Вользер Мартин
Аўтапартрэт у жанры дэтэктыву (на белорусском языке)
Мартын Вальзэр
Аўтапартрэт у жанры дэтэктыву
Пераклад: Алесь Пяткевiч
Наш сябра зьдзейсьнiў бяскрыўднае злачынства. Ён лiчыць сваё злачынства бяскрыўдным. Ён, прынамсi, удае, быццам лiчыць сваё злачынства бяскрыўдным. Ён не гатовы прызнаць, што ягонае злачынства можа быць сур'ёзным, цяжкiм злачынствам. Ён робiцца вельмi чульлiвым, калi хтосьцi заводзiць гаворку пра ягонае злачынства. Нават калi хто-небудзь згадвае ягонае злачынства, выказваючы поўнае разуменьне i талерантнасьць, ён узьвiваецца. Якiм бы чынам нi згадвалi ягонае злачынства, ён рэагуе неадэкватна.
Ёсьць толькi адна магчымасьць схiлiць яго да мякчэйшай рэакцыi: трэба без канца хвалiць яго за ягонае злачынства. Трэба ўдаваць, што мы так захопленыя ягоным злачынствам, што нават не знаходзiм словаў. Толькi тады ён усьмiхаецца - як трынаццацiгадовая дзяўчынка, якой сказалi, што яна выглядае ў сто разоў спакусьлiвей, чымся Мэрылiн Манро ў свае лепшыя часы. Даводзiцца трываць гэта пэўны час, гэтае запiнаньне-ад-захапленьня. Даводзiцца трываць, аж пакуль яму самому не абрыдне. Праўда, гэта можа зацягнуцца надоўга.
Усьмiхаючыся вось так, ён хоць i паказвае, быццам яму няёмка, што яго так хваляць, ды толькi па iм вiдаць, што нiшто ў сьвеце не падабаецца яму больш за гэтае няёмкае пачуцьцё. Вiдаць, што ён пярэчыць хвальбе толькi для таго, каб заахвоцiць нас да новых пахвалаў. Пакуль ён удае, што ня можа прыняць гэтай хвалы, думае ён, мы ня можам кiнуць хвалiць яго. Мы мусiм спачатку, думае ён, пераканаць яго сваёй хвалой у тым, што ён яе заслугоўвае, тады толькi мы можам кiнуць хвалiць яго. Такiм чынам, ён не дае пераканаць сябе, а працягвае ўдаваць, быццам яму няёмка, што яго так хваляць. За злачынства! Толькi падумайце!
Так, так, кажам мы, можа быць, але па-першае, гэта, мабыць, бяскрыўднае злачынства, па-другое - i толькi гэта мае значэньне - якiм чынам ты ажыцьцявiў злачынства! Тваё злачынства - мастацкi твор! Вялiзны мастацкi твор! Злачынства, не злачынства, для нас мае значэньне форма, ня зьмест! I як ужо даўна не было нiчога падобнага да гэтага твайго злачынства! Ён усьмiхаецца, працягвае пярэчыць, кажа: не, не, маўляў, я сам проста ня магу забыць, што зьдзейсьнiў злачынства! Так, кажам мы тады, дык хто ж без заганы?! Цi можа ён назваць каго-небудзь, хто гуляе пэўную ролю ў гiсторыi чалавецтва i ня зьдзейсьнiў якогась злачынства! Ужо гуляць, цi хацець гуляць пэўную ролю ў гiсторыi чалавецтва - пачатак кожнага вялiкага злачынства...
Вось так мы ўгаворваем яго. I так ён пярэчыць, увесь час усьмiхаючыся, шчасьлiва i па-дзявоцку. Мы, гэта значыць, ягоныя сябры, мы - людзi, што зь якiхсьцi прычын шкадуюць яго. Некаторыя з нас спакваля пачынаюць нават ненавiдзець яго. Яны папросту сытыя па горла тым, што хтосьцi хоча, каб яго ўвесь час хвалiлi за нешта, што ўсё-такi ёсьць i застанецца злачынствам, хай нават - магчыма - бяскрыўдным. Але бяскрыўднасьць гэтага злачынства гэтаксама маладоказная, як i яго цяжкасьць. Галава заточыцца, калi паспрабуеш разабрацца ў гэтым злачынстве. Пра яго ўжо пiшацца не адна кандыдацкая дысэртацыя.
Наш сябра падазрае, што мы ўсе яго ненавiдзiм, што мы ўсе хлусiм, што нашая хвала - толькi хлусьня. Мы, натуральна, пярэчым. Ён жа сьцьвярджае, што насамрэч мы ўсе на баку iнспэктара. I што аднойчы мы ўсе адкрыта перакiнемся да iнспэктара i забясьпечым яму тую рэшту доказаў, якой яшчэ не стае да поўнага выкрыцьця. Iнспэктар, такiм чынам. Вялiкi працiўнiк нашага сябры. Ён увесь час гаворыць пра гэтага iнспэктара.
Вельмi мала хто з нас ведае iнспэктара асабiста. Нам застаецца, такiм чынам, толькi тое, што нам распавядае пра iнспэктара наш сябра. Але кожны раз, калi ён згадвае iнспэктара, ён кажа: я нiчога не магу сказаць пра iнспэктара, мы працiўнiкi, гэта змаганьне не на жыцьцё, а на сьмерць. Я не хацеў змаганьня, iнспэктар распачаў змаганьне. Усё-такi я зьдзейсьнiў злачынства, гэта слушна. Няхай i бяскрыўднае злачынства, але злачынства. Зрэшты, хiба злачынства можа быць бяскрыўдным?
Калi тое, што я зьдзейсьнiў - злачынства, тады, напэўна, усё адно, бяскрыўднае яно цi не бяскрыўднае. У параўнаньнi з кiмсьцi, хто ня зьдзейсьнiў нiякага, я злачынца. А для iнспэктара iснуюць толькi злачынцы ды бязьвiнныя, а да бязьвiнных я, безумоўна, не належу, таму iнспэктар перасьледуе мяне, таму мы змагаемся адзiн з адным, таму не пытайцеся ў мяне, што за чалавек гэты iнспэктар, я гэтага ня ведаю, я ведаю толькi, што ён iнспэктар, ушчэнт i дазваньня iнспэктар.
Читать дальше