Атрымаў тваю паштоўку. Дзякуй! Хаця ты і парсюк, мог бы хаця перадаць прывітанне Вальцы, тым больш што яна кладзецца на аперацыю. Ну добра. Затое я перадаю прывітанне ўсім знаным і нязнаным тваім сябрам, усім, хто табе дапамагае ў працы. Ты ж глядзі, горад і іншае аглядай толькі вечарамі, не марнуй часу, яго ў цябе мала, і прывязі з Альбіёна такую кучу цікавых адкрыццяў, каб нам за цябе не было сорамна.
Галоўнае, многа-многа зрабі, нельга занядбаць такі шчаслівы выпадак, які ў цябе здарыўся.
Моцна цісну руку.
Твой Уладзімір ".
Новая аперацыя не выратавала Валянціну Браніславаўну, і з кожным днём ёй, а з ёй і Валодзю, рабілася ўсё горш. Памерла яна ў самы апошні дзень лютага 1983 года — адначасна з Валодзевай цёткай, у якой ён жыў у Кіеве, і Міколам Прашковічам, з якім ён сябраваў у шасцідзесятыя гады. На пахаванне прыйшлі Барадулін, Брыль, Быкаў, Гілевіч, Зуёнак, Кісялёў, Някляеў, Рагойшы, супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства на чале з дырэктарам. Усіх здзівіла выступленне на могілках аднаго археолага, які ў свой час многа нашкодзіў Валянціне Браніславаўне. Але мне сказалі, што перад смерцю нябожчыца змяніла да яго адносіны і нават прасіла начальства, каб яго зрабілі старшым.
Валодзя трымаўся даволі мужна. Толькі паўтараў, што без Валі не ўяўляе сабе далейшага жыцця. Хацеў кудысьці з'ехаць з хаты, каб хоць крышку "адтаяць душой".
— Хто хацеў бы мяне прыняць, у таго малыя хаты, — жаліўся. — А ў каго вялікія, той не мае такога жадання.
З дапамогай аддзела культуры ЦК КПБ Караткевіч атрымаў тады пуцёўку ў прэстыжны санаторый на Нарачы. Але чужыя людзі, казённая атмасфера, халоднае надвор'е не садзейнічалі "адтайванню", і з "Соснаў" ён вярнуўся датэрмінова. З таго часу апеку над ім, хатнія клопаты ўзяла на сябе сястра, Наталля Сямёнаўна.
Калі 6 красавіка я прыйшоў на "саракавіны" па Валянціне Браніславаўне, то ледзь пазнаў Валодзю — так ён апух. Да таго вельмі балелі зламаныя раней рэбры. Усіх, хто прыходзіў, Валодзя сустракаў вельмі песімістычна, гаварыў, што ён ужо адпісаў і адбыў сваё. Таму Васіль Быкаў, устаўшы за жалобным сталом, згадаў словы Хемінгуэя: пакуль ты жывы, мы будзем жыць абодва… Дзеля памяці пра Валянціну Браніславаўну, дзеля літаратуры Валодзя павінен узяць сябе ў рукі і жыць, каб жыла памяць. Прыкладна такім жа быў сэнс і слова Рыгора Барадуліна, ішых сяброў. Усё гэта не падабалася Караткевічу: бачыў тут нейкі дыктат над сваёй асобай, ці што.
Выйшаўшы з-за стала, усе мужчыны сабраліся ў Валодзевым кабінеце. Седзячы на тахце, ён пачаў скардзіцца, што вось і сон у яго змясціўся: засынае ў пяць і ўстае ў дванаццаць.
— Трэба, Валодзя, праявіць сілу волі і вярнуць усё на сваё месца, — прапанаваў Быкаў.
Гэтыя словы вывелі з раўнавагі Караткевіча. Нервова зацягваючыся папяросай, ён адрэзаў — ды так, каб было несправядліва і балюча (хоць Васіль Быкаў у апошнія гады быў яму вельмі блізкі):
— І ніякі ты не ваенны пісьменнік. Асабліва пасля Льва Талстога… Любіш ставіць людзей у эсктрэмальныя сітуацыі і глядзець, што з імі будзе.
— А чаму ж не паглядзець, як будуць паводзіць сябе два павукі ў банцы або муха з мурашкай… — не то пагаджаўся, не то іранізаваў Быкаў, добра разумеючы стан і прычыны такой абвостранай рэакцыі Караткевіча.
Тут уключыўся Генадзь Кісялёў і стаў пераконваць Валодзю, што трэба больш рухацца, больш бываць на свежым паветры, больш быць гаспадаром свайго слова. Але гэта канчаткова расстроіла Караткевіча — нібы яму жадалі што благое.
Летам Караткевічу крыху палепшала. Ён зноў стаў хвалявацца за лёс помнікаў архітэктуры, розных "апальных" асоб. Некалькі разоў пазваніў з гэтай прычыны А. Т. Кузьміну, які, наколькі магу меркаваць з дзвюх тагачасных размоў, вельмі хваляваўся за здароўе пісьменніка і рабіў канкрэтныя захады, каб яго ўратаваць. Спробы, часам нават адчайныя, уратаваць Валодзю ад дэпрэсіі, рабілі і мы, ягоныя сябры. Але вынікі былі толькі часовыя. І тут Наталля Сямёнаўна рашыла, што яму трэба змяніць асяроддзе, паехаць у Оршу, дзе жыла яго пляменніца Ляля і яе муж Юра. На радзіме, здавалася, хворы павінен акрыяць.
29 кастрычніка разам з Нінай Уладзіміраўнай Адамчык, Галінай Львоўнай Кісялёвай, лекаркай з бальніцы і дачкой Наталлі Сямёнаўны Надзяй я наведаў Валодзю ў Оршы. Ён адчуваў сябе, як сам казаў, "пяцьдзесят на пяцьдзесят", лепш стаў есці, чытаў кнігі, апекаваўся катамі. Узрадаваўся нашаму прыезду. Шкадаваў толькі, што пільныя справы перашкодзілі прыехаць Быкаву і Кісялёву ("Кісялю"). Паказаў нам хату, у якой жыў (па вуліцы Касманаўтаў, 10) — яна была пабудавана адразу ж пасля вайны з бярвення, перавезенага з вёскі (месца ж знаходжання бацькоўскай хаты акрэсліў вельмі прыблізна: там усё змянілася). Разам мы выйшлі на бераг Дняпра, прыбранага ў асеннюю пазалоту дрэў. Але спусціцца па стромкім адхоне да самой ракі Валодзя ўжо не рашыўся — адмаўлялі слухацца ногі.
Читать дальше