Ён перадаў усё гэта лянiва, з пагардаю. Уздыхнуў.
- Усе аднолькавыя! Думаюць, я скупы. Дзiўлюся нават, як гэта хто з iх не прыйдзе сюды, каб прыкончыць мяне ды прыхапiць мае бабкi... Бо ж думаюць, я сплю над iмi, што матрац у мяне набiты купюрамi, золатам...
Зрэшты, Жэрмэн знала, што ён не быў скупы. Яна была, бадай што, адзiны чалавек, якi ведаў яго. Бацька не быў скупы - ён быў маньяк.
Мала якiя з карцiн i iншых каштоўнасцей з тых, што кралi яму на вiлах i ў багатых кватэрах гэтыя дурнi (як казаў, бязмерна пагарджаючы клiентамi, пан Франсуа), прадавалiся. Аматар мастацтва згаджаўся развiтацца з некаторымi набыткамi толькi тады, калi яны выклiкалi ў яго сумненне ў сваёй арыгiнальнасцi або былi вiдавочна другарадныя.
Лiчылi, што нявартыя рэчы iшлi ў Амерыку, а большасць калекцыi, творы сапраўды каштоўныя, заставалiся на вiле, i па вечарах стары ў адзiноце з асалодаю аглядаў сваё багацце.
- Ты яму што-небудзь даў?
- Не.
- Што ён табе сказаў?
Яна добра ведала бацьку. Менавiта таму, што ведала, i пайшла аднойчы з яго дому. Ёй не было тады яшчэ i дваццацi.
Адзiн з яго клiентаў, дваццацiдвухгадовы хлопец, загiнуў, здабываючы бацьку антыкварную рэч. Ён таксама купiў у аднаго з ранейшых клiентаў бясхвостага парсючка, прыйшоў у краму, на сценах якой вiселi жудасныя лiтаграфii ў чорных рамках. Хто б мог надумацца шукаць у гэтым склепе якiя-небудзь шэдэўры?
Жэрмэн выпадкова апынулася сведкам iх размовы.
"Толькi дзве тысячы, - упрошваў малады чалавек. - Клянуся вам, што прападаю без iх... Мая сяброўка хворая... Трэба рабiць аперацыю... Я не хачу пасылаць яе ў дзяржаўны шпiталь... Вы разумееце?.."
Бацька ўздыхнуў:
"Што ты прынёс мне апошнi раз?"
"Маленькага Манцiчэлi, вы ж памятаеце... Вы далi мне хiба толькi за адну раму... Я пытаўся пасля i ведаю, што карцiна каштуе сама меней сто тысяч франкаў..."
"Але ж яе яшчэ трэба прадаць i не папасцiся... Бачыш, дружок, я таксама бедны чалавечак... Прынясi мне што-небудзь сур'ёзнае, i я заплачу табе як след... Я не настолькi багаты, каб строiць з сябе фiлантропа..."
"Але ж гэта будзе толькi аванс..."
"За што - аванс?"
"За тое, што на днях прынясу..."
"У цябе ёсць на прыкмеце што-небудзь вартае?"
Ясна было, што не. Хлопец вагаўся, расчырванеўся.
"Вось калi б ты прынёс мне Манэ... Толькi аднаго маленькага Манэ..."
У той час ён захапляўся Манэ. У яго пастаянна было якоесьцi галоўнае захапленне.
"Што там ёсць?" - спытаўся хлопец.
"Яшчэ не ведаю... Вiдаць, усяго патроху, але гэта нялёгкая справа прабрацца ўначы на выставу..."
"Ноччу яе сцерагуць... А электрычная сiгналiзацыя i процьма ўсялякiх новых штучак..."
"На тым тыднi адзiн банкiр набыў там на распродажы карцiну, якая б мне спадабалася..."
"Што за ён?"
"Люка-Мартон... Запомнi, тое, што я табе кажу..."
"Калi я прынясу вам ягонага Манэ, - перапынiў хлопец, - колькi вы мне дасце?"
"Хоць дваццаць тысяч... Трыццаць нават..."
Праз два днi Жэрмэн прачытала ў ранiшняй газеце, што ў доме ў пана Люка-Мартона, у Версалi, начны вартаўнiк забiў дваццацiдвухгадовага злодзея ў той момант, калi той спрабаваў зламаць дзверы i залезцi ў хатнюю галерэю.
"Ты чытаў?" - спыталася яна ў бацькi.
Ён прабег вачыма паведамленне - i нават жылка не сцепнулася ў яго на твары.
"Табе ўсё роўна?"
"А пры чым тут я? Га?.."
Яна б многае магла яму сказаць. Але маўчала. А пасля пайшла з дому. Праз месяц, абышоўшы ўсе бюро па працаўладкаваннi, нанялася прадаўшчыцаю ў краму сясцёр Каро.
З тае пары Жэрмэн бачыла бацьку толькi адзiн раз, у яго ў краме.
"Падпiшы", - сказала яна яму, працягваючы паперу.
"Што гэта?"
"Бланк на твой дазвол выйсцi мне замуж".
"За каго?"
"Якое гэта мае значэнне?.."
Ён нахiлiўся i падпiсаў, уздыхнуўшы:
"Як хочаш..."
Глядзеў ёй услед, калi яна выйшла з крамы, але Жэрмэн не азiрнулася - i таму не ўбачыла, якi ўсхваляваны быў у яго твар.
Цяпер яна была з iм вельмi халодная, цвёрдая. Дапытвала, як суддзя:
- Што ты яшчэ яму сказаў?
Як нiколi раней, не магла яна забыць таго забiтага ў Версалi хлопца. Забiтага за нейкiя трыццаць тысяч франкаў. Куды ж гэтым разам паслаў бацька Марсэля? Марсэля, якi меў патрэбу ў грошах толькi таму, што ажанiўся нядаўна i не мог адмовiцца ад задумы звазiць маладую жонку на адпачынак у горы...
- Нiчога я яму не сказаў... Дамовiлiся адно, што ён прынясе мне што-небудзь i я дам яму грошы...
- Ён да цябе часта прыходзiў?
- Пяць-шэсць разоў...
- За якi час?
- За тры гады... Заўсёды прыносiў неблагiя штучкi... Калi што выгарала... Ён у гэтым разбiраецца... I не ўдаецца ў падрабязнасцi...
Читать дальше