***
Раман САБАЛЕНКА. Незамужняя ўдава.
Чытаў я гэтую аповесць і дзіву даваўся — да чаго можа давесці нават добрага пісьменніка бескантрольнасць, безадказнасць. "Аповесць пра веліч душы"! Месцамі горш, як у І.Гурскага. Я забракаваў, мяне падтрымалі І.Пташнікаў, Я. Скрыган.
Гаворка была рэзкая, але шчырая. Першы сказаў сваё "не" Я.Скрыган, я выказаў свае довады, што так друкаваць аповесць нельга.
"Чаму? Вунь Гарбачоў у Маскве пераклаў ужо, піша, што гэта мой лепшы твор".
"Мы таксама можам напісаць такое. Хай вось надрукуе".
Р.Сабаленка аповесць забраў. Аддаў чытаць "наверх", пачаў збіраць думку — у "Полымі" не працуюць з аўтарамі, а адразу бракуюць. Я.Скрыган пайшоў "на папятную". Пачаў упамінаць у выступлениях, на вечарах і ў друку, што будзем друкаваць.
Р.Сабаленка прынёс другі варыянт. Ён быў трошкі лепшы за папярэдні, але ажывіць мерцвяка ўсё роўна нікому яшчэ не ўдавалася. Зноў прачыталі мы ўсе ўтраіх, і думка была — не друкаваць. Далі М.Танку. Той прачытаў, сказаў: "Дрысня", але друкаваць трэба. Каб той лагер угаманіўся (М.Танк заўсёды не хацеў звягі, а таму другі раз на многае закрываў вочы, каб было менш звягі. Дый інакш нельга: адзін у вас часопіс — трэба адно даваць, трэба даваць і другое).
Выказаў шмат заўваг, і аповесць вярнулі на дапрацоўку другі раз. Надрукавалі сяк-так.
***
Аркадзь ЧАРНЫШЭВІЧ. Засценак Малінаўка. Раман. Кніга 2.
Кніга другая рамана слабейшая за першую. Няма дзеі. Героі сабяруцца, пабалбочуць і разышліся. Выйгрышныя сцэны ў рамане скомканы, другараднае — расцягнута. Мова, бы выключная.
Усе прачыталі, зрабілі заўвагі, Арк. Чарнышэвіч іх паправіў, і здалі ў друк.
***
Ілья ГУРСКІ. Апошні раман з "Улады Саветаў".
Раман два гады марынавалі. Трохі мы, трохі Інстытут гісторыі партыі. Рэцэнзію з Інстытута пісаў Ліпіла. "Гэты раман ніякі не гістарычны..." Такі праўда — гэта першы "плутаўскі" раман у беларускай літаратуры. Рэцэнзія была грунтоўная, але Гурскі нічога не паправіў — "Я маю сваю думку на многія рэчы. Гісторыкі таго не ведаюць, што ведаю я".
Я.Скрыган добрасумленна скараціў раман, зрабіў, каб можна было яго хоць чытаць. І.Гурскі ўзяў прагледзець раман і ўсё аднавіў. Hi радка не скараціў.
І.Пташнікаў пайшоў у водпуск, Я.Скрыган недзе паехаў (ці не ў Сібір — дэкада літаратуры ў Расіі), і я адзін даводзіў усё да ладу. Зняў старонак 150, астатняе здаў у набор. Асобныя моманты доўга аспрэчвалі — асабліва сцэны, дзе І.Гурскі апісвае Леніна і Крупскую. Прыносілі тамы Леніна, даказвалі, што многае не так было, як І.Гурскі паказвае. Але І.Гурскі змясціў гэтыя сцэны ў "Звяздзе". Настойвалі, настойвалі, дый пусцілі амаль усё так, як і было. Адзін наш клопат — менш надрукаваць, каб нешта ў нумары паралельна і другое было. Не ўдалося — прасіў Гурскі ў два нумары, з №11 зляцела, так што №12 выйшаў з адным І.Гурскім.
***
Уладзімір КАРАТКЕВІЧ. Каласы пад сярпом тваім.
Беларуская літаратура, бадай, адзіная літаратура, дзе няма сваіх гістарычных твораў. Стварыць іх таксама нялёгка, бо ў народа няма гісторыі. Гісторыя то ёсць, вядома, але якая яна — ніхто не ведае, нават самі беларусы. Ствараць гэтую гісторыю трэба беларускім пісьменнікам, бо гісторыкам гэтая задача непасільная — яны выракліся беларускасці: дух беларускі жыве пакуль што толькі ў пісьменнікаў.
I сёння самае надзённае і патрэбнае — гістарычная літаратура. Гэта той "святы дух", удыхнуўшы які, можа, сёй-той яшчэ ажыве. Людзям трэба сказаць, што мы не бязродныя, што мы жывём даўно і маем чым ганарыцца. I Ул. Караткевіч гэта разумее больш за каго іншага. У след за Я.Купалам ён пачаў будзіць народ, выводзіць яго са спячкі.
Калі я чытаў раман, хацелася запіць. (...) "Вярні, вярні мне бацькаўшчыну, Божа, калі Ты цар і неба, і зямлі".
Чытаў раман улетку, услед за Іванам. Пасля Я.Скрыган, Я.Брыль, М.Танк.
Я думаў, што друкаваць раман мы не будзем. Надта ж смела ставіліся многія праблемы, надта ж ён быў беларускі. А тут у Караткевіча "хвасты" розныя валачыліся.
Танк чытаў хутка, абураўся Ул.Караткевічам, пры кожным зручным выпадку яму падтаквалі А.Клышка, Р.Шкраба і Р.Бярозкін. (Пры нас жа М.Танк маўчаў — відаць, раман ускалыхнуў і Танка.)
Доўгая гаворка была — умешваўся і Я.Брыль, і мы, і ўсё ж згадзіліся друкаваць. Караткевіч стукаў кулаком аб стол, Танк гарачыўся таксама.
Касцюшку палякі лічаць вялікім палкаводцам. Суворава таксама лічаць рускія.
А дзе праўда?
I ўся гісторыя гэтак. Згадзіліся старонак на 600 — 700.
Скарачаў я з першай папкі мала. Многае хацелася пакінуць. Але ўмяшаўся І.Пташнікаў (чаму — невядома) і абрэзаў усё, што і не трэба было абразаць.
Читать дальше