Я выйшаў на тэрасу, каб астудзіць галаву. Якраз тут мы з Кэры стаялі ў першую ноч, шукаючы вачыма «Чайку». Мне зрабілася шкада, што Кэры няма побач, і я ледзьве не пайшоў у гатэль, каб пагадзіцца з ёй на ўсё, пра што яна мяне прасіла. Яна мела рацыю: сістема ці шанц — якая ўрэшце розніца? Мы маглі б сесці ў самалёт і падоўжыць наш адпачынак: у мяне цяпер ставала грошай, каб зрабіцца кампаньёнам у невялікай фірме, без шкляных сцен і сучаснай архітэктуры і без Гома на восьмым паверсе. Аднак усё-такі адмовіцца ад далейшай гульні было ўсё адно што пакінуць жанчыну, якую кахаеш, некранутай, не паспытаўшы яе, пайсці прэч ад яе і ўжо ніколі не даведацца, чаму шарык рулеткі спыняецца ў такой строгай паслядоўнасці, якую ты прадугледзеў у сваіх разліках. Што гэта? Паэзія абсалютнага шанцу ці заканамерная дакладнасць дасканала распрацаванай, завершанай сістэмы? Я быў бы ўдзячны лёсу за гэтую паэзію, але ж як жа я ганарыўся б, даказаўшы дакладнасць выпрацаванай мною сістэмы!
Мой полк ужо быў напагатове. Праходзячы паміж сталоў, я адчуваў сябе камандзірам, які праводзіць урачысты агляд свайго войска. Мне надта карцела зрабіць вымову старой лэдзі за тое, як неахайна замацаваны штучныя маргарыткі на яе капелюшы, і жорстка прабраць містэра Боўлза за тое, што ён не адпаліраваў як след свой слыхавы апарат. Нехта крануў мяне за локаць, і я ўручыў двухсотфранкавую фішку лэдзі, якая клянчыла. «Рабі гэта элегантней, — карцела сказаць ёй, — руку трэба выцягнуць на ўсё даўжыню, а не згібаць у локці, дый валасы даўно ўжо трэба было б прывесці ў парадак». Усе назіралі мой праход з выглядам нервовага спачування, чакаючы, пакуль я выберу стол. І як толькі я спыніўся, нехта падняўся і саступіў мне крэсла. Аднак я прыйшоў не выйграваць — я з'явіўся тут чыста сімвалічна, каб крыху прайграць і пайсці. Таму я адмовіўся ветліва ад прапанаванага крэсла, паклаў па пэўнай схеме свае фішкі і з пачуццём трыумфу ўбачыў, як яны былі ссунуты лапаткаю круп'е са стала. Потым я вярнуўся ў гатэль.
Кэры там не было, і я быў вельмі расчараваны, бо мне дужа карцела растлумачыць ёй усю важнасць гэтага сімвалічнага пройгрышу, а замест гэтага мне давялося проста распрануцца і ўладкавацца паміж банальных прасцін. Я не мог доўга заснуць. Я ўжо паспеў прывыкнуць да прысутнасці Кэры, і калі ўначы ўключыў святло, каб пабачыць, каторая гадзіна, я ўсё яшчэ быў адзін. А палове трэцяй Кэры мяне разбудзіла, намацваючы ў цемры свой ложак.
— Дзе ты была? — спытаў я.
— Гуляла.
— Адна?
— Не.
Я адчуваў скурай, што прамежак паміж нашымі ложкамі быў запоўнены яе варожасцю, але я ведаў, чаго яна дамагаецца, яна хоча, каб я першы зрабіў выпад, і за ёй засталася б маральная перавага. Я зрабіў выгляд, што ўладкоўваюся зручней у ложку і збіраюся спаць далей. Яна крыху счакала і сказала:
— Мы хадзілі ў Марскі клуб.
— Ён жа зачынены.
— А мы знайшлі пралаз — клуб быў такі агромністы і жахлівы ў цемрадзі, крэслы ўсе перакуленыя і састаўленыя разам.
— Неблагая прыгода. А як жа вы абыходзіліся без святла?
— О, ярка свяціў месяц. Філіп расказаў мне пра сваё жыццё.
— Спадзяюся, вы знайшлі сабе крэслы.
— Не, мы сядзелі на падлозе.
— Калі ў яго было дужа цікавае жыццё, раскажы мне пра яго. А то ўжо надта позна, а заўтра мне трэба рана...
— ...прачнуцца, каб пайсці ў казіно? На мой погляд, табе яго жыццё не здасца дужа цікавым. Яно было вельмі простае, але ён расказваў з такім пачуццём. Ён вучыўся ў ліцэі.
— У Францыі амаль усе наведваюць ліцэі.
— Яго бацькі памерлі, і ён жыў з бабуляй.
— А дзядуля?
— Ён таксама памёр.
— Старэчая смяротнаць надта высокая ў Францыі.
— Два гады ён служыў у арміі.
Я сказаў:
— Сапраўды, у яго было вельмі незвычайнае жыццё.
— Ты адно толькі можаш, што насміхацца і насміхацца, — сказала яна.
— Што з табой, дарагая, я ж нічога такога не сказаў.
— Вядома, хіба цябе можа зацікавіць яго жыццё. Ты ніколі нікім не цікавіўся, апроч сябе самога, а ён малады і вельмі бедны. Ён жыве толькі на каве і булачках.
— Бедалага, — шчыра паспачуваў я.
— Ты такі абыякавы, што нават не пацікавіўся, як яго завуць.
— Ты ж сама казала, што яго завуць Філіп.
— Філіп, а прозвішча? — з трыумфам спытала яна.
— Дзюпон, — сказаў я.
— Вось і не. Яго прозвішча Шанцье.
— Хай сабе будзе так. Я зблытаў яго з Дзюпонам.
— Хто такі Дзюпон?
— Магчыма, яны падобныя.
— Я спытала, хто такі Дзюпон?
— Я не ведаю, — сказаў я. — Аднак ужо надта позна.
Читать дальше