— Ты невыносны.
Яна пляснула па падушцы, нібы тая была маім тварам. На некалькі хвілін яна замоўкла, а потым сказала бязлітасна:
— Ты нават не пацікавіўся, ці пераспала я з ім.
— Прабач. Ты з ім пераспала?
— Не. Але ён папрасіў, каб я правяла з ім ноч.
— На зваленых у кучу крэслах?
— Заўтра я абедаю з ім у рэстаране.
Нарэшце яна дамаглася свайго. Я не мог болей стрываць сябе. Я сказаў:
— Хто ж, зрэшты — чорт бы яго ўзяў, — гэты Філіп Шанцье?
— Вядома, той галодны малады чалавек.
— Ты збіраешся есці з ім каву з булачкамі?
— За абед заплачу я. Ён надта горды, але я яго пераканала. Ён павядзе мяне ў такое месца, дзе вельмі танна і ціха — нешта накшталт студэнцкай кавярні.
— Вось і добра, — сказаў я, — бо я таксама збіраюся паабедаць з адной жанчынай, з якой пазнаёміўся сёння ў казіно.
— Хто ж гэта?
— Мадам Дзюпон.
— Гэта яе сапраўднае прозвішча?
— Я не маю права назваць яе сапраўднае прозвішча. Мне не дазваляе зрабіць гэтага яе жаночая годнасць.
— Хто яна?
— Яна выйграла шмат грошай у бакара сёння ўвечары, і мы з ёй перакінуліся некалькімі словамі. Яе муж нядаўна памёр, яна яго вельмі кахала і цяпер імкнецца пазбавіцца сваёй журбы. Я думаю, што яна хутка знойдзе суцяшэнне, жанчына яна маладая, прыгожая, разумная і багатая.
— Дзе вы будзеце абедаць?
— Разумееш, сюды прывесці яе я не магу — пойдуць непатрэбныя размовы. Апроч таго, яе добра ведаюць у Sаllе Рrіveе. Яна прапанавала паехаць у Каны, дзе нас ніхто не ведае.
— Добра, толькі асабліва не спяшайся дамоў, бо я буду позна.
— Тое самае хацеў я сказаць табе, дарагая.
Такая вось была ў нас тая ноч. Калі я ляжаў без сну і ведаў, што яна гэтаксама не спіць, — я думаў, што ва ўсім вінаваты Гом, бо гэта ён разбурае зараз наш шлюб. Я сказаў:
— Любая, калі ты адмовішся ад свайго абеду, то я зраблю тое самае.
Яна адказала:
— Я нават не веру ў твой абед з жанчынай. Ты яе выдумаў.
— Клянуся табе — слова гонару — я абедаю з жанчынай заўтра вечарам.
Яна сказала:
— Я не магу падвесці Філіпа.
Я падумаў пахмурна: цяпер я ўжо проста абавязаны паабедаць з жанчынай: але ж дзе — чорт пабяры — я змагу знайсці тую мадам Дзюпон?
За снеданнем і ленчам мы былі падкрэслена далікатныя адно з адным. Надвячоркам Кэры нават пайшла са мной у казіно. Па-мойму, толькі дзеля таго, каб пабачыць там маю знаёмую. Так здарылася, што якраз за адным сталом з намі сядзела нейкая маладая жанчына надзвычайнай прыгажосці, і Кэры, вядома ж, зрабіла адпаведны вывад. Яна паспрабавала прасачыць, ці не абменьваемся мы позіркамі, і, нарэшце, не магла ўжо болей стрымаць сваю цікаўнасць:
— Ці не збіраешся ты пагаварыць з ёю?
— З кім?
— З той дзяўчынаю.
— Не разумею, каго ты маеш на ўвазе, — сказаў я і пастараўся надаць тону свайго голасу адпаведнае адценне, нібыта ўсё яшчэ заклапочаны гонарам дамы. Кэры ўзлавалася:
— Я мушу цябе пакінуць. Я магу спазніцца: Філіп чакае мяне. Ён такі далікатны.
Мая сістэма спраўджвалася: я прайграў якраз столькі, колькі запланаваў, але ўвесь мой радасны настрой быў сапсаваны. Я думаў: а калі яна сапраўды пакахала таго маладога чалавека. А калі гэта — канец усяму. Што мне рабіць? Што ў мяне засталося? Пятнаццаць тысяч фунтаў — зусім не адэкватныя страце Кэры.
Я быў не адзін, хто ўвесь час прайграваў. У крэсле на калёсіках сядзеў містэр Боўлз і кіраваў сваёй сядзелкай, якая, нахіліўшыся над яго плячом, паводле ягоных указанняў ставіла фішкі і ссоўвала іх асабістай лапаткай. Ён гэтаксама карыстаўся сістэмай, але, на мой погляд, яго сістэма была вельмі ненадзейная. Ён ужо двойчы пасылаў сядзелку ў касу па фішкі, а апошні раз я заўважыў, што ў яго засталося толькі некалькі тысячафранкавых банкнотаў. Ён рэзка аддаў распараджэнне сядзелцы, і яна паставіла рэшту яго фішак. Шарык рулеткі закруціўся — і Боўлз прайграў усё. Адкаціўшыся на крэсле ад стала, ён злавіў мой позірк.
— Гэта зноў вы, — сказаў ён. — Як вас завуць?
— Бертрам.
— Я захапіў з сабой надта мала грошай гатоўкаю. А ісці ў гатэль не хочацца. Пазычце мне пяць мільёнаў.
— Прабачце, не магу, — сказаў я.
— Вы ж ведаеце, хто я. Вы ведаеце мае магчымасці.
— У гатэлі... — пачаў быў я.
— Мне не змогуць даць столькі грошай, пакуль не адчыніцца банк. А грошы мне патрэбны зараз. Вы выйгралі шмат. Я сачыў за вамі. Я вярну вам пазыку заўтра ўвечары.
— Вы ж ведаеце, часам здараюцца і пройгрышы.
— Што вы там балбочаце, я не чую! — сказаў ён, прыладзіўшы свой слыхавы апарат.
Читать дальше