Дзяўчаты захіхікалі: напружанне было хоць і грубасцю, а знята.
— А хто ж у вас тут начальнік?
— Ну а чаму не я? — абурыўся Генка.
— Такіх шалапутаў начальнікамі не прызначаюць.
— Яшчэ як часта, — зрабіў жаласную міну Генка. — Толькі тады яны адразу перастаюць… шалапутамі. А мне майго шалапуцтва шкада.
— Цябе, ясна, са студэнтамі працаваць паставілі. З такімі ж прайдзісветамі.
— Мы про-ойдзем… Нас дваццаць будзе на раскопе, ды трыццаць школьнікаў наймём, — ён напяваў. — Усе гарадзішчы ўсёй Еўропы мы раскапаем… кетмянём. У прыватнасці, гэтае гарадзішча ранняга сярэдневякоўя.
— Стася Рэчыц у нас начальнік, — ледзь не шэптам сказала «таўстуха», Валя Волат, удзячная мне за дапамогу. — Зараз яна прыйдзе.
Рэчыц? Я, вядома, чуў гэтае імя па некаторых публікацыях, але асабіста яе не бачыў. Ні студэнткай, бо якраз тады часова адышоў ад выкладчыцкай работы, ні ў апошнія тры гады. Па чутках, яна была ў аспірантуры ў Ленінградзе. А спецыяліст, зноў жа па чутках, добры.
— Унь… падымаюцца, — сказала бялявенькая, кірпаносенькая, жывенькая Таня Салей. — З кім жа гэта?
— Дзед Мультан, — сказала Тарэса, вельмі падобная на Таню, толькі што чарнявая і крыху болей строгая. (Верхавод сярод трох, але сапраўды не «гайдук», а толькі «гайдучык».)
Па колішняму ўз'езду на гарадзішча (а я, дурань, пёрся схілам, ледзь не ўторкнуўшыся носам у зямлю) ішлі два чалавекі. Адзін год сямідзесяці, але яшчэ магутны і вузлаваты, як корч. Калісь, пэўна, высокі, а зараз крыху сагнуты, так што рукі звісалі. А побач з ім ішла лёгкай хадою жанчына ў сіняй сукенцы і такой самай сіняй хусцінцы на галаве.
— Дзень добры, — сказаў дзед. — Мультан маё прозвішча.
— Станіслава Рэчыц.
— Антон Косміч.
— Той?
— Сорамна, але выходзіць, што той. А вы тая?
— Ну, калі заўважылі дзесь, дык тая.
Цяпер я мог разгледзець іх лепей. У дзеда былі сінія, зусім не выцвілыя, вочы, сівая кучма валасоў, доўгія сівыя вусы пры дужа кепска голенай барадзе, нос тоўсты, рот усмешлівы і іранічны.
І пры гэтым мядзведжым абліччы ён яшчэ і гаварыў то тэнарком, то хрыплаватым басам і ўвесь час збіваўся са старэчай саліднасці на нейкую мітуслівасць, нібы ніяк не мог забыць, што ў юнацтве быў шалапутам. Стараўся, і часам атрымоўвалася, але да канца не мог.
Жанчыне, а можа, дзяўчыне — дваістае ўражанне, — магло быць год дваццаць пяць. На дзесяць з гакам маладзейшая. Калі я загінаўся ў вагоне для быдла на перагоне Баранавічы — Слонім, была яшчэ зусім дзіцем.
Тонкія яшчэ рукі з вострымі локцікамі, але развітыя высокія грудзі і ногі доўгія, мускулістыя. Мабыць, шмат хадзіла.
Рухі дакладныя, гожыя. Выраз аблічча і голас прыемныя, мяккія.
І — рыжая. Але была гэта не тая бясколерная, апельсінавая рыжына, што здараецца часцей за ўсё, а быў гэта колер цёмнага чырвонага дрэва, што заўсёды адлівае глыбінным золатам. І скура чыстая, без рабаціння, малочна-белая, зусім без блакітнага адцення, што часта ўласцівае скуры рыжых. Ніякай касметыкі нідзе, ды яна «ў полі», пад ветрам і сонцам, і непатрэбная. І тым больш здзіўлялі натуральна цёмныя бровы і веі ў кантрасце з вялікімі вачыма зялёна-блакітнай глыбіні.
«Ну, досыць пяліцца, Косміч. Гэты пірог не для нас, дый не такая ўжо стаіць цаца перад табою. Бывалі лепшыя».
— Зайдзіце на хвіліну да нас, — паказала на палатку.
— Куды мне туды, — забасіў Мультан. — Я яе звалю.
У палатцы было вельмі чыста і прытульна. Чатыры засланыя тапчаны, чатыры спальныя мяхі ў галовах, галінка ядлоўцу ў вазачцы, брызент падлогі пасыпаны аерам.
— Што ў вас — сёмуха?
— У нас заўсёды — сёмуха.
Я амаль адразу заўважыў у яе прыстрасць да парадку, а пасля, па меры знаёмства, і слабасць да грунтоўных і прыгожых рэчаў. Прычым — танна. Замовіць, напрыклад, мясцоваму ганчару дакладную копію старажытнага збана, гаршка, місы. Аблітых падобнай паліваю. Проста каб прыемна стаялі на стале.
— Ну што ў вас, Антон Глебавіч?
Я расказаў. Без падрабязнасцей, без гісторыі расшыфроўкі. Проста сказаў, што павінна быць пад знакам карабля, недзе пад другой вежай ад кутняй вежы падзямелле. Яна не здзівілася — мала для чаго нейкае там падзямелле можа быць патрэбна гісторыку.
Яна ўзяла шчуп і сказала:
— Ну што ж, хадзем, паглядзім.
Выйшлі на пляцоўку. Мультан — невядома чаго прыцёгся сюды, рабіць, ці што, не было чаго — паплёўся за намі. Часам згінаўся і падбіраў нешта. Заразіўся падчас разведкі чалавек.
— Што за шчуп у вас такі цікавы?
Читать дальше