— Ну вось і ўсё.
І тут я заўважыў на століку ля фатэля кнігу. Я ведаў, тут заўсёды ляжалі апошнія кнігі, якія ён чытаў, і я захацеў паглядзець, што гэта было, апошняе.
Гэта была «Кніга джунгляў». Я вырашыў узяць і яе, і тут з кнігі выпаў маленькі лісцік паперы. Ляжаў, відаць, як закладка, а агляд памяшкання, вядома ж, быў павярхоўны.
Мар'ян
Збірайся, бяры для выгляду вуды і неадкладна выязджай на Романь. Калі затрымаюся крыху — павудзь гадзінку-паўтары. Вельмі трэба.
Я падаў запіску Хілінскаму.
— Гэта што?
— Нічога. Мой почырк. І папера мая.
— І што ж атрымоўваецца?
— Атрымоўваецца, што забіў я.
Усё ўва мне нібы скамянела. Адам уважліва агледзеў мяне.
— Вось што, хлопча, давай ты мне гэтую пісульку, а я адвязу яе Шчуку… Досыць таго, што ты на ёй адбіткі пальцаў зрабіў.
Ён узяў паперку чыстым аркушам паперы.
— І кніжку тваю заўтра давай Шчуку. Сапраўды, нешта тут не тое. А з тваёй палоскі зрабі копію.
— Зрабіў.
— А палосу схавай. Ну вось. Вазьмі яшчэ й гравюру і каці дахаты. Я — туды. Едзь. А то на табе бог твару паменшаў.
…На сходах чамусьці не гарэла святло. Я быў ужо на два маршы ніжэй сваёй хаты, калі пачуў нейкі дзіўны гук. Нешта мяне насцеражыла, і я застыў. Рыпенне паўтарылася. Я быў ужо на адзін марш ніжэй сваёй пляцоўкі, калі зноў пачуў ціхі рэзкі скробат і заўважыў у цемры невыразны сілуэт, цьмяны чалавечы цень. Нехта ўзломваў замок маёй хаты. І тады я на дыбачках стаў падымацца. Скрыгат. Яшчэ скрыгат. Я быў ужо амаль на месцы, калі той, відаць, нешта адчуў. Раздаўся ляскат, нібы нехта выдзіраў ключ, а пасля цень мітуснуўся паўз мяне, штурхануў плечуком — кнігі ўпалі — і кінуўся ўніз па сходах. Некалькі імгненняў я стаяў ашаломлены, а пасля рвануў за ім, што, уважаючы на цемру, было нялёгка.
Яшчэ зверху я ўбачыў, што дзверы на вуліцу зачынены, і пусціўся да выхаду на двор. На двары сядзелі на лавачцы дворнік Кухарчык і малодшы лейтэнант Росцік Грыбок, які вымахаў на здаравенную грыбіну, і пакурвалі, нягледзячы на прахалоду.
— Ніхто не прабягаў?
— Ніхто, Антоне Глебавіч, — адказаў Грыбок.
— Таварыш Косміч, — завёў быў дворнік. — А вось што вы думаеце…
Я махнуў рукой і пусціўся да дзвярэй у сутарэнне. Яны былі прыадчынены, таму што агеньчык запальнічкі закалыхаўся. Але яны заўсёды былі прыадчынены: ніхто ў нас там нічога не хаваў. І на іх варушылася леташняе яшчэ павуцінне. А на парозе быў пыл. «Цьху! Не мог жа ён улятучыцца?»
Свецячы запалкамі, я ўбачыў, што коркі крыху адкручаныя, і ўкруціў іх. Пасля выйшаў на двор і спытаў у курыльшчыкаў:
— Даўно вы тут разам?
— Пару хвілін, — сказаў Кухарчык. — А вось як, скажыце вы мне, грыфель у аловак засоўваюць. Колькі ўжо думаю.
— Склейваюць вакол яго дзве палавінкі, — сказаў я, махнуў рукой і паплёўся наверх.
Тут мне прыйшла ў галаву яшчэ думка, што ён мог заскочыць у пакой дзяўчат, і хаця я падумаў, што ад віску тут бы й дом рухнуў, пазваніў і зайшоў.
Звычайны, па-студэнцку, па-дзявочы абстаўлены пакой, толькі што з парай афіш, на якіх гэтыя прыгажуні былі адзначаны самым дробным шрыфтам.
На крэслах (ложкі былі бялюткія) сядзела трох гожанькіх дзяўчат і стаяў… малады чалавек, на гэты раз без вядра. Ён быў моцна ў куражы і злёгку пахістваўся. А тыя падхіхіквалі як ні ў чым не было.
— Дзяўчаты мае, сонца майго жыцця! Вы, мае нефертушачкі…
— Колькі ён тут?
— З паўгадзіны, — віскнула гожая брунетачка з хітранькай усмешкай. — Насмяяліся.
— Ганіце яго ў шыю, — махнуў я рукой.
І палез да сябе наверх, і толькі ля самых сваіх дзвярэй мяне як стукнула, і я пачаў зноў спускацца.
І ў гэты час ляснулі парадныя дзверы. Я кінуўся да іх, расчыніў, але па вуліцы вяртаўся з кіно народ, і чорт яго на ёй было каго заўважыць.
Дзверы ў сутарэнне: павуціння няма.
«Ёлуп з дэдуктыўным мысленнем! Павуціння яму! Пад ім можна прапаўзці, не зачапіўшы парога. І няўжо ты думаеш, што той не абмысліў слядоў адступлення? Ідыёт! Перачніца старая! Ясна, што калі палез бы, то атрымаў бы, пэўна, па чэрапе. І добра. Па такім чэрапе толькі й атрымоўваць».
Але на гэтым вечар не скончыўся. Ледзь я паспеў запаліць святло і ляснуцца на тахту, зазваніў тэлефон. У мяне заўсёды прадчуванне, калі тэлефон — дрэнна. Я не хацеў падымаць трубкі, але той аж разрываўся. Давялося зняць, і тут я пачуў здалёк роспачны лямант Косціка Красоўскага:
— Антон! А-антон!
— Я. Што такое?
— Антон!!! Божа! Божа!
— Ды што з табою?
— Зо… Зо… Зо…
Читать дальше