Двор замка, акружаны багатымі фантастычнымі сярэдневяковымі пабудовамі
Панталіда
Цярпення, розуму ў жанчын — ні каліва!
Вы лёсу забаўкі, ахвяры моманту.
Ні ў долі, ні ў нядолі вы не ўмееце
З належнай годнасцю явіць характар свой.
Прывыклі супярэчыць вы адна адной,
І ў шчасці, і ў няшчасці толькі плачаце.
Заціхніце! Чакайце мудрай уладарніцы.
Алена
О, дзе ты, Піфаніса {229} 229 О, дзе ты, Піфаніса… — Піфаніса (Піфія) — імя дэльфійскай вяшчункі.
, будзь прыхільная!
Не пакідай нас у памроччы замкавым!
Калі правадыру чужынцаў з поўначы
Пайшла сказаць, што мы сюды з’явіліся,
Тады я дзякую! Вядзі ж палонніцу —
Хачу спакою я, канца вандроўніцтву.
Панталіда
Дарэмна ты, царыца, азіраешся,
Старая знікла: можа, засталася там
У мгле, з якой мы выйшлі так загадкава
На гэтае дварышча незнаёмае,
Альбо блукае ў лабірынце замкавым,
Са многіх дзіўных прыбудоў утвораным,
Шукаючы на учту ганаровую
Гаспадара. Глядзі, ўгары пад вокнамі,
На галерэях і ў шматлікіх порціках
Натоўпы слуг ужо замітусіліся,
Прыём належны нам, відаць, рыхтуючы.
Хор
Сэрца б’ецца вальней!
О, зірніце туды!
Як па лесвіцы ўніз крокам лёгкім да нас
Рад у рад юнакі роўным цугам ідуць.
Чый спаўняюць загад, хто паслаў юнакоў?
І каго сустракаюць урачыста яны
У адзенні святочным спяшаюць сюды?
Як узрушана я! Як прыгожа ідуць,
На падбор малайцы, кучаравыя ўсе,
Шчочкі-персікі, мяккі пушок на губах —
Адкусіла б, здаецца, кавалачак я.
Адкусіла б, ды страх: як бывала не раз —
Раптам попелам возьмуцца вусны.
Хлопцы прыгожыя
Ўжо набліжаюцца,
Моўчкі прыносяць
Трон і ступені,
Сцелюць дыван,
Ставяць над тронам
Балдахін каляровы —
Воблачкам над галавою
Царыцынай
Ён урачыста плыве.
Самавіта ўзыходзіць!
Станьма, сёстры, і мы
Поруч з царыцай!
Слаўся, о слаўся тройчы,
Ушанавання дастойнага час!
Усё, што абвяшчае хор, паступова выконваецца. Пасля таго як доўгі цуг пажаўі збраяносцаўсышоў уніз, угары на лесвіцы паказваецца Фаўсту сярэдневяковым рыцарскім убранні і павольна, з годнасцю таксама сыходзіць уніз.
Панталіда (уважліва яго разглядваючы)
Калі яму паставу зграбную,
Прывабнасць і манеры далікатныя
Не на кароткі нейкі час пазычылі,
А назусім далі, на векі вечныя,
Тады з удачай будзе неразлучны ён:
На полі бою пераможа воіна,
А ў бітве сэрцаў — прыгажуню першую.
Я ўпэўнена, ніколі не зраўняецца
Ніхто з мужчын, якіх я толькі ведала,
З мужчынам гэтым. Вось ён набліжаецца,
Пачціва, велічна. Вось князь наблізіўся.
Царыца, азірніся на дастойнага!
Фаўст (падыходзячы з закаваным Лінкеем)
Царыца! Я замест прыветных слоў,
Якімі твой прыход адзначыць трэба,
Прывёў у кайданах раба, які
Забыў пра абавязак свой і гэтым
Мяне магчымасці пазбавіў ён
Гаспадара свяшчэнны абавязак
Належна споўніць. Стань, нікчэмны раб,
Перад царыцай светлай на калені
І павініся перад ёй. Царыца,
Слуга, надзелены выдатным зрокам,
Пастаўлены на вежу аглядаць
Палі, лясы, бязмежны схіл нябёс
І ўсё, што толькі з’явіцца ў даліне,
На схілах гор, на беразе ракі,—
Што йдзе да крэпасці — няхай то статак,
Няхай то войска. Статак мы захопім,
А ворага паб’ём. Вялікі грэх!
Ты — тут, а ён, злачынны, — не даносіць!
І па яго віне мы не сустрэлі
Высокай госці. Смерць ён заслужыў!
Карай яго ці літуй, о царыца!
Алена
Вялікай годнасцю суддзі, царыцы
Мяне ты адараеш, хоць, магчыма,
Выпрабаванне хочаш мне зрабіць.
Але судзейскі абавязак споўню
І з допыту няшчаснага пачну.
Лінкей (вежавы дазорца)
Загадай, краса-царыца,—
Кару ўсякую прыму,
Каб і ў смерці пакарыцца
Слову першаму твайму.
Золак ранішняй парою
Шле з усходу нам святло,
Раптам, — дзіва! Прада мною —
З поўдня сонейка ўзышло.
Я не ўбачыў край бясконцы,—
Сініх гор, зялёных ніў,
Я на гэтым ясным сонцы
Позірк здзіўлены спыніў.
Мой рысіны зрок і ўночы
Не падманвае мяне.
Сёння ж днём аслаблі вочы —
Я ўсё бачыў, нібы ў сне.
Замільгалі ў мглістай плыні
Вежы, хмары, горны стан,—
Раптам светлы твар багіні
Выплывае праз туман.
Читать дальше