— Ішоў-ішоў, — мармытаў Вячорка, — надта далёка ішоў. І ў канаву ўпаў… І ляжу ўпоперак… як грэбля… І вады з аднаго боку многа, і яна цераз мяне пе-ра-ліваецца, цур-чыць… І машыны паўз мяне з фарамі «в-ву-у, в-ву-у, в-ву-у». А яны не спыняюцца.
— Угм, — сказаў Альшанскі. — Добра, што нас крыху занесла і святло на канаву ўпала. Ляжыць, сапраўды, як грэбля. І адзін палец часам ад кулака адстаўляе. Гэта яму здавалася — салютуе. На поўны рост і ўсёй рукой.
— Дык мо чарачку, людцы вы мае?
— Сёння не хочацца, — сказаў Шаблыка.
— А вядома ж, мае даражэнькія. Бо гэта ж на гэткага шабадранца нагледзецца, дык век не захочаш.
Яны пайшлі. А Вячорка варушыўся на ляжанцы, увесь чырвоны ад расцірання, і мармытаў досыць бязладна:
— В-ву-у, в-ву-у… А я салютую… А тут цені ішлі… Два… І сталі… Гамоняць… Не бачыць, што побач… грэбля ляжыць… Яйкі каменныя, страшныя… Другая справа за паўночнай вежай… Яйкі…
Блёкат быў незвычайны, але зусім без сувязі, і я ведаў, што заўтра гаспадар і не здолее ўспомніць пра свае начныя прыгоды. Таму я ўзяў ад Марыі Сямёнаўны чарку (мяне ўсё ж крыху марозіла ад прамочаных ног) і выйшаў з хаты, каб ісці ў сваю прыбудоўку.
Глухая, як махровая сажа, ляжала над Альшанкай і, здавалася, над усім светам ноч. Нідзе ані агеньчыка. І толькі наводдаль узвышалася моцна ўсечанай пірамідай асветленая зверху слабым зарывам двух вогнішчаў нямая Белая Гара.
РАЗДЗЕЛ XІІ ПАЧАТАК ПОШУКАЎ
Вечарам я вырашыў паехаць на дзень-два дахаты, а да таго часу крыху палазіць па замку і намеціць сякі-такі план дзеянняў. Раніца зноў выдалася свежая, але сонечная. У такую раніцу добра не ў падзямеллі лазіць, а сядзець на прызбе, на сонейку, каб ветрык не даставаў, слухаць пеўняў і думаць аб сім-тым. Але менавіта таму мне і трэба было лезці. Трэба брацца за справу ўсур'ёз. Таму і яшчэ таму, што так трывожна свяціў незразумелы начны агеньчык у вежы замка. Другой вежы справа ад паўночнай. А можа, у першай ад яе. Я толькі прыблізна ўстанавіў у якой.
Падлога збераглася ва ўсіх залах жылых памяшканняў першага і другога паверхаў, але ў вокнах-байніцах ніжняга і ў вокнах другога паверхаў не было ніводнага шкла, і пройма гуляла паверхамі свабодна, уздымаючы з купаў друзу пыл. Філары (калоны, што падтрымлівалі скляпенні) і самі скляпенні былі абураюча і агідна абабітыя. Нішы, у якіх стаяў, відаць, калісьці посуд, вазы ці невялікія статуі, былі поўныя вапеннай крошкі. Нічога цікавага ва ўсіх залах я не знайшоў і толькі пашкадаваў, што цалкам яшчэ прыдатны будынак марнее ў запусценні.
У чатырох абследаваных мною вежах знізу была глухая падлога з магутных каменных квадратаў. Заставаліся чатыры вежы паўночнага боку. У адной уніз вялі каменныя, сцёртыя да апошняга прыступкі, але спуск канчаўся на глыбіні прыблізна трох метраў жалезнымі, таўшчынёй у руку кратамі. На кратах вісеў магутны, вельмі стары цыліндрычны замок з тых, у якія ключ увінчваецца, як гляйсар. І замок і краты былі крывава-чырвоныя ад іржы. Я вырашыў, што наведаюся сюды пазней.
Пад наступнай вежай таксама быў нібыта ўваход у сутарэнне, але завалены каменнымі брыламі, жвірам, вапеннай крошкай і смеццем. Патрэбна была кірка і рыдлёўка. Значыць, і гэты ўваход быў закрыты,
— Антоне Глебавіч! — аддаўся недзе наверсе крык.
Увесь пыльны, я вылез на дзённае святло і ўбачыў прысагнутую постаць дзеда Мультана-Пацярухі, а побач з ёю дзве фігуркі хлопчыкаў год па сем-восем кожны.
— Гэта мой Стасік, — з гонарам сказаў дзед Мультан.
Стах быў дзёрзкае ўскудлачанае вераб'янятка. Калі, вядома, уявіць альбіноса-вераб'я. Яшчэ вясна, а ён паспеў ужо ўшчэнт выгараць за выключэннем глыбока-сініх вачэй.
— Ну, здароў, Стах, — сказаў я.
— Здароў, калі здароў, — з саліднай дзёрзкасцю сказаў вясковы Гаўрош.
— А гэта вось сябар ягоны, — сказаў дзед. — Васілька Шубайла. Гэтыя — памогуць. — Васілька глядзеў спадылба. І яшчэ з-пад кучмы гэткіх жа бясколерных ад сонца валосікаў.
— Ну, Васілька, а ты чаго ж гэта такі сціплы ды нясмелы?
— Та-а, — бязгучна сказаў Васілька і ад прысаромленасці пачухаў адной босай нагой другую.
Дзед пайшоў, а мы селі на валуны, каб абмеркаваць план нашай ваеннай аперацыі.
— Ну, хто падзямеллі ведае?
— Трохі, — сказаў Стасік. — Бо да канца іх і сам чорт не ведае.
— А ты, Васілька?
— Та-а, — адказаў той.
— Ну, з такімі арламі я тут горы звярну. І вось што перш за ўсё зробім: учора бачыў я ноччу унь у той вежы агонь. Што б то магло быць?
Читать дальше