Доўгі час я стаяў разгублены і думаў, што рабіць. Маім першым памкненнем было, безумоўна, паклікаць на дапамогу, але я не мог не разумець, што мяне тут жа абвінавацяць у забойстве. Гэтая смерць падчас сваркі і параненая галава будуць сведчыць супраць мяне. Да таго ж падчас афіцыйнага следства абавязкова ўсплывуць нейкія факты пра скарб, а я вельмі трывожыўся за гэты сакрэт. Морстэн сказаў мне, што ніводная душа не ведае, куды ён адправіўся. І я пачаў думаць, што ніхто пра гэта дазнацца не павінен.
Так я ўзважваў усе «за» і «супраць», як раптам падняў вочы і ўбачыў ля дзвярэй свайго слугу, Лала Чоўдара. Ён праслізнуў у пакой і замкнуў за сабой дзверы.
– Не бойцеся, сахіб, – сказаў ён, – ніхто не даведаецца, што вы яго забілі. Давайце схаваем цела – гэта будзе самы разумны выхад.
– Але я не забіваў яго, – сказаў я.
Лал Чоўдар пакачаў галавой і ўсміхнуўся.
– Я ўсё чуў, сахіб, – сказаў ён. – І вашую спрэчку, і гук удару. Але на мае вусны ляжа пячатка маўчання. Давайце вынесем яго адсюль.
Гэтага было дастаткова, каб прыняць рашэнне. Калі ў маю невінаватасць не верыць нават мой слуга, як я змагу апраўдацца перад дванаццаццю дурнымі гандлярамі на лаве прысяжных? Той жа ноччу мы з Лалам Чоўдарам пазбавіліся ад цела, і неўзабаве ўсе лонданскія газеты поўніліся згадкамі пра таямнічае знікненне капітана Морстэна. Як бачыце, мяне наўрад ці можна папракнуць. Але я вінаваты, што схаваў не толькі цела, але і скарб, завалодаўшы не толькі сваёй доляй, але яшчэ і той, што належала Морстэну. І таму я хачу, каб вы ўзнавілі справядлівасць. Цяпер нахіліцеся бліжэй. Скарб схаваны ў…»
У той жа момант выраз яго твару страшэнна змяніўся: вочы рэзка пашырыліся, сківіца адвісла, і пранізлівым голасам, якога я ніколі не забуду, ён закрычаў: «Выганіце яго! Богам малю, выганіце яго!». Мы абодва азірнуліся на акно за нашымі спінамі, куды быў скіраваны позірк бацькі. З цемры на нас нехта глядзеў. Мы ўбачылі пабялелы нос, прыціснуты да шкла. У незнаёмца, твар якога скрывіла грымаса неадольнае злосці, была ўскудлачаная барада і дзікія жорсткія вочы. Мы з братам кінуліся да акна, але твар знік. Калі мы вярнуліся да бацькі, яго галава адкінулася на падушкі, а пульсу не было.
У тую ж ноч мы прачасалі ўвесь сад, але нязваны госць не пакінуў і следу – толькі на клумбе пад акном мы знайшлі адзін адбітак падэшвы. Калі б не ён, мы палічылі б гэты страшны, скажоны гневам твар усяго толькі гульнёй нашага ўяўлення. Але хутка мы атрымалі яшчэ адно, больш незвычайнае пацверджанне таго, што вакол нас шныпарыць нямала сакрэтных выведнікаў. Ранкам мы заўважылі, што акно ў бацькавым пакоі адчыненае, і хтосьці пакорпаўся ў яго буфеце і шуфлядах, а на куфры ляжыць накрэмзаная на абрыўку паперы цыдулка: «Знак чатырох». Мы так і не дазналіся, што значыла гэтая фраза і хто быў нашым таямнічым наведнікам. Як мы маглі меркаваць, ніводную бацькаву рэч не скралі, затое ўсё было перавернутае дагары нагамі. Натуральна, мы звязалі гэты выпадак са страхам, які не даваў бацьку спакою пры жыцці, але ўся гісторыя дагэтуль застаецца для нас неразгаданай таямніцай.
Тут нізенькі чалавек спыніўся, каб распаліць кальян наноў і колькі хвілінаў задуменна папыхкаць дымам. Яго неверагодны аповед цалкам паглынуў нашую ўвагу. Слухаючы яго, міс Морстэн зусім збялела, і я нават пачаў хвалявацца, што яна страціць прытомнасць. Але выпіўшы шклянку вады, якую я наліў ёй з графіна з венецыянскага шкла, што стаяў на маленькім століку, яна ўзяла сябе ў рукі. Шэрлак Холмс задуменна адкінуўся на спінку крэсла і прымружыў бліскучыя вочы. Зірнуўшы на яго, я не змог не прыгадаць, як яшчэ нядаўна ён горка жаліўся на нуднае існаванне. Цяпер ён атрымаў загадку, якая патрабуе ад яго розуму самай напружанай працы. Містэр Тадэвуш Шолта пераводзіў позірк то на аднаго з нас, то на іншага і відавочна ганарыўся ўражаннем, якое зрабіла яго гісторыя. Час ад часу папыхкваючы дымам з даўжэзнае піпкі, ён працягваў:
– Уявіце, як захапілі нас з братам бацькавы словы пра скарб. У наступныя тыдні і месяцы мы старанна абследавалі і перакопвалі ўвесь наш сад, але так нічога і не знайшлі. Мы вар’яцелі ад думкі, што таямніца скарбу памерла на вуснах бацькі разам з ім самім. Пра раскошнасць страчанага багацця мы маглі меркаваць з ружанца, які ён прынёс у свой пакой. Дарэчы, гэты ружанец стаўся прычынай нашых з братам Барталам’ю невялікіх непаразуменняў. Перлы, відавочна, мелі вялізную каштоўнасць, і брат не хацеў з імі расставацца, у нейкім сэнсе атрымаўшы ў спадчыну, кажучы паміж намі, бацькаў недахоп. Да таго ж ён хваляваўся, што калі мы аддамо ружанец, абавязкова папаўзуць плёткі, і аднойчы гэта давядзе да бяды. Аднак я ўгаварыў яго знайсці адрас міс Морстэн і праз пэўныя прамежкі часу дасылаць ёй асобныя перліны, каб яна, прынамсі, не адчувала сябе пакінутай.
Читать дальше