Фаўст. Вагнер.
Фаўст
Сплылі па рацэ крыгі шумнай паводкі
Пад ветразем добрай красуні-вясны —
Даліны рунеюць, п’яніць пах лясны.
Сівая зіма баль спраўляе кароткі
Між горных уцёсаў і змрочных цяснін.
Адтуль яна, лютая, злосна яшчэ
Вятрыскамі, колкаю снежнай парошай
Па ніве ўзрунелай і пашы сячэ,
Ды сонца ўжо лашчыць праменнай раскошай.
Бягуць ручаіны, гамоняць заўзята,
Прыродзе і людзям аднолькава — свята.
І хоць не цвітуць ні лугі, ні палі,
Дык людзі затое паўсюль расцвілі.
Глянеш з гэтае гары
На вароты, на муры —
Як са змрочных тых варот
Валам валіцца народ!
Сагрэцца пара, разгавецца з паста,
Ўваскрэсенне адсвяткаваўшы Хрыста.
І самі ўсе людзі ўваскрэслі нібыта.
З хацінак закураных, нізкіх, гнілых,
З майстэрань і крам, ад катла і карыта,
З гарышчаў, скляпоў, ад памрочышчаў злых,
Ад працы натужнай, халоднай галечы,
Ад нудных, уедлівых хатніх турбот,
Ад змрочна-ўрачыстай царкоўнай пустэчы
Спяшае на ўлонне прыроды народ!
Ты бачыш, як люд па раздольнай даліне
Расплыўся — гуляюць, танцуюць, пяюць
І як на рачной на паводкавай плыні
Вясёлыя лодкі гарэзна снуюць.
Апошняй лодка адплывае,
Нагружаная цераз верх.
І на сцяжынках гор лунае
Залівісты, свавольны смех.
Бруіцца гоман на паляне,
І залівае радасць луг;
Я ведаю, — там, дзе сяляне,
Жыве мой чалавечы дух.
Вагнер
Мне, пане доктар, не на шкоду
Вандроўкі нашыя пяшком;
Але, на вашым месцы, зроду
Не знаўся б з грубым мужыком.
Варожыя іх песні, танцы,
Іх скрыпкі, кеглі, карагод;
Як чэрці ў пекле галадранцы,
А вы мне кажаце — народ!
Сяляне (пад ліпаю; песні, гулянка)
На фэст прыбраўся раз пастух:
Надзеў каптан і капялюх —
Апошні шык, дый годзе!
Пад ліпаю людзей-людзей!..
Музыкі, смех — аж дол гудзе!
А смык той чортам ходзе!
Вух-ха! Юх-ха!
Вух-ха! І га-га-га!
Хлапчына ў гурт бачком-бачком —
І дзеўку злёгку плечуком
Штурхель! — а сам не лысы.
Яна зірнула строга: «Ах!
А каб ты скіс, а каб ты спрах!
Не адварочвай пысы!»
Вух-ха! Юх-ха!
Вух-ха! І ого-го!
Адразу спетрыў спрытны зух,
Пад пахі дзеўку, скок — у круг!
І — дайце ж рады пары!
Гараць іх шчокі, нібы мак,
Рука ў руцэ — агонь юнак!
…Сукенкі, локці, твары…
Вух-ха! Юх-ха!
Вух-ха! І гы-гы-гы!
«Вам толькі б грэцца ля спадніц,
Я знаю вас — шукай дурніц!
Чаго тут заляцацца!»
Ён ціха ўбок! — пад струнны зык —
Ад ліпы, смеху і музык!
А ўподручкі з ім… цаца!
Вух-ха! Юх-ха!
Вух-ха! І хі-хі-хі!
Стары селянін
Пан доктар, вы вучоны муж,—
Тым болей радуемся мы,
Што не пагрэбавалі зноў
Прыйсці да нашае гурмы.
Найлепшы кубак падаём:
І асвяжальны наш напой
Няхай патоліць смагу вам,
Няхай у сэрца лье спакой,—
І кропель колькі ў гэтым шкле,
Хай столькі дзён вам бог пашле!
