Сартр Жан Поль
Блiзкасць (на белорусском языке)
Жан-Поль Сартр
Блiзкасць
Пераклаў Змiцер Колас
I
Люлю клалася спаць голая: ёй падабалася лашчыцца аб просцiны, i апроч таго - здаваць бялiзну ў пральню каштавала дорага. Спачатку Анры гэтаму вельмi працiвiўся: дзе гэта бачылi, каб у ложак клалiся голыя, нiхто так не робiць, гэта брыдка. Але ўрэшце i ён паследаваў прыкладу жонкi. Праўда, у яго гэта было хутчэй праз нядбальства. Калi да iх прыходзiлi госцi, ён заўсёды, каб выглядаць важнейшым, трымаўся напружана i быў прамы, як палка (яму падабалiся швейцарцы, асаблiва з Жэневы: ён лiчыў, што ў iх вельмi паважны выгляд - таму што яны заўжды як драўляныя), але ў дробязях ён за сабой не глядзеў: напрыклад, ён быў не надта ахайны i не вельмi часта мяняў майткi; калi Люлю клала iх у бруднае, яна не магла не заўважыць, што праз доўгае шараванне мiж ног на iх ужо ўтварыўся жоўты налёт. Зрэшты, Люлю асабiста неахайнасць не гiдзiла: яна нават неяк зблiжала, ахунала ўсё ў мяккiя ценi - у ямках на згiнах рук, напрыклад; а ангельцаў дык яна ўвогуле не трывала - нейкiя безаблiчныя целы, абсалютна нiчым не пахнуць. I тым не менш мужава неахайнасць Люлю абурала: у яго яна была толькi праз любоў папялегавацца. Ранiцай, прачынаючыся, ён быў з сабою заўсёды такi пяшчотны, а ў свята - халодная вада i шчотка здавалiся яму жудаснай i несправядлiваю карай.
Люлю ляжала на спiне, усунуўшы вялiкi палец левай нагi ў прарэшак на падкоўдранiку; зрэшты, гэта быў не прарэшак - у гэтым месцы тканiна разышлася па шве. Люлю гэта злавала: "Заўтра трэба будзе зацыраваць", - але яна яшчэ крыху нацягнула нiткi, каб адчуць, як яны лопаюцца. Анры не спаў, але на яго ўжо можна было не звяртаць увагi. Ён сам часта казаў Люлю: як толькi ён заплюшчваў вочы, яго нiбыта аблытвалi магутныя i неадольныя путы i ён не мог варухнуць нават мезеным пальцам. Гэткая вялiзная, укручаная ў павучынне муха. Люлю падабалася адчуваць побач гэта вялiкае цела вязня. "Каб ён быў паралiзаваны i заўсёды ляжаў вось так, нерухома, я сама за iм даглядала б, падцiрала б яго, як дзiцё, i часам пераварочвала б на жывот i пляскала па азадку, а калi б да яго прыходзiла мацi, я знаходзiла б якую-небудзь зачэпку i раскрывала б яго - задзiрала б коўдру, каб яна ўбачыла яго зусiм голага. Яна, вiдаць, так бы i села - яна ж не бачыла яго голага гадоў, мусiць, пятнаццаць". Люлю мякка правяла рукою па мужавым сцягне i лёганька ўшчыкнула за пахвiну. Анры буркнуў, але не варухнуўся. "У поўнай бяссiльнасцi". Люлю ўсмiхнулася: слова "бяссiльнасць" яе заўсёды смяшыла. Калi яна яшчэ кахала Анры i ён вось так, паралiзаваны, ляжаў побач, ёй падабалася ўяўляць, быццам яго з усiх бакоў старанна абкруцiлi i ўвязалi нейкiя малюпасенькiя чалавечкi накшталт тых, што яна бачыла на малюнку, калi яшчэ дзяўчынкай чытала гiсторыю пра Гулiвера. Яна часта называла Анры Гулiверам: яму гэта падабалася, бо iмя было ангельскае i надавала Люлю адукаваны выгляд; але ён хацеў, каб яна яшчэ i вымаўляла яго з ангельскiм акцэнтам. "Як ужо яны мне абрыдлi! Калi хацеў сабе мець кагосьцi адукаванага, няхай бы ажанiўся з той Жанаю Бедэр, грудзi ў яе з кулачок, затое яна ведае пяць моваў. Божа, раней, калi мы яшчэ ездзiлi па нядзелях у Со, я так сумавала ў яго крэўных, што хапала першую лепшую кнiгу, якая трапiцца, i заўсёды нехта падыходзiў i глядзеў: што я чытаю? А яго сястрычка пыталася: "Вы разумееце, Люсi?.." Яны лiчаць, што ў мяне не стае выхавання. Вось швейцарцы дык гэтыя, вядома, гэта людзi выхаваныя, бо яго сястра выйшла замуж за швейцарца, i той зрабiў ёй пяцярых дзяцей. Ён iх паважае за адны ўжо iхнiя горы. А я не магу мець дзяцей - такая ў мяне фiзiялогiя, што тут зробiш, але я нiколi не думала, што лiчыцца выхаваным тое, што робiць ён, калi iдзе са мной у горад i ўвесь час толькi i бегае ў прыбiральнi, а я павiнна чакаць i перыцца на вiтрыны - на каго я тады падобная? - а ён выходзiць пасля i, як нейкi стары дзед, згiнаючы ногi, падцягвае штаны".
Люлю выняла палец з прарэшка i крыху паварушыла нагамi, ёй было прыемна адчуваць сваю жвавасць побач з гэтым млявым, знерухомленым целам. Да яе вуха данеслася цiхае булькатанне: "Бурчыць у жываце; як я гэта ненавiджу, нiколi немагчыма зразумець, у каго гэта - у яго цi ў мяне". Яна заплюшчыла вочы: "Нейкая вадкасць пералiваецца ў мяккiх, перакручаных трубках; i так ва ўсiх у Рырэты i ў мяне (не хачу пра гэта думаць, ад гэтага толькi пачынае балець у жываце). Ён кажа, што любiць мяне, але ж ён не любiць маiх вантробаў: каб яму паказалi ў слоiку мой апендыкс, ён бы яго не пазнаў; увесь час мяне цiскае, а каб яму сунулi ў рукi слоiк, ён бы нiчога i не адчуў, i не падумаў бы: "Гэта належыць ёй".
Читать дальше