Я быў вельмі рады спадарожніку. У гэтым цямноцці рысь пераламала б усе чатыры лапы, а я да раніцы абавязкова б трапіў назад у Кладна, а тут спакойна ішоў сабе побач з маленькім чалавечкам, які ўпэўнена каціўся наперад. І было зусім не так і кепска, бо пахнула вясной і не зусім яшчэ прасохлая зямля спружыніла пад нагамі.
— То чаму б вам не падвучыцца?
— Э-э, дзе там. І гаспадарка, і клуб. Жонка рукі на рабоце сцерла. Часта аж стогне на печцы. Ды на маё месца сюды і мёдам не прывабіш і на ланцугу не прывядзёш.
— Чаго так?
— Месца глухое. І — чартаўшчына нейкая ў нас у наваколлі завялася. Сам бы зароў ды збег некуды, дык няма куды. Ну, але нічога.
— Якая чартаўшчына?
— А самі пабачыце… Ну, не думайце, што ў нас там так ужо кепска. У нас там замак, касцёл — прабачце, вядома — з плябаніяй, млын, ссыпныя пункты, філіял клуба. Вось пачнуцца работы, народу прыбудзе — будзе ён функцыяніраваць і там тры дні на тыдзень. Тады хоць разарвіся. Не, месца ў нас добрае, але ўсё прыгарад… А вы сюды чаго?
Я сказаў, што буду даследаваць замак.
— Замак у нас-с ог-го. Недагледжаны толькі. У нас яго ўжо тыдні два як даследаваюць. Навука! Археолагі. Дзяўчына кіруе. Ды ладненькая. Худая толькі. Нічога. Як кажуць, дзеўкай поўная вуліца, а жонкай поўная печ.
— А дзе б там спыніцца можна ў вас?
— Ды, на першы выпадак, хаця б і ў мяне. На пару дзён.
— Чаму так?
— А далей вам наўрад ці самім захочацца. Бо… я Вячорка. Бацька мой быў Вячорка. І дзед. Што казаць, люблю бяседу. І не тое там каб бойка ці лаянка — такога я сам выкіну. А бяседу абшчэнія срэдзі людзей.
Не, усё ж добра «абшчацца з людзьмі». Я ішоў і пасмейваўся сам сабе. Добра мне было і пасля, калі зразумеў, што агеньчыкаў Альшанкі не было відаць проста таму, што парк быў такі густы, і гэта ён, нават яшчэ голы, закрываў іх, і што агеньчыкаў тых няшмат, і што чуваць рознагалосы брэх сабак, і што хата Вячоркі такая ўтульная з сярэдзіны, беленая, з ручнікамі, з печчу і газавай плітой у трысцене, з трыма пакоямі і бакоўкай з асобным уваходам, куды гаспадар з жонкай, Марыяй Сямёнаўнай, мажной смяшлівай кабетай, адвялі мяне.
РАЗДЗЕЛ X ІДЫЛІЯ Ў КАНТРАСТАХ
Раніцай, калі я, паснедаўшы, выйшаў з хаты, дык ажно ахнуў, настолькі ўсё вакол было хораша. Невялікая, двароў на пяцьдзесят-семдзесят вёсачка, «прыгарад», шырока раскінулася па схілах акруглых мяккіх узгоркаў і патанала ў садах, дзе ўжо зялёнымі хмарамі марылі хмызы агрэсту. Нешырокая рачулка дзяліла гэтыя дзве грады ўзгоркаў і самую вёску. Яна змяілася, гэтая рэчка, хутка знікала з вачэй і злева і справа, і таму не адразу можна было зразумець, адкуль далятае пляск вады на млынавым коле. Справа, далёка, відаць было ссыпныя магазіны.
І гэтыя зялёныя ад моху дахі, і ледзь прыкметны зялёны налёт на галінах дрэў. І гарлавое, лянотнае гарланне пеўняў, і зямля гародаў, чорная, ільсняная, якая аж паравала пад свежапабеленымі стваламі яблынь. І дзве вежы касцёла наводдаль.
І над усім гэтым сіняе-сіняе глыбокае неба, якім аж хацелася дыхаць.
Найперш я пайшоў да касцёла, бо першы кінуўся ў вочы. Дый хто ведае лепей гісторыю таго ці гэтага месца, як не настаўнік гісторыі і не ксёндз.
Касцёл быў магутны, з дзвюма высачэзнымі вежамі. Тое велікапышнае і адначасова простае беларускае барока, якім яно было на пачатку XVІІ стагоддзя. А можа, на самым канцы XVІ. На адной з вежаў быў «дзыгар» — каляндар-гадзіннік, які, на маё здзіўленне, ішоў.
Дзверы касцёла, нягледзячы на будзённы дзень, былі адчынены. Убаку, пад разложыстымі старадаўнімі дрэвамі, стаяў матацыкл. Я падумаў, што гэта цывілізацыя і што вось нехта здорава ўмудрыўся падкаціць на ім пад самы касцёл свенты.
У дзвярах з'явіўся чалавек невысокага росту ў цывільным, каротка стрыжаны. Шатэністыя валасы ўжо моцна сівелі. Усмешка была па-дзіцячы хітраватая, твар лісіны, але ў нечым прыемны. Такі, напэўна, быў ва Ўленшпігеля. Насцярожвалі толькі вочы: то смяюцца, а то прамільгне ў іх нешта пранізліва-ўважнае, быццам пытае цябе да дна. То шэрыя прамяністыя, а то шэра-ледзяныя вочы.
— Чы тутай ест пан пробашч?
І тут загучала чысцейшая — у тэатры Купалы пашукаць — беларуская мова:
— Так. Чым магу быць карысным грамадзяніну-у…?
— Косміч Антон.
— Леанард Жыховіч. Дык што прывяло вас у гэты гожы, але забыты куток роднай старонкі?
— Ойча…
— Які я вам «ойча»? Я быў і ёсць заходнебеларускі, просты хлопец. Прынамсі, для вас, а не для касцельных дэвотак.
У двух словах я, не адкрываючы сваёй мэты, сказаў, што прыехаў даследаваць замак, і паказаў дакументы.
Читать дальше