— Зараз ужо абавязкова — з брыдкім слоўкам, з непрыстойнасцю, маўляў, гэта — эстэтыка распаду і гніцця — чаго ж вы: такая сама наша рэчаіснасць. Вось мы з вас белыя пальчаткі зараз паздзіраем і тыцнем носам у сапраўднае.
— Я заўважала гэты пах гніцця — яго шмат хто сёння ў нас упадабаў; быццам змаркоціліся па забароненаму раней паскудству. I пішуць гэта, ставяць і іграюць са смакам, ужо як забароненую праўду — найгалоўную. Я разумею, што падгледжана тут сёе-тое востра і дакладна. Але...
— Падгледжана, вось менавіта так, — не больш. Так і запісана, пастаўлена і сыграна. Пакрывішся — чысцюля, значыцца, ці крывадушны, грэбуеш «праўдай». Не паважаеш сённяшніх ідалішчаў у мастацтве, яго вялікасць бязглуздзіцу, вар’яцтва, трызненне і «безнадзёгу», а разам з гэтым белую гарачку, — яны кажуць: «абсурд». Значыцца — і «ку-ку» гэтую вашу нядаўнюю прэм’еру, або зусім апошнюю — пра сон начальніка медвыцвярэзніка...
— А некалі ж было: герой, характар, тып. Цяпер... Не ведаю. Ну вось ён, маўляў, такі — і шкадавання варты, і вінаваты, сёе і тое, і пятае, і дзесятае — як, значыцца, само нашае жыццё... Добра, вось ён такі, а ў наступны раз нехта іншы, і там ізноў — і тое, і другое... Як гэта растлумачыць... Ну, няма значнага характару. I тыла... I героя. Мільгае ўсё, знікае — і не трымаецца, не застаецца. А можа, я проста не разумею — усё змяняецца, і хутка. Хоць мне ж усё новае заўсёды так цікава…
Некалі: чыйсьці замежны балет у Маскве — іспанскі ці французскі — і тэлебачанне паказвае доўга, падрабязна... Яна, не адрываючыся ад экрана, амаль не змя няючы позы, глядзіць ледзь не гадзіну. «Бачыш, на поўную ступню тут крок. Харэаграфія зусім іншая, не класічная». — «Ну, і як гэта табе?» — «А вельмі цікава, вельмі... Я ж усе гэтыя па-дэ-дэ і піруэты — «Жызель» і «Лебядзінае», «Шчаўкунчык» — бачыла яшчэ ў шаснаццаць гадоў. Цудоўна. Але мне цікава: а як зараз? I як будзе потым?»
Прыпамінаю, глядзім з ёю Уладзіміра Высоцкага ў тэатры. Ён — Гамлет. У чорным трыко і чорнай майцы. Без грыма, і гітара на папрузе праз плячо. 3 дэкарацый — адна заслона-сетка, ён б’ецца з ёю, праз яе хоча прабіцца i прарвацца, ёю аддзелены ад усяго і ўсіх. Хрьпла выкрыквае-спявае пастэрнакаўскія словы: «Я один, все тонет в фар-рисействе...» Пасля спектакля вечаровае жнівеньскае сонца яшчэ не зайшло, мы ідзем уніз ад мінскага Дома афіцэраў — асфальт, зялёныя купы ліп і купал цырка скрозь іх. «Ну вось скажы — ты ж столькі рознага пабачыла на сцэне — што такое гэты Гамлет, табе падабаецца?» I яна з трохі бянтэжлівай усмешкай, быццам пераадольваючы нешта ў сабе, як і заўсёды, калі даводзіцца прызнавацца ў сваім расчараванні сярод агульнага захаплення: «Ну як табе сказаць... Гэта, вядома, цікава. Але...» — I тут доўгая паўза.— «Але — што?» - I тады ўжо нарэшце сцішаным голасам, быццам нехта можа пачуць, і як бы насуперак нечаму свайму: «Але... вось значнасці няма».
10
— У нас жа настаўнікі былі якія! Вось мой педагог Валянцін Сяргеевіч Смышляеў,— ён з другога МХАТа быў, як і іншыя, што выкладалі тады ў нашай Беларускай студыі драматычнага мастацтва ў Маскве. Дык ён жа сапраўды быў наватарам — як чалавек, мастак, які хоча і ўмее рабіць новае пасля таго, што ўжо ўзяў ад класікі. Ну, і быў ён, што завецца, «левым». Ці то жартуючы, ці то сур’ёзна абвяшчаў, «дэклараваў»: «Барада — на ілбе!» Захапляўся зрухамі, зломамі ў рэалістычна-дакладным, звыклым. Не заўсёды і не ўсё ішло ў яго гладка. Напрыклад, ставіў ён у галоўным МХАТе «Праметэя». Мастак Рындзін — а мо Вільямс? — па-ягонаму, Смышляева, падказу зрабіў нейкія неверагодныя, неабсяжныя дэкарацыі, і Праметэй павінен быў знаходзіцца недзе на высачэзных рыштаваннях над сцэнай — ён жа, па Эсхілаўскаму тэксту, прыкаваны да скалы высока ў небе. I што ты думаеш? Дайшло да генеральнай рэпетыцыі ўжо, і тут Качалаў — ён быў Праметэем — як адрэзаў: «Ну, не! Не магу я так караскацца. Не ахопліваю ўсяго гэтага. Не магу!». I ўсё — спектакль не адбыўся... А ўвогуле Смышляеў стаяў за акцёра, так сказаць, сінтэтычнага. Каб у яго і глыбіня пачуцця была, і глыбіня пластычнага выяўлення гэтага пачуцця. У нашай першай пастаноўцы, у народнай драме «Цар Максімільян», напрыклад, ролю багіні Венеры Кумярыцкай спачатку рыхтавала адна Чарназёмава, з моцнай сялянскай фігурай. Але калі Смышляеў убачыў мяне на экзаменах па танцу і рытміцы, то ролю гэту далі і мне. А танец я любіла заўсёды, з дзяцінства. Вышэйшага за танец мастацтва для мяне няма. Тады, у нашым наборы маскоўскай студыі, па пластыцы і танцу я была лепшай разам з Канстанцінам Саннікавым і Аляксандрам Ільінскім. Танец — гэта ўсё для мяне, яшчэ і да гэтай пары...
Читать дальше