- Не спыняйся, - папярэдзіў Рон. Яны асцярожна выслізнулі з-пад плашча і папаўзлі да люка. Па меры набліжэння да трох гіганцкіх спячых галоў, яны ўсё мацней адчувалі гарачае і зусім не прыемнае сабачае дыханне.
- Падаецца, мы зможам адчыніць люк, - сказаў Рон, зазіраючы праз галаву сабакі. - Жадаеш пайсці першай, Герміёна?
- Не, не жадаю!
- Добра. - Рон сціснуў зубы і асцярожна перасягнуў праз лапу. Затым нахіліўся і пацягнуў за кольца, умайстраванае ў вечка люка. Люк адчыніўся.
- Што там? - трывожна спытала Герміёна.
- Нічога - усё чорнае - ніякай лесвіцы, прыйдзецца прыгаць.
Гары, які старанна дудзеў на флейце, памахаў Рону, каб прыцягнуць яго ўвагу і паказаў на сябе.
- Ты жадаеш пайсці першым? Упэўнены? - спытаў Рон. - Я не ведаю, якая там глыбіня. Перадай флейту Герміёне, каб сабака не прачнуўся.
Гары перадаў флейту. Падчас секунднай паўзы сабака паспеў заварочацца і забурчэць, але, як толькі Герміёна пачала граць, зноў глыбока заснуў.
Гары перабраўся праз сабаку і зазірнуў у люк. Ніякіх прыкмет дна.
Трымаючыся за край, Гары пачаў асцярожна апускацца ўніз, пакуль не павіс на кончыках пальцаў. Тады ён паглядзеў на Рона і сказаў:
- Калі са мной нешта здарыцца, не спускайцеся за мной. Ідзіце прама ў савятню і дасылайце саву Дамблдору, добра?
- Добра, - паабяцаў Рон.
- Тады ўбачымся праз хвіліну - я спадзяюся.
І Гары адпусціў рукі. Ён стаў падаць уніз, уніз, уніз у халодную, вільготную цемру. Нарэшце…
ПЛЮХ. З прыглушаным далікатным храбусценнем ён прызямліўся на нешта мяккае. Ён сеў і памацаў вакол, вочы яго яшчэ не абвыклі да цемры. Падаецца, ён зваліўся на нейкую расліну.
- Парадак! - крыкнуў ён, уверх, у акенца святла памерам з паштовую марку - гэта была адтуліна люка наверсе, - тут мякка, прыгайце!
Рон адразу ж скокнуў. Ён прызямліўся, расцягнуўшыся побач з Гары.
- Што гэта за штука? - былі яго першыя словы.
- Не ведаю, нейкая расліна. Павінна быць, адмысловы подсціл, каб было мягчэй.
Удалечыні змоўкла музыка. Раздаўся гучны брэх, але Герміёна паспела скокнуць. Яна прызямлілася з іншага боку ад Гары.
- Мы, пэўна, на глыбіні некалькіх міль пад школай, - сказала яна.
- Як удала, што тут гэтая расліна, - адклікнуўся Рон.
- Удала?! - завішчала Герміёна. - Ды вы паглядзіце на сябе!
Яна ўскочыла на ногі і пачала прарывацца да сцяны. Ёй прыйшлося нялёгка, таму што ў тое самае імгненне, як яна прызямлілася, паўзучыя сцябліны расліны пачалі аблытваць яе ногі. Што ж датычыцца Гары з Ронам, дык яны і не заўважылі, як іх ногі ўжо былі дужа аплеценыя.
Герміёне атрымалася вызваліцца раней, чым расліна здолела як след учапіцца за яе. І зараз яна ў жаху глядзела, як хлопчыкі адчайна ваююць з ліянамі, аддзіраючы іх ад сябе, але, чым больш яны кідаліся, тым мацней і хутчэй расліна аплятала іх.
- Не варушыцеся! - загадала Герміёна. - Я ведаю, што гэта такое - гэта Сеткі Д'ябла!
- Якое шчасце, зараз мы ведаем, як яно завецца, можна памерці спакойна, - раздражнёна прахрыпеў Рон, адхіляючыся назад, каб абараніць сваю шыю ад нястомных сцяблін.
- Ціха! Я спрабую ўспомніць, як яго забіць! - прыкрыкнула Герміёна.
- Тады паспяшайся, я ўжо не магу дыхаць! - сіпла вытхнуўся Гары, аддзіраючы галіны ад грудзей.
- Сеткі Д'ябла, Сеткі Д'ябла… што ж казала Спроўт? Яно любіць цемру і вільгаць…
- Значыць, запалі агонь! - ускрыкнуў Гары.
- Так - вядома - але тут жа няма дроў! - выгукнула Герміёна, ламаючы рукі.
- ТЫ З ГЛУЗДУ З’ЕХАЛА? - закрычаў Рон. - ВЕДЗЬМА ТЫ АБО ХТО?
-Вядома! - узрадавалася Герміёна; і яна секанула палачкай, памахала ёю, пашаптала нешта, і накіравала на расліну магутнае блакітнае полымя, такое ж, якім падпальвала Снэйпа. Праз пару секунд хлопчыкі адчулі, што ліяны аслабілі хватку і адступіліся ад агню і святла. Курчачыся і выгінаючыся, Сеткі Д'ябла паступова адпускалі іх, і неўзабаве Гары з Ронам вызваліліся.
- Як добра, што ты была ўважлівая на гербалогіі, - Гары ўстаў побач з Герміёнай ля сцяны і пачаў выціраць пот з ілба.
- Ага, - сказаў Рон, - і як добра, што Гары не губляецца ў цяжкую хвіліну - "няма дроў", скажыце, калі ласка.
- Нам сюды, - Гары паказаў на каменны тунэль, які, уласна, быў адзінай дарогай наперад.
Акрамя сваіх крокаў, яны чулі толькі, як на падлогу, сцякаючы з вельмі вільготных сценаў, ціха падаюць кроплі вады. Тунэль вёў уніз, і Гары мімаволі ўспомніў "Грынгатс". Сэрца яго звалілася, калі ён успомніў, што чароўны банк ахоўваецца драконамі. Калі ім сустрэнецца дракон, дарослы дракон – ім і Норберта было больш чым досыць…
Читать дальше