францішка Скарыны.
, які ў тым часе знаходзіўся разам зь сям’ёй на вакацыях у Будславе. І так першы раз у сваім жыцьці знайшлася я ў вялікім горадзе. Аддалі мяне на вучобу ў Віленскую Беларускую Гімназію 9, якая знаходзілася на вуліцы Вострабрамскай 9 у базыліянскіх мурах.
Здала я экзамен у чацьвёртую клясу. У гэту-ж клясу паступіў і брат мой Пётрусь. Жыў ён у інтэрнаце пры гімназіі, а я спачатку ў Будзькаў, а пазьней у інтэрнаце на Завальнай, які ўтрымоўвалі мэтадысты. У ім жылі выключна вучні нашай гімназіі. Ня мела я цяжкасьцяў у вучобе — адно гора было з матэматыкай, а думаю таму, што выкладаў яе вучыцель Ральцэвіч на рускай мове, якой я ня знала, а асабліва ніколі ня чула матэматычных тэрмінаў. Дагэтуль вучылася матэматыкі па-польску. Сядзела я тады на матэматыцы, як на турэцкім казаньні. Найлягчэй даваліся мне нямецкая й лацінская мовы, а таксама польская. За першую дыктоўку зь беларускай мовы я атрымала кол, але ў канцы года ўжо мела добра. Нямецкай мовы вучыла нас фраў Бэнцлебен [10] Натальля Бэнцлебен — настаўніца нямецкай мовы ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Перад ІІ сусьветнай вайной жыла ў Вільні па вул. Антокаль.
, лацінскай — Міхалевіч [11] Аляксандар Міхалевіч — юрыст, настаўнік лацінскай і нямецкай моваў у Віленскай Беларускай Гімназіі. Нейкі час быў яе дырэктарам. Прыняў духоўны стан — стаў бацюшкай. У час нямецкай акупацыі быў настаяцелем прыходу ў Заходняй Беларусі. Пахаваны на Сьвята-Эўфрасіньнеўскіх могілках у Вільні.
, беларускай — пані Алёна Леканд-Сакалова [12] Алёна Сакалова-Леканд — шматгадовая настаўніца (у 1919-1944 гг.) беларускай мовы ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Адна з пачынальнікаў беларускага школьніцтва ды ініцыятараў пакліканьня ВБГ. Да арышту жыла ў Вільні па вул. Вострабрамскай 8. Пасьля 1944 г. рэпрэсіраваная савецкімі ворганамі бесьпекі, засуджана на 6 гадоў зьняволеньня ў лагеры. У палове пяцідзесятых гадоў вярнулася ў Вільню. Памерла ў 1960 г. Пахавана на Сьвята-Эўфрасіньнеўскіх могілках у Вільні.
. Геаграфіі вучыла Полька Адольфова [13] Адольфова — настаўніца геаграфіі ў Віленскай Беларускай Гімназіі.
і польскай мовы Кшэменёва [14] Кшэменёва — настаўніца польскай мовы ў Віленскай Беларускай Гімназіі.
. Дырэктарам гімназіі быў Радаслаў Астроўскі. [15] Радаслаў Астроўскі — грамадзкі дзеяч, настаўнік. Нар. 6.11.1887 г. у фальварку Запольле, Слуцкага павету. Арганізатар Беларускай Слуцкай Гімназіі. У 1924-1936 гг. быў дырэктарам Віленскай Беларускай Гімназіі, з 1928 г. па 1936 г. прапагандаваў ідэі супрацоўніцтва з санацыяй. З кастрычніка 1941 г. быў бурмістрам у Смаленску, Бранску, Магілёве. У сьнежні 1943 г. стаў прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады. З 1956 г. жыў у ЗША. Быў галоўным ідэалёгам "бэцээраўскай" плыні беларускай палітычнай эміграцыі. Памёр 17.10.1976 г.
Читать дальше