Тады нікому ў голаў не прыйшло назваць гатэль гэтак жа сама, як і горад, у якім ён размешчаны.
У гатэльнай зале Кміціч агледзеўся: прысутных было няшмат – дзясяткі тры чалавек. Паназіраўшы яшчэ крыху, ён зрабіў выснову: чалавек пяць-сем – выступоўцы, яшчэ пяцёра – арганізатары, астатнія – гледачы.
Адкрываючы імпрэзу, Горцаў выказаў падзяку ўсім прысутным, асобна вылучаючы гасцей з іншых гарадоў, якія ўшанавалі сваёй прысутнасцю гэтую падзею.
Павел глядзеў, як падчас прамовы ходзіць кадык на горле выступоўцы, напінаючы зашпілены гузік на кашулі. У пэўныя моманты здавалася, што вось-вось гузік не вытрымае гэткага напружання і адарвецца, выпускаючы са зняволення адамаў яблык Горцава. Аднак неўзабаве напружанне спадала, і кадык зноў пачынаў свой нястомны рух уверх-уніз.
Павел агледзеў разнамасную публіку, якая сабралася паслухаць выступы краязнаўцаў. Было тут некалькі маладых людзей, але пераважная большасць – у гадах, часам ужо нават далёка не маладыя. Асноўную масу складалі мужчыны, жанчын было мала, дый тым у цэлым пераваліла за пяцьдзясят гадоў. Так што, падсумаваў сабе Кміціч, у сэксуальным плане на цікавыя знаёмствы можна не разлічваць…
Пасля сябе Горцаў запрасіў выступіць аднаго з мясцовых паэтаў, які прачытаў верш пра родны горад. Пачутае Кміцічу не спадабалася: занадта шмат пафасу і меладраматычнасці. Аднак разам з іншымі ён ветліва пляснуў пару разоў у ладкі, дзякуючы аўтару.
Потым выступаў патлаты мясцовы краязнаўца, які распінаўся пра слаўных выхадцаў з мясцовай шляхты, якія ўзбіліся на значныя дзяржаўныя пасады ў сярэднявеччы, у часы Вялікага княства Літоўскага, калі дзверы заміж клямкі кілбасамі падвязвалі… Калі патлаты нахіліў галаву, каб нешта разабраць у сваіх паперах, Павел пабачыў, што пасярод галавы ў таго сонечна ззяе лысіна. Доўгавалосы, але лысы, падумаў Кміціч, у душы падзівіўшыся гэтаму аксюмарану.
Кміцічу выпала выступаць наступным за патлатым лысуном. Яму падалося, што слухалі яго з цікавасцю, але ўпэўненасці ў гэтым ён не меў. Зрэшты, ніхто не заснуў – і на гэтым дзякуй…
У цёплым вагоне швейцарскай электрычкі «Штадлер», якая везла яго ў Менск, журналіст, размораны сытным пачастункам і ўкалыханы дарожным пагойдваннем, прыспаў. Калі ён прачнуўся, то раптам пабачыў, што месца насупраць, якое было вольным ад пачатку дарогі, цяпер занятае чалавекам у мешкаватай сіняй зімовай куртцы. Пульхная адзежына хавала пад сабой фігуру, так што было складана ўгадаць, худое ці тоўстае цела пад ёй.
Новы сусед меў выразныя вясковыя рысы твару – прыродныя, рэзкія, неабгабляваныя кампрамісамі гарадскога жыцця. Нос – быццам глюга, глыбокія складкі апускаліся ад яго да краёў вуснаў, над вачыма калмаціліся густыя бровы.
Штосьці падалося знаёмым Кміцічу ў гэтым абліччы. І праз нядоўгі час ён прыгадаў: гэты чалавек быў сярод публікі на краязнаўчай канферэнцыі. Значыць, цяпер яны разам вяртаюцца ў сталіцу…
Сусед нібыта чакаў, калі на Паўлавым твары мільгане пробліск пазнавання, і адразу павітаўся з ім:
– Добрага дня! Мне вельмі спадабаўся ваш даклад на аршанскай канферэнцыі – цікавы і змястоўны.
Павел ветліва, але халодна падзякаваў, не жадаючы працягваць размову, аднак суседа гэта не спыніла:
– Столькі цікавага вам удалося знайсці! Не паверыце, але я слухаў літаральна разявіўшы рот. Гісторыя, якую вам удалося высветліць, адна цягне на цэлы прыгодніцкі раман. Альбо нават можна па ёй зняць кіно – будуць глядзець з захапленнем.
Кміцічу стала прыемна, хаця ў глыбіні душы ён адчуў пэўную трывогу: было ў гэтым мёдзе славаслоўя штосьці падазрона-прытарнае, нейкі прысмак, які не даваў да канца паверыць у шчырасць выказанага… Каб адчапіцца ад назолістага суседа, ён стаў пазіраць у акно – ледзь не дэманстратыўна.
Суразмоўца адчуў, што яго кампліменты не дасягнулі жаданага выніку, і адразу ж загаварыў неяк похапкам, быццам спяшаючыся атрымаць сваю хвіліну ўвагі, пакуль журналіст не заснуў чарговы раз:
– Мне здаецца, што падобных таямнічых гісторый, звязаных з Аршаншчынай, можна знайсці безліч, толькі мы пра іх нічога або зусім нічога не ведаем. Альбо вось бывае такое, што нехта валодае рэдкімі дакументамі, але не мае вашай здольнасці вынесці іх на публіку ў цікавым, белетрыстычным, можна сказаць, выглядзе. Так, каб усе толькі раты паразяўлялі і сказалі: «Ах!»
Ён утаропіўся ў твар Кміцічу, пільнуючы, ці заглынуў яго слухач старанна падрыхтаваную прынаду. І дадаў, панізіўшы голас:
Читать дальше