— А вы б зайшлі неяк да мяне.
— Не так ужо кепска ідуць мае справы, — іранічна паўтарыў ягоныя словы Хілінскі.
— Здагадваюся, паколькі вы яшчэ тут, а не ў маім дэпартаменце. А вы зайдзіце проста паглядзець, — сказаў псіхіятр.
— Цікава, — сказаў я. — Проста хоць у музей.
— А ў мяне і ёсць… амаль музей. Яно і пойдзе калісь у музей.
Бронза наканечніка была ўкрыта такім тонкім карбаваннем, што я зачараваўся.
— Праўда, адкуль такое дзіва?
— Я, мой даражэнькі, медыцыну ў Празе штудзіраваў.
— То там, што, усе людзі нават на Карлавым мосце з такімі рэчамі ходзяць? — спытаў Адам.
— І нават праз увесь горад, аж да самых Высачан. Калі спозняцца на апошні трамвай. Каб бараніцца ў выпадку чаго. Ад начных гіен.
Закурыў з намі. Ужо сур'ёзна сказаў:
— Чэхі тады стыпендыю давалі… прыгнечаным. Украінцам, лужычанам, нам. Але работу на радзіме знайсці было нельга… Ну і рассеяліся. Дзе я ні працаваў! І ў Індыі на эпідэміі халеры, і ў Нігерыі на соннай хваробе, і чорт яшчэ ведае дзе. Даводзілася быць майстрам на ўсе рукі. І што зробіш? Чалавек, калі памірае, ведае толькі слова «лекар», і пляваць яму на такія паняцці, як «фтызіёлаг» ці «псіхіятр». Урэшце, пры многіх хваробах цікавейшыя адхіленні ў псіхіцы. І мы дужа кепска ведаем іх, вельмі мала займаліся імі.
— І колькі ж год вы нюхалі тую экзотыку? — спытаў я.
— Хапіла. Год дзесяць. Вярнуўся ў трыццаць восьмым годзе.
Згасіў цыгарэту.
— Вось вы і зайдзіце неяк. Не ў якасці пацыентаў, а паглядзець. Пацыентамі лепей не трэба.
— Самыя слушныя словы, якія я калі-небудзь чуў, — сказаў Хілінскі.
Мы зарагаталі. Доктар палез далей, трымаючы дзіду наперавес.
— Апошні аплот белых каланізатараў і гіен імперыялізму паў на сыходзе гэтага дня, — буркнуў Хілінскі. — Маладая Афрыка расправіла крылы насустрач цяжкай, але аптымістычнай вясне.
— Вы іх там толькі не… — сказаў я. — Не «ньям-ньям» ці як гэта?
— Два дні як перастаў ньям-ньям, — адказаў зверху Лыганоўскі. — А будзеце здзекавацца з прагрэсіўных з'яў, Косміч, я спушчу гэты шчыт вам на галаву.
Мы пасмяяліся і разышліся па кватэрах.
Настрой мой ва ўсе наступныя дні быў абрыдлівы. Я ўладжваў свае справы, але нават яны не маглі прымусіць мяне забыцца.
Дабіўся дазволу на абследаванне замка ў Альшанах, атрымаў ад інстытута ліст аб тым, хто я такі і што райвыканком просяць спрыяць мне ў абследаванні касцёлаў, цэркваў і старых будынін.
Пакаваў пакрысе рэчы. І ўсё не мог і не мог забыць таго апошняга вечара.
Трэба было яшчэ адвезці сабак да бацькі і купіць тое, чаго цяжка дастаць на вёсцы. І я загадзя дамовіўся наконт расчыннай кавы з прадаўшчыцай, маёй «блатмайстрыняй», і дамовіўся з Пахольчыкам наконт дзесяці блокаў «БТ» і каменьчыкаў для запальнічкі, і купіў, па Зоінай парадзе, блакнотаў і шкарпэтак і сёе-тое для «аптэчкі».
І ўсё ўжо было гатова, нават бутэлечка вечнага чарніла ў поліэтыленавым мяшэчку і кніга 1908 года выдання «Альшаны» (Княства, староства і павет Альшанскі, у іхнім гістарычным быцці). І я купіў яшчэ пятнаццаць «шэсцьдзесят пятак» і тры каляровых «ДС» і дастаў у знаёмага фатографа дзесяць шырокіх «орвакалёраў», а ў знаёмага прадаўца дзесяць «орвакалёраў вузкіх». І дастаў добрай гарбаты і адрамантаваў свой «Харків». І навастрыў свой ножык, і купіў пластыра, каб заклейваць футляры для касет, і… Словам, працы мне хапіла, і я пастараўся зрабіць запасы, каб не псаваць камерцыі сталічным прадаўцам.
Але раней трэба было яшчэ раз схадзіць на Мар'янаву кватэру (перадачу рэчаў у музей дазволілі адкласці да майго вяртання з Альшан). Я не хацеў ісці туды без сведкаў, а галоўнае таму, што гэта было б занадта цяжка — ісці туды аднаму. Таму я зайшоў да Хілінскага, і «Абель з Бобкін-стрыт» згадзіўся раздзяліць са мной кампанію. Праўдзівей, з ахвотаю перарваў сваё сённяшняе «dolce far niente»*.
* Салодкае няробства.
На вуліцы дзяўчаты часта ўсё яшчэ азіраліся на яго: высокі, але не такі бамбіза, як я, «трохкутны», плячысты, але амаль зусім без клубоў. І я шкадаваў, што такі цудоўны ўзор роду чалавечага прападае, але й да глыбіні душы шкадаваў яго і разумеў. Урэшце, ён не варты быў шкадавання. Хутчэй, здзіўлення і павагі.
Сэрца маё зноў балюча сціснулася перад дзвярыма, калі я падумаў, што не пачую я сабачага брэху, не адчыніць мне дзверы мой друг. І ў кватэры тхнула нежылым, застаялым паветрам. Я адкрыў фортку, узяў сабе некалькі яго ўлюбёных кніг, невялікую мадэль карабля (ніхто ўжо, акрамя мяне, не ведаў, як ён усё жыццё марыў аб моры, але быў лагер, была да і пасля вайна, было сапсутае сэрца), зняў са сцяны адну гравюру з добрых, але не музейных і падарыў яе Адаму:
Читать дальше