Пацешныя і павучальныя гісторыі згадвалі і іншыя прамоўцы — Рыгор Барадулін, украінец Алекса Юшчанка, адзін з братоў-мастакоў Басалыгаў. Артысткі спявалі юбіляру песні. У выкананні коласаўцаў былі паказаны ўрыўкі з п'ес "Званы Віцебска" і "Кастусь Каліноўскі". Скончыўся вечар сімвалічна: Маці-Радзіма з "Кастуся Каліноўскага" спусцілася ў залу, узяла Караткевіча за руку і ўзвяла на сцэну. Тут яму акцёры ўручылі вялізную сякеру і скрутак з віншаваннем. І тое, і другое юбіляр расчулена пацалаваў.
Разыходзячыся, людзі казалі, што ўжо даўно, з часоў мележаўскіх, у Саюзе не было такіх светлых юбілеяў.
Назаўтра святкаванне прадоўжылася ў кафэ Дома літаратара. Тамадзіў і задаваў тон Рыгор Барадулін. З сардэчнымі віншаваннямі выступілі Васіль Быкаў, Сяргей Законнікаў, Ніл Гілевіч, Міхал Дубянецкі, Валодзеў дзядзька з Рагачова. Я зачытаў шматлікія тэлеграмы і паштоўкі. Юбіляр усім шчыра дзякаваў.
Пасля ўсіх выступленняў у Караткевіча зусім прапаў голас. Калі мы зайшлі да яго з рыжскім мастаком і збіральнікам беларускіх паштовак Вячкам Целешам, які якраз зрабіў юбіляру экслібрыс, гаварыў ён шэптам. Але быў поўны планаў. Паказваючы сігнальны экземпляр свайго двухтомніка, прымеркаванага да пяцідзесяцігоддзя, хваліўся, што з Міхалам Дубянецкім, дырэктарам выдавецтва "Мастацкая літаратура", склаў на бліжэйшыя гады цэлую "караткевічаўскую праграму".
Уладзімір Караткевіч ўзяў слова на VIII з'ездзе пісьменнікаў Беларусі, які стаў для яго апошнім з'ездам. Як сёння бачыцца, ён тады ледзь не найбольш пераканана і паслядоўна выступіў супраць "застойнай", кан'юктурнай літаратуры, параўнаў яе з роўняддзю. Патрэбны ж "вяршыні" і "даліны". Трэба рызыкаваць. Бо мы — "галоўная стаўка"! Сялянская стыхія меншае, беларуская мова нівеліруецца. Таму ён, Караткевіч, і пачаў пісаць дэтэктывы — каб чыталі. Затым ён рэзка крытыкаваў кіраўніцтва Саюза. У ім многа міжусобіц, "мышынай вазні". Нельга, каб яна падмяняла літаратурны працэс.
Побач з іншымі выступленне Караткевіча несумненна паўплывала на вынікі тайнага галасавання пры выбарах новага складу праўлення. Некаторыя сакратары атрымалі па сто і болей галасоў супраць. Але паколькі гэта складала меней палавіны ўсіх прысутных, то ў новае праўленне яны ўсё ж прайшлі. На першым яго пасяджэнні, пры адкрытым галасаванні, яны зноў былі выбраны сакратарамі, прытым амаль аднагалосна. Гэта расстроіла Караткевіча.
— А дзе ж сумленнасць? — сказаў ён з дакорам на ўсю залу. — Пры тайным галасаванні многія з вас былі супраць, а цяпер, выходзіць, не хапіла пораху, паказалі хвігу ў кішэні.
І гэта было своеасаблівае заключэнне пленума. Бо болей слова ўжо ніхто не браў.
У маі 1981 года пачалася для Караткевіча новая "чорная паласа". Сур'ёзна захварэла Валянціна Браніславаўна — ёй зрабілі аперацыю, але з часовым поспехам. Застаўшыся адзін, Валодзя стаў менш дбаць пра сябе. Усё часцей паўтараліся болі ў страўніку і жываце (лекары даказвалі, што гэта вантроба), дрэнна служылі ногі. Але галоўныя былі пакуты маральныя.
— Ты ж ведаеш, я не з баязлівых, — сказаў мне аднойчы, вярнуўшыся з Бараўлян, Валодзя. — І ў гарах, і ў моры ўсе здзіўляліся, што ў мяне быццам і няма інстынкту самазахавання. А тут стала страшна ад думкі, што побач пакутуе блізкі чалавек, што ўсё гэта можа дрэнна скончыцца.
— Будзем спадзявацца, што абыдзецца.
— Не абыдзецца, чуе сэрца… І нешта нервы сталі здаваць, кашмары пачалі з'яўляцца… Учора ўкольшчыца накрыла падушкай маіх тохаў, — так Валодзя называў забаўных сабачак, прывезеных з Чэхаславакіі, — горбіцца яна на крэсле, а мне ўсю ноч здавалася, што гэта пачвара за мной цікуе… Так што даруй, стары, калі можаш, што я не ў настроі.
Потым спытаў, ці паеду я сёлета на радзіму — у Расолы, Гудагай, Палушы. Даведаўшыся, што хата маіх бацькоў, пакінутая без догляду, нядаўна згарэла, Валодзя расстроіўся:
— Бачыш, і для цябе радзіма ўжо ў нечым страчана, бо няма дзе прытуліцца. Як і для мяне Орша і Рагачоў. Засталася толькі гэта хата. Але хіба тут можа быць утульна?!
Калі Валянціна Браніславаўна выпісалася з бальніцы, Валодзя паехаў на Рыжскае ўзмор'е, у Дубулты. Адпачываючы там, наведваўся ў Рыгу, да мастака Вячкі Целеша. Па просьбе Сяргея Панізніка і даследчыцы Мірдзы Абала перакладаў вершы латышскіх паэтаў, найперш Яна Судрабкална. Чытаў для "Маладосці" карэктуру аповесці "Зброя", падзеі якой адбываюцца ў Маскве напярэдадні паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.
У 1981 годзе, з вялікім спазненнем, у "Литературной газете" нарэшце ўспомнілі, што, па сутнасці, не адзначылі юбілей Караткевіча. Тэрмінова заказалі мне артыкул. Потым патрымалі некалькі месяцаў… Адкрыў я газету ў пачатку лістапада і жахнуўся: артыкул аказаўся недарэчна скарочаны, выхалашчаны. Амаль кожны сказ — нібы не твой. Праўда, Валодзя падзякаваў па тэлефоне і за такую публікацыю.
Читать дальше