І зараз гаспадар быў тут, у кабінеце. Андрэй пабачыў у фатэлі яго фігуру – Пашкоўскі, верагодна, задрамаў за працай: яго галава адкінулася назад, на спінку фатэля, таму на госця глядзела бездапаможная лысіна. Рукі мужчыны расслаблена звешваліся з білцаў, левае рукаво халата, відаць, зачапілася і нязграбна закасалася, агаляючы немаладую руку з дагледжанымі пальцамі.
«Стаміўся», – зразумеў Камар і хацеў ціхенька выйсці, пакінуўшы гаспадара ў спакоі. Аднак яму стала надзвычай цікава, што за праца так знясіліла Пашкоўскага. Яго вабілі паперы, якія ляжалі на стале перад гаспадаром.
На дыбачках малады чалавек падышоў да фатэля і зірнуў з-за пляча мужчыны, які працягваў нерухома сядзець. Машынальна Андрэй спярша кінуў позірк на самога гаспадара, каб упэўніцца, што той не прачынаецца.
Пабачанае нібыта заваражыла яго, прыкула погляд да адной кропкі.
Пашкоўскі быў мёртвы.
Яго галава была адкінутая на спінку. Твар ссінеў, а з грудзей тырчалі тронкі нажа, быццам прымацоўваючы цела да фатэля.
Абазнаны спецыяліст зразумеў бы, што мужчыну задушылі, а толькі потым ужо ў мёртвае цела ўваткнулі нож, таму крыві амаль не было. Але Андрэй не быў спецыялістам. Дый быў ён занадта агаломшаны гэтым нечаканым выглядам мёртвага Пашкоўскага, каб цвяроза разважаць.
Вылучалася толькі адна нечаканая дэталь, якая потым пераследавала юнака ва ўспамінах. На грудзях мерцвяка англійскай шпількай была прымацаваная белая ружа.
Сляпуча-белая, нібы нежывая.
Андрэй адступіў назад, не ў змозе адарваць позірк ад фігуры, выгляд якой напаўняў яго цяпер неўтаймоўным жахам. Сэрца шалёна калацілася, ногі падгіналіся, як ватныя.
Апынуўшыся ў выратавальнай цемрадзі калідора, малады чалавек нарэшце павярнуўся і стрымгалоў кінуўся з кватэры. Лесвічныя прыступкі замільгалі ў яго пад нагамі, потым на змену ім прыйшла вулічная брукаванка, аднак Камар нават не заўважыў гэтай змены – ён бег, нічога не бачачы перад сабой, бо замест вуліц, дамоў, людзей у яго перад вачыма стаяла вусцішнае відовішча: мёртвае цела з кроплямі крыві, сляпуча-белая, не кранутая гэтай кроўю ружа…
Белая, белая ружа.
З ПРЭСЫ
Падрабязнасці арышту Антона Луцкевіча
12 кастрычніка ў 7 з паловай гадзін раніцы паліцыя па загадзе пракурора ўвайшла ў памяшканне грам. А. Луцкевіча па Віленскай вул., № 8, і зрабіла рэвізію, якая цягнулася да 1-ай гадзіны дня.
Як піша ўрадавы «Кур’ер Віл.», А. Луцкевіча «арыштавалі ў сувязі з следствам у справе з ліквідаванай у сваім часе «Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады», найвыдатнейшыя правадыры якой, як вядома, пасаджаны ў астрог у Вронах». А. Луцкевіча пасадзілі ў Віленскі астрог на Лукішках.
Савецкая Беларусь, 16 кастрычніка 1927 года
Павел Кміціч лацвей уладкаваўся ў разгалінаванні старой ліпы: яго спіна нават праз куртку адчувала трывалую, цвёрдую шурпатасць ствала, правая нага не проста звісала з шырокай галіны, а надзейна абапіралася на другі сук, які рос ніжэй.
Павел падняў да вачэй бінокль і навёў рэзкасць: акно дома, насупраць якога ён сядзеў, рэзка наблізілася, быццам адчыняючыся перад ім. Тонкая цюлевая фіранка не хавала гнуткай паставы дзяўчыны, якая распраналася пры мяккім святле лямпачкі. Вось узляцела ўгару і зняможана апусцілася на ложак зялёная сукенка, і на дзяўчыне засталіся толькі карункавы антрацытава-чорны станік і вузенькія майткі-стрынгі такога ж колеру.
Кміціч адчуў, што яго дыханне стала частым і цяжкім, унізе жывата ўсё соладка наструнілася.
Дзяўчына завяла рукі за спіну і расшпіліла кручкі станіка. Ён саслізнуў, вызваляючы невялікія грудкі з пупышкамі-смочкамі.
Раптам дзяўчына павярнулася, быццам неспадзявана пачула нешта ў сябе за спінай. Кміціч пабачыў, як яна ўзяла ў рукі мабільнік. Але гаварыць з тым, хто ёй тэлефанаваў, не хацела: стаяла і разгублена глядзела на экран, не націскаючы кнопкі і не падносячы тэлефон да вуха.
«Ну, што ж ты! Адкажы на тэлефанаванне ці пакладзі мабілу і распранайся далей», – Павел з прыкрасцю пачаў пакусваць вусны.
Аднак тэлефонны званок не змаўкаў, і Кміціч зразумеў, што гэта звініць яго мабільнік, бязлітасна вырываючы яго з такога смачнага сну. Мабыць, спрацаваў будзік, які Павел паставіў сабе з вечара.
Ён працягнуў руку і, амаль не расплюшчваючы вочы, націснуў клавішу адмены: падымацца не тое каб не хацелася – не было ніякай змогі. Сон апаясваў яго сваімі нябачнымі кунтушамі…
Читать дальше