Яму давалі, давалі ўсё, каб падняць яго аўтарытэт, каб з дапамогай гэтага аўтарытэта глушыць, нішчыць усё лепшае, што было, што нараджалася ў народа... Надзьмулі такі пузыр! А ён узяў ды на з'ездзе ледзь-ледзь не лопнуў... Каб не Глебка, каб не ЦК — лопнуў бы! Ды з якім бы трэскам!
I гэта яшчэ раз пацвярджае тую ісціну, што вядома ўсім: нельга рабіць усё і ні за што не адказваць. Рана ці позна, а адказваць за зробленае прыйдзецца... 3 Броўкам адыходзіць у нябыт цэлая эпоха ў гісторыі беларускай літаратуры. Цяжка, вельмі цяжка будзе лепшаму ўзяць верх над горшым. Але ўсё ж лепшае некалі пераможа горшае. Тут не трэба быць вялікім прарокам, проста трэба бачыць, як развівалася і развіваецца гісторыя...
***
Бог ты мой, калі мы дажывём да такога часу, каб можна было гаварыць праўду і не баяцца! Выступіў на секцыі, сказаў, што думаў і пра выдавецтва, і пра тое, што некаторыя нашыя "класікі" захапіліся выданнем сваіх шматтомнікаў... і ўсе пакрыўдзіліся. (...) А гэта — чакай непрыемнасцей. Праз дзень І.Навуменка сказаў — у трох чалавек, з якімі ён гаварыў, дрэннае ўражанне пра маю аповесць "Апошнія і першыя". Ну і што! Нібыта я пішу так, каб усім падабалася. I ніхто, відаць, так не піша, няма ніводнага, бадай, твора ў літаратуры, які падабаўся 6 усім. "А ларчик просто открывался" — у Навуменкі на рэцэнзіі мая аповесць. I нехта хоча адразу ж паўплываць на яе лёс...
Толькі пасля пашкадаваў, што не сказаў Навуменку, каб ён вярнуў рукапіс у выдавецтва. Нябось як пра М.Стральцова, то не слухаў нічыіх думак, напісаў рэцэнзію дадатную, хаця Ул. Дамашэвіч кнігу бракаваў... I той выдаў кнігу. А пра мяне баіцца пісаць, што думае. (...)
16.12.66 г.
Колькі часу — якога дарагога часу! — некаторыя пісьменнікі трацяць на тое, каб дабіцца ўлады, дэпутацкіх значкоў, прэмій! Каб увесь час гэты яны думалі пра свае творы, сядзелі за рукапісамі — колькі б чаго цудоўнага было створана, як бы мы пабагацелі!..
I хочацца маліцца. Божа, злітуйся нада мною, не дай і мне захварэць на гэта! Паберажы мяне...
17.12.66 г.
Я думаў, што ў Броўкі забіраюць уладу нашы старэйшыя, каб усё рабіць для народа, літаратуры. Аж не. Пакуль што яны робяць усё для сябе — шматтомнікі, кватэры, самазадаволенне ўладай. Уладкоўвае кожны свае справы. I толькі.
Пра народ, літаратуру ніхто не думае...
31.12.66 г.
Ha дварэ — адліга, а ўсюды — замаразкі, самыя сапраўдныя замаразкі. 3 №1 "Полымя" знятая аповесць А.Васілевіч. Мяняецца час. Месяц назад аповесць гэтая не выклікала 6 ніякіх сумненняў. Танк жартуе — каб можна было, узяў бы падушку ды схаваўся б у "Полымя". А "Полымя" таго, былога, ужо няма. Страчана, беззваротна страчана. Казека, пры яго асцярожнасці, "Полымя" не павядзе, як трэба было б весці. Надзея на рэдкалегію. Але калі і ў яе ўвядуць двух загадчыкаў — прозы і нарыса, і рэдкалегія будзе не тая.
О, я ведаю трошкі гэтых людзей. Яны могуць усё зрабіць, абы застацца, абы ім слава была, абы не пусціць нічога лепшага за іхнія творы... Карпаў у параўнанні з імі нішто. Давядзецца змагацца некалі, давядзецца ачышчаць зноў Аўгіевы канюшні... Пакуль Я.Скрыган у рэдакцыі, яшчэ можна будзе неяк жыць, нешта рабіць. Але яму — 62 гады. А далей, далей што?
Уладу ў Саюзе ўзялі, а часопісы, выдавецтва аддаюць каму папала. Ці то не ведаюць людзей, ці то аслепленыя ўладай...
Ідзе новы, 1967 год. Пабачым, што ён наварожыць.
Пакуль жа што, хоць на дварэ адліга, на душы — холад, мароз...
5.1.67 г.
Барацьба вакол "Полымя" не затухае. Пакуль не зацверджаны Я.Казека, кожная групоўка хоча правесці свайго кандыдата. Былі П.Кавалёў, Н.Пашкевіч (ад ЦК) — іх, кажуць, спляжыў Я.Брыль. Кавалёў (я заходзіў да яго) як не плача — "сябра сям'і", колькі я зрабіў дзеля яго, а ён..." Няма ўжо і В.Віткі, Я.Скрыгана, А.Бачылы — іх не захацелі зверху. А.Бачыла некалькі дзён хадзіў як галоўны (ён сябра Казекі). Цяпер сціх — Казеку ніхто не заве на гутарку. А тым часам да ўлады ў "Полымя" рвецца Шамякін. Няйнакш, хоча згуртаваць сілы і на наступным з'ездзе штурмаваць Танка, Брыля.
І.Мележ у Маскве. Шамякін сядзіць дома. Панчанка таксама нешта хітруе.
А погалас ідзе — хутка здаўся Сакратарыят. Не так, не так трэба было, трэба было не аддаваць абы-каму "Полымя". "Полымя" — гэта агеньчык надзеі ўсёй Беларусі. Затушыць яго — распаліць зноў будзе нялёгка...
Пташнікаў таксама калоціцца: нехта на навагоднім вечары сказаў — не бойся, усё ў цябе будзе добра. А ён чуе — ці будзе добра. Пагаворваюць, што трэба ўзяць чалавека на пераклады — гэта значыць узяць Я.Семяжона (яны з Танкам жанатыя на сёстрах, ці што?). Семяжон партыйны, і тады ён загадчык. Адамчык таксама хоча ў "Полымя". Быў у Брыля, Танка, Панчанкі, Мележа. (...) Я.Скрыган гаварыў — не магу я раіць І.Пташнікава ў рэдкалегію. Буду раіць цябе. (Мяне.) Зноў усё пачынаецца нанова — аднойчы, вясною, мяне ўжо ставілі загадчыкам. Я адмовіўся. Ніхто зразумець мяне не хацеў, што мне не трэба ўлада, што я ўлады ніякай не хачу. Я хачу пісаць, пісаць сваё, тое, што ў мяне на душы. У "Полымі" ж я таму, што мне трэба недзе зарабляць сабе на хлеб. Мая задача — як можна далей быць ад улады, каб улада не перашкаджала працы. Я паспеў пераканацца ўжо — улада, як і п’янства, загубіла не адзін талент! Талент павінен быць незалежны, ён павінен думаць пра свае творы, а не пра штосьці другое.
Читать дальше