— Дык што?
— Кажуць, сапраўды, у некаторыя ночы з'яўляюцца. І калі прыйдзеш у такую ноч і падыдзеш добра, то ідуць. Часам па касцельнай галерэі, часам па замкавай. Часам па той і па другой. Размытыя, туманныя. Ідуць і знікаюць і нічога не гавораць.
— Ты каньяку болей пі, — сказаў Шаблыка.
— Ды я амаль і не п'ю. Як ты. Але веру, ёсць нешта такое. Праходжваюцца, ідуць.
Мы глядзелі на ціхую і добрую вясковую вуліцу, на бярозы, якія рыхтаваліся зазелянець, на бялюткія стаўбуры яблынь на вугальна-чорнай ільснянай зямлі.
— Н-на, — сказаў я, — гляджу я, у вас тут ідылія.
— Ідылія, — сказаў Шаблыка. — З кантрастамі.
Мінулі святы, звычайныя, усім вам вядомыя святы ў маленькім пасёлку. З трыбунай, абцягнутай чырвоным, з самаробнымі сцягамі і з сонцам і першымі, нясмелымі яшчэ намёкамі на зелень, з дэманстрацыяй, якая складаецца пераважна са школьнікаў, і з цікаўным парсюком, які вылез на вуліцу на агульнае ажыўленне, акурат на дарозе дэманстрацыі: людзей паглядзець і сябе паказаць.
А потым рыпае сям-там гармонік, перад клубам танцуюць пары. І закрадаецца ў сэрца сум, што табе гэтага ўжо зусім не хочацца, што твае балі адшумелі і пракаціліся.
Прайшоў з настаўнікам і вучнямі, проста каб не быць аднаму, каб паглядзець на ажыўленне іншых, а вечарам уцёк з вячоркі ад Вячоркі (сапраўды, почасту яны ў яго бывалі) да Змагіцеля ў яго кавалерскую хату (бацькі памерлі), куды скора з'явіўся й Шаблыка, і хораша мы з імі праводзілі свята, хаця нічога асабліва смажанага, печанага ў нас і не было.
Чысла трэцяга я заўважыў за рэчкай, на ўзвышшы, што ляжала наўскос ад замка, чалавечыя фігуркі і зразумеў, што археолагі, разведка якіх з'ехала незадоўга да майго прыезду, прыехалі ўжо экспедыцыяй.
Вырашыў ісці да іх. Трэба ж было пазнаёміцца з будучымі «калегамі» па рабоце. Тым больш што як давядзецца лазіць — усё адно заўважаць і спатрэбяцца тлумачэнні. Хісткім мостам перайшоў рэчку, адразу зразумеў: узгорак, які ляжыць перада мной, — гарадзішча. Старое, адно з ранніх славянскіх у гэтых краях. Пазней стаяла на гэтым месцы, магчыма, і крэпасць недзе XІ-XІІ стагоддзяў.
Я ўскараскаўся наверх, убачыў звычайную карціну: няроўны квадрат метраў сто пяцьдзесят на дзвесце з узвышэннямі па краях і лёгкім прагібам пасярэдзіне, россып чарапкоў, драбнюткіх, з пазногаць мезенца, вымытых з восені дажджамі, велізарны, зусім яшчэ голы дуб у адным з рагоў пляцоўкі і людзей, якія сядзелі пад ім між раскіданага майна, розных там скрынак, пакункаў, бочак і бог ведае чаго яшчэ.
Было там трое дзяўчат ва ўзросце год дваццаці і хлопец гады, можа, на два старэйшы за іх, якога я адразу пазнаў, бо сустракаліся ў нейкай сям'і. Сядзеў з гітараю ў руках белазубасты, худы, цёмна-хваліставалосы і «большие надежды подающий» будучы археолаг Генка Сядун уласнай персонай. А за яго спінаю ўзвышаліся дзве чатырохмесныя жылыя палаткі і дзве палаткі пад інструмент і іншае. На такім фоне Генка ў сваіх страшэнна пацёртых, але сапраўдных тэхасах з мустангам на азадку, у чырвонай чорнаклятчастай каўбойцы выглядаў — «заскучаешь». А дзяўчаткі былі звычайныя, толькі што мілыя па маладосці, з той пароды студэнтак-лабарантак, справа якіх шыфраваць, апрацоўваць матэрыялы, сядзець на раскопе і займацца расчысткай.
— «О, сустрэчы ў джунглях ці на моры», — убачыўшы мяне, заспяваў Генка.
Быў ён слаўны, між іншым, песнямі ўласнага сачынення, хаця голасу, як большасць сучасных спевакоў, зусім не меў. Але бог з імі, уважаючы на адсутнасць голасу і слыху, сучаснаму спеваку амаль беспамылкова можна прадказаць бліскучую будучыню.
І, дзіўна, чым больш да таго ж дурнейшая была Генкава песня, тым большым поспехам яна карысталася сярод равеснікаў. А так што ж, хлопец як хлопец. Вось і зараз… імправізуе.
О сустрэчы ў джунглях і на моры…
Качка, шторм — гары яно агнем.
На Басфоры ж гэнай гары мора -
Ты меня не спр-рашивай о нем.
— Антону Глебавічу Космічу прывітанне, — ускочыў ён, калі я падышоў.
— Прывітанне і таварышу Генадзю, які імя па бацьку пакуль што не заслужыў.
— Знаёмцеся, — звярнуўся прахвост Генка да дзяўчат, — прыва-т дацэнт Косміч. А гэта Таня Салей, Тарэса Гайдучык, Валянціна Волат. Наша таўстуха.
«Волат» быў самы худзенькі і малы і таму засаромеўся горш за ўсіх, а ўсе аж заліліся чырванню: як «вузкія» спецыялісты яны крыху ведалі пра мяне. Трэба іх было ратаваць.
— Ну і вы з ім пазнаёміліся, дзяўчаты. Наш дурань.
Читать дальше