Гасподзь
Люблю такіх, як ты, аблуда-чорт.
Калі знагодзіцца, заўжды заходзь
І ведай — ад сваіх шчадрот
Цябе адорыць ласкаю гасподзь.
А Фаўст слабы, бо цішыню шануе,
Пакорліва жыве самотніцкі ізгой.
Каб раздражніць, узбунтаваць спакой,
Я сябра дам яму, што ўсё руйнуе.
(Да архангелаў.)
А вас, сыноў сапраўдных рая,
Няхай уцешыць прыгажосць святая,
І вечна творчы дух нябёс
Любоўнай лучнасцю няхай павяжа,
А ўсё няпэўнае, няяснае, як лёс,
Няхай ахопіць думка ваша.
Неба зачыняецца. Архангелы разыходзяцца.
Мефістофель (адзін)
А мне ў дзядка штораз мілей!
Чаго сварыцца з ім! — Стары
І чорту шчодры на дары,
Аж з вуснаў капае ялей!
Ноч {8} 8 Раздзел напісаны ў розныя гады. Пачатак — крытыка універсітэцкай дзейнасці — датуецца прыблізна 1771 г., выкліканне Духа Зямлі і дыялог з Вагнерам — 1774–1775 гг., канец сцэны — 1797–1801 гг.
Цесны гатычны пакой з высокім скляпеннем. На крэсле за сталом устрывожаны Фаўст.
Фаўст
Я філасофію вучыў, і права,
І тэалогію, і медыцыну.
Здаецца, бачу ўсё яскрава,
А ў галаве калі прыкіну,
Дык хоць чытаў я процьму кніг,
А глузду не набраўся з іх.
Магістр я, доктар — а між тым
Гібею ў склепе пыльным і пустым
І дзесяць год наўпрост-наўскос
Ваджу людзей даверлівых за нос,
Хоць і падказвае мне сэрца,
Што нельга да ўсяго даўмецца.
Прафанаў я ў навуках абышоў:
Магістраў розных, дактароў, папоў,
Не ведаю сумненняў я, адчаю
І перад пеклам боязі не маю,
А ўсё ж без радасці жыву — не знаю,
Ці ключ да ісціны трымаю,
Ці ў тайны вучням адчыняю дзверы,
Ці далучаю іх да шчырай веры.
Не маю ні набыткаў я, ні грошай,
І славы гэтак жа няма харошай —
Сабака так не мог бы жыць!
І вось пачаў я варажыць,
Спадзеючыся, што адвечны дух
Мне разамкне таемнасці ланцуг,
Каб ведаў я, што гавару,—
Ці злу служу я, ці дабру,—
Каб сувязь рэчаў разгадаць
І тлумачэнне думцы даць,
Каб дзеянняў спазнаць асновы,
І перакласці іх дакладна ў словы.
О, на пакуты з вышыні,
Мой месячык, хоць раз зірні:
Як я над кнігамі ўсю ноч
Нядрэмных не заплюшчыў воч.
Зірні і сумны свой прывет
Пашлі ў абрыдлы кабінет!
О, каб узняцца мне да гор,
Лунаць, як дух, каля пячор,
Турбот няпэўнасці пазбыцца,
Расой гаючаю абмыцца
І вызваліць душу і рукі
Ад марнасці пустой навукі!
Няўжо да гэтае пары
Не вырвуся з глухой нары,
Дзе і нябеснае святло
Ледзь-ледзь прасочваецца ў шкло,
Дзе стосы кніг маіх пад столь —
Вучоных доследаў клады —
Чарвяк стачыў, паела моль
За ўсе бясплённыя гады.
Сядзіць, як здань, убогі дзед,
А на стале прабірак строй,
Прылады складзены гарой.
Такі твой свет! І гэта свет?!
Пытаешся, чаму туга
І роспач у душы расце,
Чаму няпэўнасці смуга
Бадзёрасць гасіць, дух гняце? —
Твая стыхія не цяпло,
Якім гасподзь сагрэў людзей,
А павуціна, пыл і тло
І холад нежывых касцей.
Бяжы на волю! Кінь бярлог!
Ці ж таямнічы Нострадам {9} 9 Ці ж таямнічы Нострадам… — Нострадам (Мішэль дэ Нотр-Дам, 1503–1566) — лейб-медык і астролаг французскага караля Карла ІX, аўтар кнігі прароцтваў.
Табе парадай не памог?
Не стаў апораю? Ты там
Спазнаеш без усіх свяціл
І выверыш прыроды рух,
Духоўных набярэшся сіл
І будзеш з духамі, як дух.
Наш чэрствы розум тых радкоў
Святых не растлумачыць, не!
Вы, духі, тут, з усіх бакоў! —
Прашу вас, адкажыце мне!
(Разгортвае кнігу і бачыць знак Макракосму {10} 10 Разгортвае кнігу і бачыць знак Макракосму — Макракосм — разумна ўпарадкаваны свет. Згодна з містычна-кабалістычным вучэннем, існуюць тры светы: элементарны (стыхійны, матэрыяльны), нябесны і наднябесны (духоўны), якія складаюць свет, макракосм. Што ёсць у адным свеце, тое мае аналогіі і ў астатніх. Знак Макракосму — шасцікутная зорка.
.)
Га! Знак чароўны раптам зноў
Усімі думкамі і сэрцам авалодаў,
І кроў застылая, старая кроў
Юнацкіх прагне асалодаў.
Той, пэўна — бог, хто склаў радкі,
Што бунт унутраны таймуюць,
Уцехай сэрца беднае чаруюць;
Мне знакі геніяльнае рукі
Па-свойму сэнс жыцця трактуюць!
Ці сам я бог? Мне ж ясны да канца
Аб дзейнасці прыроднай сілы словы,
Я разумею праўду мудраца
І споведзі ягонай сэнс суровы:
«Для нас свет духаў не замкнуты,
Але на розуме ў нас путы;
Стань, вучань, і пунсом зары
Зямныя грудзі абатры!» {11} 11 Я разумею праўду мудраца…/Зямныя грудзі абатры! — Пакладзеная на вершы цытата з Сведэнборга, шведскага містыка і натураліста (1688–1772). Паводле яго вучэння, замагільны свет складаецца з аб’яднання духаў; духапразарліўцы могуць зносіцца з духамі толькі пэўнай, даступнай ім сферы і толькі пасля таго, як дасягнулі найвышэйшай ступені маральнай дасканаласці. Гётэ выкарыстоўвае многія палажэнні спірытызму Сведэнборга як паэтычныя вобразы.
Читать дальше