…Што з’едліва так, чэрап, шчэрыш зубы?
Блукаў упоцемках, як здань, як цень,
Як я, шукаючы свой светлы дзень,
Твой мудры валадар да дня загубы.
І вы, рэторты, колбы, стойкі, рамы,
Не насміхайцеся, пакіньце кпіць.
Ключы шукаў я да пазнання брамы,
Аднак не здолеў браму адчыніць.
Калі ўначы пад непраглядным змрокам
Схаваных таямніц не выкраў ты
Ні розумам сваім, ні сэрцам і ні зрокам, —
Навошта тыя рычагі, вінты,
Якія бацьку прывялі ў труну,
І фаліянтаў закурэлых кучы,
Якіх даўно ўжо цвілі дух крануў.
Чаму ж не кінуў я абрыдлы свой катух?
Не прамантачыў, кінуўшыся ў вір кіпучы,
Маёмасці, што ў спадчыну даецца,
Каб выпасвіць на старасці трыбух
І грэць ва ўцехах бестурботных сэрца? —
У крук сагне ашчаджаная тхліна —
Жыві лепш тым, што дасць табе хвіліна.
Але чаму, нібы магніт, у змроку ночы
Флакон так вабіць мае вочы,
І светлым робіцца начны абшар,
Нібыта месяц выглянуў з-за хмар.
Вітаю я цябе, адзіны мой фіял,
Здымаючы з паліцы трапяткой рукою!
Цябе, увасабленне міру і спакою,
Чый змест глыбокі многім — ідэал,
Цябе, плён розуму людскога свету,
Крыніцу творчага, смяротнага імпэту —
Цябе прашу, не адмаўляйся другу
Зрабіць апошнюю паслугу.
Цябе пабачыўшы, пакуты забываю,
Таймую буру я, калі цябе трымаю.
На моры, што ў душы, мне ўжо адліў відзён.
Прасторы чыстых сініх вод
Мяне завуць, імкнуць і вабяць у паход
Да новых берагоў, да новых дзён.
Злятае агнявая калясніца
Да ног маіх. І ад зямной хімеры
Гатовы я ў эфір на ёй узвіцца
У новыя нязведаныя сферы.
Высокае жыццё, нябёсаў дух лагодны!
Але, чарвяк, ці варт яго, ці годны?
Так, варты! Дык рашуча, смела
Ад сонца адвярніся, што зямлю прыгрэла,
І браму адамкні, адолеўшы свой страх,
Якога ўнікнуць кожны быў бы рад,
І дакажы, што ты не сцерты ў прах,
Што дзейнасць чалавека з божай стане ў рад,
Што ты скарыць фантазію нарэшце змог,
Што ні агонь пякельны, ні ўяўленні
Не скаланулі вусцішна твае калені
І ты пераступіў таемнасці парог,
Што весела, спакойна робіш гэты крок
Перад пагрозай адысці ў адвечны змрок!
Пакінь свой футарал, святы сасуд,—
Хай спраўдзіцца апошні мой прысуд!
Забыў я пра цябе ў сваіх мурах.
А некалі ж ты быў лякарствам ад дакукі
І ззяў раскошаю на дзедаўскіх пірах,
Калі цябе перадавалі з рук у рукі,
Дзівосны ўзор мастацкае разьбы —
(Па звычаю, хто п’е, павінен на пацеху
Тлумачыць так, каб клаліся ад смеху)
Напомніў дні юнацкае гульбы.
Цяпер цябе не перадам суседу,
Дасціпнасцю сваёй не ажыўлю бяседу.
Прыму ж пітво смяротнае, якое
Абраў я спрагненай душою,
І ў полымі яго згару.
Апошні раз я п’ю. Вітаю новую зару.
(Падносіць чашу да вуснаў.)
Званы і харальнае песнапенне.
Хор анёлаў {15} 15 Хор анёлаў. Хор жанчын. Хор вучняў.— Хор у саборы. Сцэна вытрымана ў форме папераменных спеваў свяшчэнніка і хору. Строфы перадаюць біблейскія тэксты з Евангелля паводле Мацвея (27 і 28 — І хор анёлаў), Лукі (24 — хор жанчын і ІІ хор анёлаў), Іаана (19 і 20 — хор вучняў і ІІІ хор анёлаў).
Уваскрэс Хрыстос!
Мір вам, самотныя,
Целам смяротныя,
Духам гаротныя,
З неба прынёс!
Фаўст
Але чаму, якая раптам сіла
Фіял, да губ паднесены, спыніла
І адвяла мяне ад чорнае труны?
Ці не ўваскрэсення імгненне
Вяшчаюць медныя званы
І пра маё другое нараджэнне
Над плашчаніцаю гудуць яны? {16} 16 Над плашчаніцаю гудуць яны. — Плашчаніца — покрыва з вобразам Ісуса Хрыста. Выстаўляецца ў царкве за два дні да Вялікадня, у «вялікую пятніцу».
Хор жанчын
Пахкім бальзамам
Масцілі і палівалі,
Цела ягонае самі
Саванам мы спавівалі.
Мы клалі святыню
У дамавіну.
Як, сыне мілы,
Ты ўзнёсся з магілы?
Хор анёлаў
Уваскрэс Хрыстос!
Богаславёны
Той, хто ягоны
Богам цалёны
Ушаноўвае лёс!
Фаўст
О гукі божыя магутнасці, лагоды,
Навошта прыляцелі вы ў закутак шэры?
Лунайце там, дзе ёсць пачуцці згоды —
Я чую вестуноў, але не маю веры.
Усякі цуд — ёсць веры любае дзіця.
Я не магу ўзляцець у тыя сферы,
Адкуль гучыць прызыўны кліч жыцця,
З маленства мне знаёмы гэты звон,
І сёння зноў мяне чаруе ён!
Хацеў я ўпіцца пацалункамі нябёс,
Суцішыць плоць у засені суботы,
І вось парушаны мае турботы:
Званы мне прадказалі іншы лёс —
Сум непазбыўны па гарачым леце,
Лугах у россыпе крыштальных рос,
І праз смугу нявыплаканых слёз
Угледзеў я сябе ў інакшым свеце.
У мне раптоўна песня абудзіла
Юнацкай радасці паток,
І неадольных успамінаў сіла
Цяпер загубны стрымлівае крок.
Я плачу! Дык гучы, хвала харала!
Зноў да зямлі мяне ты прыкавала!
Читать дальше