27.11.66 г.
Пісьменнік павінен пісаць свой час. Толькі тады ён будзе цікавы сваім сучаснікам, калі ў яго творах будзе адлюстраванне сучаснасці... Без сучаснасці няма пісьменніка... Наш час — самы велічны, самы незвычайны... Лухта, якая лухта усё гэта! Быццам час, што быў раней, меней быў цікавы, мен ей велічны, мен ей незвычайны. Варта ўспомніць толькі вайну, 1937 год, калектывізацыю, рэвалюцыю... Яшчэ далей — паўстанне 1863 г., прыгон, 1812 год, і г.д., і г.д. Чым той час горшы за наш для пісьменніка? Чым лепшы наш час за той, мінулы? Толькі хіба тым, што мы жывём цяпер і не бачылі, не ведаем таго, ранейшага... Але ж жыццё чалавека — гэта яго змаганне са смерцю, з забыццём. Калі ў нас, у Беларусі, былі вялікія пісьменнікі таго часу, асталіся калі б іх творы — жыў бы для нашага народа той час. А так — яго няма, няма тых людзей, што жылі некалі. I задача наша — абнавіць тое, што было. Не ўсё, дык хоць трошкі таго... Чалавек жыў і тады, чалавек жыве і цяпер. I заўсёды яму было цяжка жыць. Не толькі таму, што яго ўсе, хто над ім, душылі, гнялі, але і таму, што ён — чалавек смяротны.
Прыйшоўшы на зямлю, ён павінен яе пакінуць, адысці. I ў гэтым — яго ўся радасць, усё гора, уся яго замілаванасць і бяда. Чалавеку трэба памагчы жыць на гэтым свеце. Ён адрокся ад рэлігіі, ад таго, што вякамі памагала яму хоць трохі ў цяжкіх выпадках, давала куды схавацца яго духу. Цяпер ён адзін на зямлі. I ён не вечны, і зямля яго не вечная таксама. I ён гэта ведае... Зоры — другая зямля — далёка, далёка ад яго... Пісьменнік — адзіны абаронца чалавека на зямлі, бо ўсё, што дасюль рабілі дзяржавы, урады для чалавека — не што іншае, як большае заняволенне чалавека, большы прымус.
Чалавеку трэба памагчы пражыць сваё жыццё на зямлі — вось асноўная задача літаратуры. Усё ж астатняе, што гаворыцца, — лухта.
Літаратура — даследаванне характару чалавека, а не фіксацыя падзей. Падзеі падаюцца толькі так, наколькі яны ўздзейнічаюць на чалавека, яго характар, псіхіку, жыццё.
10.12.66 г.
Яшчэ раз, цяпер па абавязку дзяжурнага, прачытаў "Лісткі календара" М.Танка. Калі 6 на падставе гэтых запісаў напісаць кнігу, як гэта зрабіў І.Эрэнбург, для Беларусі прагучала 6. Прагучыць дзённік і так, 6о ў ім вельмі многае перагукваецца з тым, што ёсць сёння. Часам нават не верыцца, што запісы тыя зроблены маладым чалавекам і паэтам, які не жыў у нашым часе. Пабаяўся М.Танк адкрыцца да канца, як гэта зрабіў І.Эрэнбург...
Шкода, што забіраюць яго ад нас як рэдактара. Рэдактар М.Танк быў нядрэнны. 3 ім можна было працаваць. Лепшае, што трапляла ў рэдакцыю, трапляла і на старонкі часопіса. Трапляла часам і тое, што не павінна б было трапляць. Але тут часткова і не рэдактарава віна: часопіс у Беларусі адзін, і тут хочаш не хочаш — даводзіцца быць дыпламатам. Інакш правае, рэакцыйнае крыло — а яно, на жаль, самае вялікае, з’ела б часопіс і ўсіх нас, яго супрацоўнікаў. У М.Танка — вельмі шырокая спіна, хаваючыся за яе, і нам можна было сёе-тое рабіць. М.Танку не мог абы-які кручок зрабіць заўвагу. А ў вялікіх-то часу не было, дык рабіць невялікую заўвагу не заўсёды зручна было.
Паглядзім, якое "Полымя" будзе без М.Танка. Калі прыйдзе чалавек адукаваны, са сваёй думкай — яно можа лепшым стаць, як было. Ёсць у Саюзе добрыя заступнікі, з беларускімі аўтарамі можна будзе смялей абыходзіцца. Калі ж дадуць за рэдактара выскачку, чалавека недалёкага — прапаў на нейкі час і часопіс, і ўся беларуская літаратура... Прынамсі, мне так здаецца.
Цяпер шкадую, што не рабіў запісаў з першага дня работы ў "Полымі", хаця... Час калі ж такі, што не спрыяе ані такой літаратуры, як дзённікі. I гэтыя запіскі, што пачаў рабіць, боязна трымаць у сябе. Лёс можа нечакана перакруціцца... I тое, што зроблена дзеля сябе, можа стаць супраць сябе. Ды патрошку буду папісваць. Некалі можа прыдацца, абнавіць усё па памяці будзе цяжэй.
Гаварыў з Я.Скрыганом пра Броўку. Я сказаў, што не супраць Броўкі мы на з'ездзе галасавалі, а супраць броўкаўшчыны — г.зн. яго акружэння. Таму гэта спадабалася, ён перадаў Броўку. I Броўка ўзрадаваўся: дык значыць, мяне любяць, паважаюць...
Эх, жыццё! Памрэ чалавек і ведаць не будзе, што пра яго думаюць людзі. Канечне, Броўку ва ўсім вінаваціць нельга. Час быў такі. Ён патрабаваў Бровак і нарадзіў іх. Не было б Броўкі, нехта б другі рабіў тое, што рабіў ён. Але ж ён рабіў, і гэтага ніхто яму не даруе. Мала таго, што ён рабіў, дык ён рабіў усё дзеля сябе, каб схапіць больш чыноў, прэмій, славы... Пра народ жа, другіх людзей ён успамінаў толькі тады, калі гэта падпірала яго аўтарытэт ці клала на яго цень. I тады... Тады ён аднаго хваліў, а другога... Прыйдзе час, і, я думаю, мы разбярэмся, што Броўка зрабіў для народа, нацыі. (...)
Читать дальше