Фаўст
За гонар дзякую. Я п’ю
За вашу дружную сям’ю.
Людзі збіраюцца навокал яго.
Стары селянін
Дальбог, мы рады ад душы,
Што вы прыйшлі ў святочны час,
Хоць, праўда, і ў благія дні
Наведвалі вы часта нас!
Нямала тут стаіць людзей,
Якім калісь жыццё збярог
Нябожчык бацька ваш, калі
Прагнаць паморак дапамог;
Яшчэ тады, бывала, з ім
Хадзіў да хворых і юнак!
Ах, колькі згінула ў той час,—
Вас бараніў гасподзь, аднак.
З нягод ліхіх, цяжкіх вы цэлы выйшлі,
Збярог збавіцеля збавіцель вышні.
Усе
Няхай здароўе ваша, пане,
Зарукай дапамогі стане!
Фаўст
Маліцеся Таму, які ўгары! —
За веды, розум і дары!
(Ідзе з Вагнерам далей.)
Вагнер
Што адчуваеце вы, муж вялікі,
Калі вітаюць вас натоўпу крыкі?
Шчаслівы, хто пасля ліхіх турбацый
Дажыў да гэтакіх авацый!
Усе бягуць, нібыта ў ліхаманцы,
Таўкуцца, з любасцю на вас глядзяць,
Угору шапкі скрозь ляцяць,
Змаўкае скрыпка, ціхнуць танцы.
Народ на шпацыры, на пагулянцы
Каб трохі — у святым маленні
Прад вамі стаў бы на калені.
Фаўст
Давайце, дружа мой, з дарогі
Мы адпачнём на тым каменні,
Дзе ў пост галодны, пост убогі
Я кленчыў чыста ў задуменні,
З надзеяй верачы яму,
Маліўся, слёзна ўзносіў рукі,
Благаў, каб вызнаў нашы мукі
І адагнаў ад нас чуму.
Хвала натоўпу мне — дакор!
Бо сэрца кажа: тая слава,
Якою цешуся да гэтых пор,
Мне так дасталася без права.
Мой добры бацька праблукаў
Каля таемнасці натуры,
Свядома нішчыў дух пануры
І думак строй па-свойму ткаў;
Ён у кампаніі адэптаў
На чорнай кухні мудраваў
І ўедліва шукаў рэцэптаў,
Як спрэчнае з’яднаць у сплаў.
Лілея і залётнік — леў чырвоны,
Вянчаныя ў купелі тут,
Загнаныя ў агонь шалёны,
Для шлюбнай тайнасці шукалі кут.
І вось у фарбах дзіўных з’яў
З рэторты юная царыца
На пошасць выйшла падзівіцца. {18} 18 Мой добры бацька праблукаў…/На пошасць выйшла падзівіцца. — Расказваючы пра лекарскую практыку бацькі, Фаўст мае на ўвазе апісанне доследаў алхімікаў па здабыцці «каменя мудрасці», які павінен даць золата, мудрасць і вечнае жыццё. У лабараторыі (чорная кухня) спалучаюцца (вянчаюцца) сера (чырвоны леў) з вокісам ртуці (лілея — срэбра або саляная кіслата) у гарачай вадзе (купель) на слабым агні. Доследы паўтараюцца з ужываннем розных рэактываў (для шлюбнай тайнасці шукалі кут). Юная царыца — дэстылат, «амалоджаная зямля», дачка цара Льва і царыцы Лілеі. Адэпт — алхімік, залатароб; прыхільнік, супольнік, уведзены ў тайны алхіміі. Юная царыца — таксама камень мудрасці.
Тым часам люд сабе канаў.
І эліксірам тым пякельным мы
Сярод лугоў, сярод тутэйшых гор
Людзей лячылі ад чумы —
Але атрутай не спынілі мор.
І вось мяне, забойцу, славіць хор!
Читать дальше