Сартр Жан Поль
Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)
Жан-Поль Сартр
Начальнiкава дзяцiнства
Пераклаў Змiцер Колас
"Я проста чароўны ў гэтым анёльскiм гарнiтурчыку". Гэта панi Парцье так сказала маме: "Ваш сынуля сапраўдны цуд! Ён проста чароўны ў гэтым анёльскiм гарнiтурчыку". Пан Буфардзье падцягнуў Люсьена да сябе i, паставiўшы мiж каленяў, палашчыў за плечы. "Ды гэта ж дзяўчынка, - з усмешкай прамовiў ён. Ану, як цябе зваць? Жаклiна, Люсьена, Марго?" Люсьен густа пачырванеў i буркнуў: "Мяне зваць Люсьен". Ён быў i сам ужо не вельмi ўпэўнены, што ён не дзяўчынка: вельмi многiя абдымалi i цалавалi яго, называючы пры гэтым паненкай, i ўсе лiчылi, што ён вельмi прыгожанькi ў гэтай доўгай блакiтнай сукенцы з празрыстымi крылцамi, з голымi да плечаў ручкамi i такiмi бялявымi кудзеркамi. Люсьен баяўся, каб людзi раптам не вырашылi, што ён болей не хлопчык, бо тады пярэч - не пярэч, нiхто цябе слухаць не будзе, I яму нiколi ўжо не дазволяць расставацца з сукенкай, хiба што перад сном, а ранiцай, прачынаючыся, ён зноў будзе бачыць яе ў нагах каля ложка. А калi днём ён захоча пiпi, яму трэба будзе яе задзiраць, як Нанеце, i садзiцца на кукiшкi. I ўсе будуць казаць яму: "Мiлая мая любачка". "А можа, ужо так i ёсць, можа, я ўжо дзяўчынка?" Усярэдзiне ён адчуваў такую млявасць i слодыч, што яму рабiлася нават крыху млосна; словы зляталi з яго губ, прамоўленыя вельмi мяккiм, вельмi пяшчотным голасам, i, абыходзячы госцяў, ён раздорваў кветкi вельмi зграбнымi, плаўнымi рухамi; яму так i карцела пацалаваць сябе ў згiн рукi каля локця. Ён падумаў: усё гэта не па-сапраўднаму, гэта быццам. Яму вельмi падабалася, калi штось было быццам, а больш за ўсё ён навесялiўся ў апошнi дзень перад вялiкiм постам; яго прыбралi тады ў П'еро, i яны з Рыры лёталi, гарлалi, скакалi паўсюль i хавалiся пад сталамi. А мама дала яму лёгенькага плескача ларнетам i сказала: "Я ганаруся сваiм сынулькам". Яна была самавiтая i прыгожая - сярод усiх паняў яна была сама высокая i найтаўсцейшая. Калi Люсьен прабягаў каля доўгага, пакрытага белай сурвэткай буфета, тата, якi стаяў якраз побач i пiў з келiха шампанскае, ухапiў яго i, падняўшы на рукi, сказаў: "Ну што, паночку!" Люсьену захацелася заплакаць i сказаць: "Ну!" I ён папрасiў апельсiнавага напiтку, бо той быў вельмi халодны i яму заўсёды забаранялi яго пiць. Яму налiлi ўсяго на два пальцы ў зусiм маленькую шкляначку. Смак у напiтку быў дзiўны i лiпкi, але ён быў зусiм не такi ўжо халодны. Люсьен раптам прыгадаў, як яму, калi ён быў хворы, давалi пiць з апельсiнавым напiткам рыцыну. Ён загаласiў i супакоiўся толькi тады, калi апынуўся ў машыне, мiж мамай i татам. Мама прыцiскала Люсьена да сябе, яна была цёплая i духмяная, i мяккая ў сваёй ядвабнай сукенцы. Час ад часу ў машыне ўсё рабiлася белае, нiбы крэйда, Люсьен пачынаў лыпаць вачыма, браткi на мамiнай кофце вынырвалi з прыцемку, i ён раптам адчуваў iх водар. Ён трошкi яшчэ ўсхлiпваў, але ўсярэдзiне адчуваў прыемную вынегу, i казытанне, i нейкую ледзь прыкметную лiпкую слодыч, як у апельсiнавага напiтку; яму хацелася паплюхацца ў сваiх маленькiх начоўках, i каб мама мыла яго гумовай вяхоткай. Яму дазволiлi легчы ў мамiнай i татавай спальнi, як тады, калi ён яшчэ быў немаўлятка; ён смяяўся, рыпеў спружынамi на маленечкiм ложку, i тата сказаў: "Ён вельмi ўзбудзiўся". Яму далi трошкi вады, настоенай на апельсiнавых кветках, i ён убачыў тату без пiнжака.
Назаўтра Люсьен быў упэўнены, што нешта забыў. Ён выдатна памятаў сон, якi яму снiўся: тата i мама былi ў анёльскiм адзеннi. Люсьен голы сядзеў на гаршку, граў на бубне, а тата i мама ляталi вакол - гэта быў нейкi кашмар. Але да сну было нешта яшчэ: Люсьен, вiдаць, прачынаўся. I калi ён стараўся ўспомнiць, то бачыў доўгi чорны тунель, асветлены маленькай сiняю лямпачкай, вельмi падобнай да начнiка, што кожны вечар запальвалi ў бацькоўскiм пакоi. I недзе ў самай глыбiнi гэтага чорна-сiняга змроку нешта адбывалася - нешта белае. Ён сеў на падлогу каля мамы i ўзяў бубен. Мама сказала: "Золатка маё, ты чаго глядзiш на мяне такiмi вочкамi?" Люсьен апусцiў вочы i, ударыўшы ў бубен, крыкнуў: "Бом-бом-тарабом!" А калi мама адвярнула галаву, пачаў пiльна яе разглядаць, нiбы бачыў упершыню. Вядома, ён пазнаваў i сiнюю сукенку з палатнянаю ружай, i твар. Але цяпер нешта было трошкi iначай. Раптам яму падумалася, што - вось-вось, ён крыху яшчэ пра гэта падумае i знойдзе, чаго шукаў. Тунель асвяцiўся бледна-шэрым агнём, стала вiдаць, як там нешта варушыцца. Люсьен спалохаўся i закрычаў: тунель знiк.
- Што з табой, мiлая мая ясачка? - спытала мама. Яна апусцiлася побач на каленi i глядзела занепакоена.
Читать дальше