9. Якраз тут ён увесь i заззяў ад задавальнення i ўсведамлення сваёй моцы. Рухавы i поўны энергii - такi, якiм яго ведала большасць афiнян у выпiўках, сварках i бойках з ворагамi, - ён упэўнена ўзышоў на трыбуну i, прыжмурыўшы хiтрыя вочы, няспешна сказаў iм усё тое, што вы зараз прачытаеце.
10. Тыя, быццам бы сапраўдныя, "апалогii", напiсаныя яго сябрамi i вучнямi, усе - проста выдумкi, нiкчэмныя спробы даказаць, што Сакрат быў невiнаваты, што Закон быў справядлiвы, а суддзi - добрыя i сумленныя афiняне, якiя дапусцiлi памылку, а вiнаватыя ва ўсiм толькi трое нягоднiкаў - тыя, што ўсяляк назалялi небараку.
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1. Колькi цяпер гадзiн? Ды ўжо за поўдзень! Шэсць гадзiн, як лёду, прайшло, а я нiчога не чуў. Пад старасць, як бачыш, пагоршаў мой слых. А калi б у Адысея была мая загана, ён не заляпляў бы вушэй воскам i не прывязваў бы сябе да мачты, каб не чуць салодкага спеву смерцi. Але (раз ужо гаворка зайшла пра гэта) спеў смерцi глыбока запаў яму ў душу i потым усё жыццё чуўся яму.
2. Ды нават каб у мяне было дзесяць здаровых вушэй, я зноў бы нiчога не пачуў. Я разгубiўся перад гэтым вялiзным i разнамасным натоўпам. Мне прымроiлася, што я на тым свеце i мяне, ужо мёртвага, судзяць пяцьсот Плутонаў. Таму я i ўсмiхаўся гэтак пакорлiва. Усё ад страху, разгубленасцi i глупства. Ага! Я адчуваю, як у маёй душы затрымцела патрыятычнае славалюбства. Прынамсi, i мне ўласцiвае гэта высокае пачуццё. Сапраўды, там, дзе пускае каранi гэтая Трыяда (глупства, разгубленасць i страх), i Закон моцны, i Народ шчаслiвы.
3. Такiм чынам, я нiчога не чуў, бо нiчога не кемiў розумам. Некалi мой розум меў звычку вандраваць у нейкую дзiвосную краiну, куды нiколi нi птушка не далятала, нi карабель не даплываў, бо яе нiколi не было. Адтуль ён вяртаўся аглушаны i аслеплены, ахоплены невыносным болем. Гэта была краiна Iдэй, грамадзяне афiняне! I з тым, хто хоць адзiн раз ступiць у яе, будзе гэтаксама, як з Тырсеем, якi ўбачыў Паладу зусiм голай: ён назаўжды аслепне.
4. Але вось апошнiм часам мой розум паводзiць сябе, як асёл, якi раптоўна апынуўся перад безданню цi на гнiлым мосце. Ён упiраецца, наравiцца, упарцiцца i не жадае ступiць нават паўкроку далей за свой нос. Так i мяне прымушаюць згiнацца i глядзець на свой нос. Усе на свеце! Бязмежнасць брыдоты - гэта значыць iсцiны. У мяне ў галаве замарач i ў скронях нiбы молатам б'е. Дзiўна! Мы бачым багоў, iдэi, сны, мiнулае, будучыню i не бачым свайго носа, грамадзяне афiняне! I цяпер я разумею, што сапраўды мудры толькi той, хто здолее ўбачыць i зразумець яго. А я дык нiколi i не падазраваў пра яго iснаванне, хоць усе мяне дражнiлi, кажучы, што ён пляскаты i кiрпаты, як у малпы цi ў казла. Прынамсi, я нiчога не чуў, бо ўвесь гэты час вывучаў свой нос, каб стаць мудрым.
5. Вядома, я перабольшваю. Не можа быць, каб я нiчога не чуў. Да вуха майго зрэдку даляталi то лаянка абвiнаваўцаў, то вашыя праклёны. I я ўсмiхаўся ў душы тым з'едлiвым адказам, што прасiлiся на язык. Але я не мог выказаць iх вам у той момант: закон забараняе перапыняць прамоўцу. Гэтак я i стрымлiваўся, каб сказаць вам усё адразу ў канцы - так стрымлiваюць i цярплiва адкладваюць сваю патрэбу, баючыся выйсцi на двор зiмовай ноччу, калi вые вецер, шалее непагадзь. Але вось надышла мая чарга гаварыць, i я забыўся, пра што збiраўся казаць, а ўспамiнаць няма ахвоты.
6. Тое, што я найлепей пачуў, быў ваш смяротны прысуд. Я ведаў пра гэта ад самага пачатку, бо я цалкам перакананы, што мы жывём у эпоху заняпаду. Але калi б я гэтага загадзя не ведаў, мне было б няцяжка здагадацца. Вашыя сонныя вочы i вашыя пазяханнi яскрава сведчаць пра гэта. Не было анiякае патрэбы вымушаць гэтую доўбню вяшчальнiка гарлапанiць мне ў вушы. Але нават калi б вы не драмалi, то й тады вы б мяне забiлi. Зiрнiце на абвiнаваўцаў! Прыгожыя, багата апранутыя, з важным выглядамi Запiсныя патрыёты! Багацеi, свяцiлы Рэспублiкi! А цяпер зiрнiце на мяне. Ну i пыса! Абадранец, падшыванец, аматар пасварыцца, лайдак, сапраўдная нiкчэмнасць. "Наймудрэйшы з людзей"! Дзе ж мне схавацца? Зямля гатовая раскалоцца i праглынуць мяне. I я б на вашым месцы не пасаромеўся засудзiць мяне на смерць i на бязлiтасную лупцоўку; лiчыў бы i тое, i другое вялiкiм гонарам для сябе.
7. Але душа iх прыгажосцю i багаццем нашмат пераўзыходзiць iх знешнасць i вопратку. Навошта ж яны прынiзiлi сябе, патрабуючы смерцi для мяне? Дзеля дабра дзяржавы. Буду я жывы цi памру - яны нiчога не выйграюць. Нi палёў, якiх у мяне няма, каб iх можна было паскупляць на аўкцыёне, нi грошай (скуль мне iх узяць?), якiя б я мог заплацiць, каб яны забралi назад свой данос; i, вядома, яны спяшаюцца зрабiць удавой старую Ксанцiпу не дзеля таго, каб з ёю ажанiўся хто-небудзь з iх трох (во быў бы набытак!). Яны хочуць маiм падзеннем, грамадзяне афiняне, умацаваць у душах вашых Дабрачыннасць, якая сур'ёзна пахiснулася. Правадыры народа! Каб яны не былi сумленныя i чыстыя, дык яны былi б абвiнавачанымi, а я - абвiнаваўцам.
Читать дальше