Аднак званок усё ж зрабіў сваю чорную справу: блакада начных фантазій была перарваная. Кміціч паспрабаваў згадаць, куды ён збіраўся зранку, што паставіў сабе будзік, каб не праспаць. Ніякай прычыны для ранняга пад’ёму не ўспаміналася.
Павел пацягнуўся, пасля чаго працягнуў руку і ўзяў мабільнік. Зірнуў час – пачатак на адзінаццатую. Праверыў будзік: на гэты час ён яго не заводзіў. Што ж, застаецца адзін варыянт – мабыць, нехта тэлефанаваў яму.
Сапраўды, на экране высвеціўся нейкі незнаёмы нумар. Кміціч гмыкнуў: калі трэба, то яшчэ раз ператэлефануюць. І быццам пачуўшы ягоныя думкі, тэлефон зноў завібраваў пад раскацістыя акорды – зноў той самы незнаёмы нумар.
Кміціч не тое каб любіў паспаць – проста гэтай ноччу ён дапісваў артыкул і заседзеўся да позняга: праца ішла добра, дый час прыспешваў – да дэдлайну заставаўся апошні дзень. Артыкул ён дапісаў, таму зранку дазволіў сабе паспаць лішнія пару гадзінак. Але прачнуцца давялося не па сваёй волі…
– Слухаю, – уласны голас падаўся Паўлу чужым і далёкім, быццам гучаў з нейкага глыбокага тунэля.
– Спадар Павел? – голас суразмоўцы, наадварот, быў да непрыстойнасці бадзёрым і свежым. Адразу было ясна, што яго ўладальнік падняўся даўным-даўно, зрабіў зарадку і прабежку, пасля чаго прыняў кантрасны душ, з’еў лёгкі сняданак з абавязковым апельсінавым сокам і даўно займаецца працоўнымі справамі.
– Так, гэта я, – пацвердзіў Кміціч, з цяжкасцю варочаючы зашэрхлым языком.
– Вас турбуе Андрэй Горцаў з Воршы, – імпэтна працягваў нябачны далёкі суразмоўца. – Мы ладзім гісторыка-краязнаўчую канферэнцыю ў сярэдзіне снежня і хацелі б запрасіць вас да ўдзелу. Нас вельмі зацікавіў ваш артыкул, прысвечаны 1918 году ў нашым горадзе і ротмістру Якабіні, таму мы б хацелі вас прасіць зрабіць даклад на гэтую тэму. Магчыма, у вас засталіся нейкія эксклюзіўныя матэрыялы, якія не ўвайшлі ў гэты артыкул, якімі вы б хацелі падзяліцца з шырокай публікай…
Кміціч уздыхнуў і, папрасіўшы прабачэння («Зараз я заняты і не магу з вамі размаўляць»), прапанаваў ператэлефанаваць пасля абеду: маўляў, тады ён будзе больш вольны і зможа абмеркаваць свой удзел у гэтым мерапрыемстве.
…Вядома ж, ён пагадзіўся: перарабіць журналісцкі тэкст у нейкі навуковападобны даклад было не вельмі складана, а тэма, закранутая ў ім, пакуль яшчэ не адпусціла Кміціча.
Дзякуючы некаторым архіўным дакументам ён сабраў (хоць і не цалкам) гісторыю ротмістра Якабіні, які ў 1917–1918 гадах ствараў Першы беларускі полк і меўся павесці сваіх байцоў на абарону Усебеларускага сходу. Аднак у супрацьстаянні з бальшавікамі Якабіні прайграў – удача была на іх баку, і афіцэру давялося ўцякаць літаральна з-пад руляў вінтовак.
Постаць Якабіні заварожвала Кміціча: яму бачылася ў гэтым афіцэры штосьці рамантычна-ўзнёслае, без усялякага налёту авантурызму, так характэрнага для рэвалюцыйных і паслярэвалюцыйных закалотаў.
Канферэнцыя ў Воршы была прызначаная на пачатак зімы: яе традыцыйна прымяркоўвалі да 13 снежня – даты, калі горад атрымаў Магдэбургскае права. Такім чынам, Кміціч атрымаў на пераробку свайго артыкула пару тыдняў – цэлы вагон часу…
Але, натуральна, дапісваў ён тэкст у самыя апошнія дні і ўносіў праўкі ледзь не перад самым ад’ездам у Воршу.
На чыгуначным вакзале яго сустрэў бялявы невысокі хлопец з чыстым тварам дзіцячай лялькі-галыша, не кранутым ніякімі сур’ёзнымі клопатамі. Выявілася, што ён і быў тым самым Андрэем Горцавым, які запрашаў Кміціча на канферэнцыю. Час дазваляў, таму аршанец прапанаваў госцю спярша завітаць у кавярню, а толькі потым адправіцца на выступ.
У кавярні Павел паглядзеў на падзасохлыя канапкі, нягеглыя лісцікі салаты – і рашуча адмовіўся ад усяго, акрамя кавы з булачкай.
– Ну, не пераймайцеся, – супакоіў яго Горцаў. У кавярні ён зняў пухавік, пад якім апынуўся шэры пінжак і блакітная кашуля, зашпіленая аж да апошняга гузіка, пад самым горлам. – У нас пасля канферэнцыі яшчэ плануецца пачастунак для запрошаных удзельнікаў.
Кміціч падзякаваў і дадаў, што пасля дарогі яму ўсё адно пакуль што есці не хочацца.
Краязнаўчая канферэнцыя праходзіла ў зале мясцовага гатэля, назва якога не вылучалася арыгінальнасцю і супадала з найменнем горада. Якраз напярэдадні Павел гартаў памятныя кніжкі Магілёўскай губерні, куды Ворша ўваходзіла ў часы Расійскай імперыі, – хацеў расквеціць свой выступ нейкімі дадатковымі звесткамі. Адтуль ён выпісаў сабе назвы гасцініц, якія існавалі ў горадзе акурат напярэдадні рэвалюцыі: «Цэнтральная», «Палыкаўская», «Эрмітаж», «Брысталь», «Дняпроўская», «Нумары Гофмана» (так насамрэч клікалі іх уладальніка. Пра гэта сведчыў запіс у даведніку – Евель-Хаім Гіршавіч Гофман), «Арлоўскія нумары», «Вакзальныя нумары», «Брэст-Літоўская гасцініца», «Парыжская», «Камерцыйная».
Читать дальше