Некалькi гадзiн таму ён насцярожаны, але ўпэўнены ў поспеху iшоў на першую сустрэчу з чалавекам, якi вось ужо некалькi дзён яму дапамагаў. Раней чалавек толькi тэлефанаваў i на сустрэчу не згаджаўся, а тут, вiдаць, здарылася нешта надзвычайнае, ён настаяў на спатканнi. Бусел не давяраў гэтаму «добраахвотнiку», але яго перасцярогi спраўджвалiся. Першы раз невядомы патэлефанаваў дадому, i Бусел не надта паверыў п’янай балбатнi пра гарадскi кiрмаш, пра нейкую злачынную банду. «Добраахвотнiк», адчувалася, быў на добрым падпiтку i блытана гаварыў пра хабарнiцтва, наркотыкi, шантаж, нават забойствы. А напрыканцы размовы, быццам мiж iншым, паведамiў, што заўтра ў адзiнаццаць гадзiн са склада фармацэўтычнай фабрыкi, што на вулiцы Светлай, выедзе машына. І, калi добра пашукаць, каля рухавiка, блiжэй да радыятара, можна знайсцi не меней як трыста ампул з морфiем. Бусел не сцярпеў, спытаў, чаму незнаёмы звяртаецца да яго. У адказ пачуў смех i нешта накшталт таго, што капітан больш за iншых яму падабаецца i, галоўнае, сярод зэкаў ходзяць чуткi, што ён сумленны, непрадажны мент…
На фармацэўтычнай фабрыцы сапраўды значылася машына, нумар якой паведамiў «добраахвотнiк». Бусел рызыкнуў, i ўсё атрымалася так, як прадказваў невядомы. Вадзiцель, нехта Кузаўкоў (ён жа значыўся экспедытарам), калi знайшлi скрынку з ампуламi, так расхваляваўся, што сэрца не вытрымала, i яго проста ад прахадной забрала хуткая дапамога. А ранiцай у бальнiцы Кузаўкова знайшлi мёртвым: тое, што не зрабiў iнфаркт, зрабiла тонкае блiскучае шыла, якое выцягнулi з халоднага цела.
З гэтага моманту ўсё i закруцiлася. На iмя начальнiка крымiнальнага вышуку Бусел напiсаў падрабязную iнфармацыю наконт размовы з невядомым, якi папярэдзiў пра вываз наркотыкаў. І цяпер маёр Вашкевiч кожную ранiцу цiкавiўся, цi выходзiў на сувязь «добраахвотнiк», якi мог пралiць свет на забойства i дапамагчы сышчыкам.
Бусел таксама чакаў званка, ён iнтуiтыўна адчуваў, што чалавек будзе шукаць сустрэчы, i не памылiўся. На чацвёрты дзень, а дакладней, ноччу, а другой гадзiне, той жа п’яны голас прахрыпеў:
– А мне казалi, што ты разумны мент… Такi ляпсус недаравальны… Што маўчыш?
Што мог адказаць Бусел таму невядомаму, якi хутчэй за ўсё з ягонай дапамогай зводзiў з кiмсьцi нейкiя свае рахункi?
– Маўчыш, Бусел? Дый што сказаць, – здзекаваўся голас. – Каб не было патрэбы, каб мог сам забiць асiнавы кол, з мянтоўкай не звязваўся б. Але за месца пад сонцам трэба ваяваць, таму дапамагу сабе i табе яшчэ разок. Слухай уважлiва i больш не памыляйся: на гарадскiм кiрмашы ацiраецца Князь, Кузаўкоў – ягоная работа. Май на ўвазе, што ён на сэрца не хворы, умее пастаяць за сябе, пыл пусцiць у вочы i не расколецца, прыйдзецца павалэндацца. А каб ён быў больш згаворлiвы, у газавай плiце знойдзеш усё, каб на пяток гадоў адправiць да гаспадара лес валiць.
На тым скончылася другая размова. Князя Бусел ведаў асабiста i, не дачакаўшыся ранiцы, выклiкаў з аддзела машыну i сярод ночы з’явiўся на кватэру злачынца. Канечне, санкцыi пракурора на вобыск у яго не было, i Бусел усю адказнасць узяў на сябе. З газавай плiты, як i казаў па тэлефоне «добраахвотнiк», выцягнулi цэлы арсенал зброi. Чатыры пiсталеты, патроны, нават дзве супрацьтанкавыя гранаты. Шырачэзны ў плячах, крыху ссутулены Князь, ён жа Павел Скакун, маўчаў i толькi, сцiскаючы кулакi, зыркаў на Бусла халоднымi, скамянелымi вачыма. На шчацэ нервова тузаўся чырвоны шнар.
Бусел атрымаў вымову ад начальства за тое, што не паведамiў ноччу пра размову з» добраахвотнiкам» i рызыкаваў жыццямi ўсёй аператыўнай групы, але да вымовы аднёсся абыякава: на адну болей цi меней, што за бяда? На зброi знайшлi адбiткi пальцаў Князя, i ён прызнаў сябе вiнаватым у захоўваннi зброi, ды i толькi. А вось адкуль гэты арсенал – так i заставалася таямнiцай. Князь трымаўся свайго: «Купiў у невядомых каўказцаў, а дзе тыя ўзялi, не ведаю. У iх цяпер поўна гэткага дабра, кожны нешта мае, вось i шукайце, на тое вы i мiлiцыя…»
…Быў яшчэ i трэцi званок «добраахвотнiка». Ён патэлефанаваў, выключна каб павiншаваць з паспяхова праведзенай аперацыяй, i, як мiнулыя разы, некалькi хвiлiн куражыўся, пасмейваўся з капiтана, але Бусел цярплiва чакаў. Яго ўсё больш пачынала цiкавiць прычына паводзiн невядомага, а ў п’янага магло нешта зляцець з языка. «Добраахвотнiк» папярэдзiў, каб сцераглi Князя, i, перш чым кiнуць трубку, сур’ёзна зазначыў:
– Ён пешка! Але ж за ягонай спiнай сцiшылiся тыя, па кiм даўно плачуць турэмныя краты.
Некалькi дзён напружанай працы поспеху ў раскрыццi забойства не прынеслi. Скакун, даведаўшыся, што яго вiнавацяць у забойстве Кузаўкова, патрабаваў доказы. Ён меў амаль неабвяргальнае алiбi: у тую ноч п’яны спаў на вакзале. Яго i сапраўды затрымаў нарад мiлiцыi, але ж тое здарылася а чацвёртай гадзiне, а дзе быў з дзвюх да трох? Якраз у гэты час забiлi Кузаўкова. Князь стаяў на сваiм: «Быў п’яны i нiчога не памятаю».
Читать дальше