– Магчыма i так, – пагадзiўся генерал i нечакана спытаў: – А чаму не давяраеце свайму начальнiку?
Кудзiн чакаў гэтага пытання, бо менавiта яно прымусiла шукаць сустрэчы з Рашэткiкавым, таму i адказ быў падрыхтаваны яшчэ да таго, як напрасiўся на аудыенцыю.
– Маёр Барана i палкоўнiк Белы – даўнiя блiзкiя сябры, – узрушана выпалiў Кудзiн. – Я не меў права рызыкаваць…
– Маеце факты здрады?
– Пакуль што не, толькi падазрэннi, але…
– Зразумела, – устаў з-за стала генерал. – Аб сваiм рашэннi я Вам паведамлю.
Першакласны акiянскi лайнер з трошкi таямнiчай i iнтрыгуючай назвай «Меркурый» iмклiва рассякаў воды Атлантычнага акiяна. Разамлелы дыск агнiстага ранiшняга сонца толькi-толькi, як бы неахвотна, выкульваўся на небакрай i залацiстай коўдрай клаўся на марскую, без адзiнай хвалi, люстэркавую роўнядзь.
Галiна Александровiч стаяла каля расчыненага iлюмiнатара i зачаравана назiрала за тым, як прачынаецца дзень, дзень, якi можа стаць галоўным у яе жыццi, узнесцi яе на недасягальную вышыню, а можа i… Пра горшае думаць не хацелася.
«Заўтра ў Лас-Пальмасе я скажу табе нешта архiважнае», – звечара паабяцаў Сiдоркiн, i Галiна не спала ўсю ноч, шмат перадумала, гадала-перагадвала, хоць жаночая iнтуiцыя i падказвала, пра што павядзе рэй Сцяпан Кузьмiч. Раптоўная паездка на Канарскiя астравы нечакана раскрыла вочы, i яна ўпершыню ўсур’ёз успрыняла заляцаннi Сцяпана Кузьмiча. Менавiта гэта ўстрывожыла, а крыху напалохала тое, што ейны Кузьмiч нечакана аказаўся не проста «старычком», а «багаценькiм старычком». Галiна i да паездкi ведала, што Сiдоркiн мае капейчыну, усё ж дарыў не проста каменьчыкi, але нават уявiць не магла, што ён – мiльянер, i не драўляны, а доларавы.
У цягнiку Мiнск – Масква Александровiч адразу адчула сябе, яна аказалася адзiнай жанчынай ува ўсiм вагоне, астатнiя былi ахоўнiкамi Сiдоркiна. Калi каханак сказаў пра гэта, не паверыла, засмяялася. Масква пераканала ў праўдзiвасцi слоў Сцяпана Кузьмiча, бо сустракалi яго, быццам Папу Рымскага… Не стрымалася, не магла дараваць насмешкi, упiкнула: «Цябе возяць, як прэзiдэнта!» Сiдоркiн iмгненна адчуў настрой каханкi i сур’ёзна адказаў: «У Беларусi можа быць толькi адзiн прэзiдэнт».
Трошкi пазней Галiна зразумела i ацанiла мудрасць Сцяпана Кузьмiча. Ён не чапляў на шыю кiлаграмовых залатых цi плацiнавых ланцугоў, не абвешваўся тэлефонамi розных марак, як партызан гранатамi, не шыкаваў на дарагiх машынах. Для ўсiх, у тым лiку i для яе, у Беларусi ён быў сераднячком, чалавекам, якi мог утрымлiваць каля сябе прыгожую, нашмат маладзейшую жанчыну, i не больш за то. На гэта нiхто не звяртае ўвагi, i падатковыя органы глядзяць скрозь пальцы, а дазволь ён лiшняе – адразу патрапiць у кола падазроных, тых, каго можна i трэба прымусiць падзялiцца сваiм багаццем. «Стары ваяр – мудры ваяр», – любiў паўтараць Сцяпан Кузьмiч, i ў гэтым ён быў увесь…
Пасля некалькiх дзён, праведзеных у Маскве, яны паляцелi ў Iталiю i перад марскiм падарожжам на Канарскiя астравы, куды Сiдоркiн цяпер не надта спяшаўся, тыдзень жылi паблiзу Турына ў вялiзным старадаўнiм палацы. Калi Галiна спыталася, каму належыць гэтая шыкоўная трохпавярховая будынiна з басейнам i агромнiстай пляцоўкай для гульнi ў гольф, палюбоўнiк, унiкаючы ейных вачэй, няўпэўнена прамармытаў нешта пра арэнду i перавёў размову на iншае.
Ён вiдавочна хiтрыў, але паводзiў сябе як сапраўдны гаспадар. За тыдзень кожную ранiцу з’яўлялiся нейкiя людзi, па ўсiм будаўнiкi, Сцяпан Кузьмiч раскiдваў у гасцiнай на вялiкiм дубовым стале план палаца i гаварыў, дзе i што трэба адрамантаваць цi перарабiць. Ён употай ад каханкi вышукваў у тоўстым каляровым каталозе ўзоры новай мэблi i рабiў на яе заказы.
Галiна больш не назаляла Сiдоркiну пытаннямi, зрэшты, што ёй да клопату палюбоўнiка. Замкнулася, бяздзелле пачынала нудзiць, неабжыты палац нечакана здаўся турмой. Ёй было сумна. Ад нахлынулай меланхолii i дэпрэсii ў Александровiч было адно лякарства – яна напiвалася. Iталiя не стала выключэннем: бутэлька неразбаўленага вiскi не толькi пазбавiла ад дэпрэсii, яна прымусiла Сiдоркiна кiнуць усё i павезцi каханку на Канарскiя астравы. Праўда, плыць да Лас-Пальмаса на марскiм лайнеры захацела Галiна, i не таму, што ёй вельмi хацелася адчуць марскую гайданку, яна яе не пераносiла, а таму, што гэтая вандроўка была самая дарагая. З пэўнага часу Галiна атрымлiвала вялiкую асалоду i задавальненне ад таго, што, не лiчачы, магла трацiць грошы Сiдоркiна. Ёй хацелася трацiць як мага больш, ведала: такога шанцу больш можа не быць.
Читать дальше