Аўтар
У нашы дні хіба вар’ят
Глыбакадумнае чытае.
І моладзі ж усё не ў лад —
Маіх тварэнняў не прымае.
Мефістофель (раптам робіцца вельмі стары)
Народ чакае! Скора суд у сатаны,
На Брокен я іду апошні раз;
Уломак я стары, агонь крыві пагас,—
Да заняпаду блізкі свет зямны.
Ведзьма-старызніца
Панове, годзе крыку, свар!
На выбар вам прынесла транты!
Хоць вокам кіньце на тавар —
Гэй, налятайце, рызыканты!
Не бойцеся па-чалавечы
Старога хламу, барахла —
Няма такой у торбе рэчы,
Каб не рабіла людзям зла:
Кап’я — каб кроў не пралівала,
І чаш, з якіх прыняўшы яд,
Ахвяра здрады не канала,
Няма ніводнае з прынад,
Каб маладых не спакушала,
Мяча, які б не сек галоў
Ці ў плечы сябра не калоў.
Мефістофель
Неразуменне духу часу ў цёткі.
Няхай старызна спрахне ўся ў казне.
Не пры на торжышча старыя шмоткі,
Давай дарогу навізне!
Фаўст
Кіпіць, бушуе Брокен ваш —
Вось гэта гандаль, вось кірмаш!
Мефістофель
Дзе ж тут прапхнуцца, дзе праткнуцца,
Калі ўсе толькі ўгору пруцца.
Фаўст
Мефістофель
Прыгледзься, гэта дама —
Ліліт! {90} 90 Прыгледзься, гэта дама — /Ліліт. — Ліліт — паводле кабалістычнага міфа, першая, яшчэ да Евы, жонка Адама, створаная богам разам з Адамам. Яна забіла народжаных ад Адама дзяцей, за што была ператворана ў дэманічную істоту, апанаваную ненасытнай німфаманіяй.
Фаўст
Мефістофель
Ну — жонка першая Адама.
Прыгожых бойся валасоў —
Яны чароўныя ў яе,
Кранеш — умомант прыкуе
І волю дасць няскора зноў.
Фаўст
А тыя дзве: малодка і бабуся?
Натанцаваліся і адышліся ўбок.
Мефістофель
А нешта сёння я не разбяруся:
Самога пацягнула ў скок!
Фаўст (скача з маладою)
Дзівосы змучылі мяне:
Угледзеў яблыньку я ў сне —
На ёй два яблычкі гараць,
І я палез, каб іх сарваць.
Прыгажуня
Вы перабралі цераз край,
Таму не трапіць вам у рай,
Я рада за даспелы сад,
За яблычкі маіх прынад.
Мефістофель (скача са старою)
Дзівосы змучылі мяне:
Я дрэва бачыў сёння ў сне —
А ў дрэве чорнае дупло,
Што даспадобы мне было!
Старая
З паклонам бусяю ў руку
Дуплістых дрэваў знатаку.
Мяркую, рыцар капытоў
Заткнуць дупло заўжды гатоў!
Проктафантасміст {91} 91 Проктафантасміст — «задапразарлівец» (ад гр. proctos — зад і phantasma — бачанне). Гэтым персанажам Гётэ высмеяў свайго літаратурнага праціўніка, выдаўца і даследчыка-натураліста Хрысціяна Фрыдрыха Нікалаі (1733–1811). На пасяджэнні Берлінскай акадэміі навук Нікалаі заявіў, што вылечыўся ад галюцынацый пры дапамозе п’явак, якіх ставіў сабе на ягадзіцы.
Як смелі вы наладзіць баль такі!
Ці ж не даказваюць мае трактаты —
Цялесных ног не мае дух пракляты!
А вы тут скачаце, як мужыкі!
Прыгажуня (у танцы)
А гэта хто, чаго прыйшоў сюды?
Фаўст (у танцы)
Ён там, дзе шкода, круціцца заўжды.
Калі хто скача, ён цаніць бярэцца,
Наш кожны крок, наш кожны скок
Яму стаіць у горле папярок.
Калі наперад пойдзеце — злуецца,
Калі ж на месцы будзеце таптацца,
Як гэта вечна робіць ён,
Калі яшчэ адвесіце паклон,—
Тады віватаў можна дачакацца.
Проктафантасміст
Вы тут яшчэ? Не, сіл маіх няма!
Прэч! Прэч! Тлумачыў вам, а ўсё дарма,
Нячысцікі, трымайцеся свайго напрамку,—
А вы прыматкабожыліся ў замку! {92} 92 А вы прыматкабожыліся ў замку. — Маецца на ўвазе замак Тэгель — маёнтак вядомага нямецкага лінгвіста Вільгельма Гумбальта (1767–1835), у якім нібыта вадзіліся прывіды. Нікалаі нават апісаў, як гэтыя здані даймалі яго ў 1797 г.
Ах, столькі чорта ганьбіў я, а ўсё дарма!
Балюе чорт! Не, сілы больш няма!
Прыгажуня
Ты нам абрыд, назола, кінь бурчаць.
Проктафантасміст
А я скажу, няма чаго маўчаць —
Мне духаў дэспатызм не даспадобы,
Ён мне, як немач у вантробы.
Скокі не спыняюцца.
Вас, пэўна, не схілю служыць дабру,
Але я веру ў поспех гэтай справы,
Я веру — прыйдзе час трыумфу, славы,
Калі паэтаў і чарцей угавару.
Читать дальше