— Плюну.
— Ну а куды вы сёння?… — спытаў старшыня.
— Вось памыюся да пайду на аўтобусны прыпынак. Хачу на пару дзён у Менск.
— Нашто? Гэта вы адтуль можаце да Кладна, а адтуль аўтобусам, — сказаў старшыня, — зручней да станцыі. Езна. Дваццаць кіламетраў — і проста на Менск.
— Нічога сабе зручней.
— Дык сёння туды наш грузавік паедзе, машыны прымаць. І вось Ганчаронак паедзе, Высоцкі, Шаблыка. Шаблыка па школьныя прылады. Загадзя. На будучы год. Мы гэтага «ўзахапы і напярэймы» не любім. Даедзеце якраз да цягніка вячэрняга. Дый на будучыню, вось Высоцкі, наш «возны», прашу шанаваць. Кожны дзень у Альшаны, у іншыя месцы па акрузе, кожныя два-тры дні — на станцыю. І «казёл» ёсць і «Масквіч», а часам даводзіцца й так «аўсянай парай».
Уздыхнуў:
— Падманула нас чыгунка. Дайшла калісь да Езна, а пасля вільнула на паўночны захад і пайшла, пайшла ўсё далей, аж да Кладна. А адтуль аўтобусам — самі ведаеце. А каб да нас — быў бы ўжо, можа, някепскі гарадок.
— Калі будзе магчыма — скарыстаюся.
…Праз гадзіну Шаблыка, Высоцкі, Ганчаронак і я ўжо трэсліся ў кузаве грузавіка.
Ніхто не захацеў лезці ў кабіну да шафёра, бо майскі надвячорак стаяў надзіва цёплы.
Я ўспомніў словы з той паэтычнай легенды:
Слуцкай брамай начною таемна яны уцякалі:
Месяц у хмарах нырае, а хмары імкнуць, нібы хвалі.
— Слухайце, Шаблыка, ёсць у замку Слуцкая брама? І чаму — назва? Брама ж адна.
— Ёсць. Праўдзівей, была. Слуцкая, або Нясвіжская. Адтуль калісь вёрст праз дзесяць была паваротка на Нясвіж — Слуцак. Пасля яе цэглай заклалі. Як і другую. Адна толькі трэцяя засталася. Галоўная. Слуцкая — гэта другая з таго боку, што супраць Галоўнай.
Зараз я быў амаль упэўнены, што гэта менавіта ў ёй гарэў начны агеньчык, бачны з аднаго пункта дарогі. І ў суседняй уваход у падзямелле.
— З тым бокам, напэўна, і ваенная гісторыя звязана, — сказаў Шаблыка. — Дошку ў пары кіламетраў ад вёскі бачылі?
— Бачыў.
І сапраўды, стаіць невялічкі абеліск з шэрага бетону, і ў яго ўмуравана мармуровая дошка:
«На гэтым месцы пахаваныя чатырыста савецкіх грамадзян,
па-зверску забітых 15 ліпеня 1944 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Вы стаялі да скону,
Як гэта належыць людзям.
Спіце спакойна,
Радзіма пра вас не забудзе».
— То немцы з вёскі ўсіх людзей у апошнія дні выгналі. Думалі — страляць. Але не. Толькі прымусілі ў чыстым полі пад аховай пражыць тры дні. Сёй-той у аблаву не трапіў, бадзяўся ў лесе, але ў Альшанку ісці баяўся. То яны бачылі, як ішлі ў напрамку замка грузавікі пад аховай. Шмат. Штук сорак-пяцьдзесят. Ведаеце, гэтыя нямецкія, тупарылыя. А да таго, як яны ехалі, прыгналі туды вялізную калону людзей. А пасля, дужа здалёк, стрэлы. На зыходзе трэцяга дня. І назад ужо — ніхто. Ведаеце, можаце здагадацца, што гэта было.
— Ведаю, айнзацкаманды дабро і архівы хавалі.
— Чаму? Маглі ж вывезці? Хаця не. Кладна тады было ў напаўкатле, — думаючы ўголас, сказаў Шаблыка. — Дай бог вывесці хаця б частку войска.
Машына пачала раздзіраць фарамі прызмерак, які няўлоўна гусцеў.
— І яшчэ адно, — сказаў я. — Ці не звязана гэтая гісторыя з іншай, вельмі даўняй. Альшанскі з немцамі супрацоўнічаў?
— Ну.
— Мог быць і пры сховах і пры расстрэле. Я тут разгадваю адну цікавую галаваломку трохсотгадовай даўнасці. Страшнаватая. І шмат каму яна каштавала жыцця.
— І разгадалі? — нечакана спытаў Высоцкі. (Мы думалі, што тыя дрэмлюць.)
— Амаль.
— Разгадка, відаць, не на сярэдняга чалавека, — сказаў ён.
— Ну, нашто так? Калі розум учэпісты, то якраз на такога. Ну і, вядома, сякія-такія веды трэба мець.
— Ну, тады гэта не нашага розуму справа. Шаблыкава унь хіба.
Езна было той невялічкай станцыяй (мала іх пасля вайны засталося ў Беларусі), дзе і дагэтуль на будынку вісіць звон, у кветніку з аднаго боку высяцца таўшчэзныя таполі, а ў маленькай зале чакання цьмяна і душна, і плача, канькае невядома чыё кацяня.
…Калі злезлі з грузавіка, у мікраскапічным станцыйным пасёлку ўжо заміргалі першыя агні. Высоцкі з Ганчаронкам пабеглі па сваіх справах (умоўлена было на позні час), а Шаблыка, у якога ў Езна былі прыяцелі, перш чым ісці да іх начаваць, а заўтра з раніцы ўзяцца за работу, пакурваючы са мной на пероне, глядзеў удалячынь, за далёкі агеньчык светафора.
— Вось чаму гэта так, Антосю, што ў юнацтве да цягніка гуляць хадзілі, як на баль?… Нейкае іншае жыццё побач пралятае… Не наша… Можа, прыгажэйшае, а можа, такое, што сабаку не пажадаеш. А зараз не цягне. Сядзеў бы і сядзеў на сваім месцы.
Читать дальше