- Усе замужнiя так кажуць!.. Дый незамужнiя таксама...
- Ты не зразумееш...
- Ведаю... Нiхто нiколi нiчога не разумее...
Пасля, надзяваючы палiто, дадала:
- Можа, хочаш, каб я засталася?
- Дзякуй... Гэта вельмi далiкатна з твайго боку... Я паспрабую крыху паспаць...
- Ну, добра... Усё будзе ў парадку... Я табе пакiнула трохi каньяку... Раю выпiць калiва...
Бледны твар, чырвоныя павекi - рыхтык клоўн, як паглядзець на яе цяпер. А грымаса, дзiўнаватая ўсмешка, якой яна, мусiць, думала падбадзёрыць сяброўку, адно павялiчвала гэтае падабенства.
- Дабранач, цётка...
Жэрмэн ледзь ужо была не паклiкала Iвэту назад, бо, толькi засталася адна, здалося, што яе клiча Марсэль, якi меў дзесьцi патрэбу ў ёй, чакаў жончынай дапамогi.
Але дзе?
Праз паўгадзiны развiднела, зазiхацелi дахi дамоў, з усiх гарадскiх комiнаў пацягнуўся ў неба дымок, ажывалi вулiцы, пад'езды, пайшлi аўтобусы, тысячы людзей рушылi на працу халоднай снежаньскай ранiцай...
Марсэль быў недзе ў гэтым вялiкiм горадзе... Жэрмэн, трымаючыся рукамi за мокрыя парэнчы балкона, глядзела ва ўсе бакi гiганцкай панарамы, нiбы спадзеючыся ўбачыць у ёй яго...
Раздзел трэцi
ВЯЛIКАЯ СЭЎРСКАЯ ВАЗА I ГРАФIНIН ДЗЯДЗЬКА
Палова восьмай ранiцы. З балкона бачны быў грузавiчок паштовай службы, якi развозiў газеты i спынiўся цяпер каля шынка насупраць iх дома. Шафёр у скураной кепачцы выйшаў на ходнiкi з тоўстым стосам пошты.
Жэрмэн збегла па лесвiцы з непакрытаю галавою. Брамнiца якраз мыла калiдор. Жэрмэн яшчэ мала ведала гэтую крыху касавокую жанчыну. Вось ужо з месяц, як яна ўлашчвала кансьержку: у Парыжы з iмi трэба ладзiць. У брамнiцы, можа, таму, што яна касавурыла, позiрк быў поўны падазрэння.
- Сёння ноччу да вас, здаецца, прыходзiлi? - спыталася яна. - Я званiла вам тры цi чатыры разы. У вас усё ў парадку, га?
Ёсць людзi, якiя проста чуюць бяду. Вось i гэтая жанчына была такая. Нельга нiчым выдаць сябе! Жэрмэн, падабраўшыся, адказала з усмешкаю:
- Гэта муж паслаў дадому сакратарку з рэдакцыi перадаць мне, што тэрмiнова адбывае ў Лондан... Там сёння сур'ёзны матч... Марсэля паслалi ў сама апошнi момант... Мне трэба было завезцi ў рэдакцыю яго рэчы...
- Дык добра!.. А то я падумала, што ў вас хто-небудзь захварэў...
Жэрмэн выйшла на вулiцу, купiла газету. Зайшла ў бар i, нязмушана гартаючы газету, выпiла кавы i з'ела рагалiк.
Матч у зале "Ваграм"... Рэпартаж на тры чвэрцi калонкi... Падпiсаны Марсэлем Бланам.
Гэта зрабiла на яе такое ўражанне, быццам яна атрымала раптам лiст ад чалавека, якi ўжо даўно памер, цi ўбачыла яго раптам у кiнакронiцы.
Але не! Марсэль не памёр!
Яна з'ядае яшчэ тры рагалiкi. Ёй сорамна, што так шмат есць уранку, але яна галодная. Чатыры рагалiкi!
Прачытаўшы рэпартаж, Жэрмэн адразу зразумела, што напiсаны ён не Марсэлевай рукою. Ёсць нешта ў гэтых радках не ўласцiвае яму: пабудова асобных фраз, выразы, словы... Ёй вядома, што час ад часу журналiсты робяць адзiн аднаму такiя паслугi: пiшуць за калегу i пасылаюць у газету патрэбны матэрыял.
Вярнулася ў кватэру. Глынуць, каб узбадзёрыцца, каньяку? Iвэта, аказваецца, выпiла амаль усю бутэльку. Жэрмэн заўсёды падазравала, што сяброўка не грэбуе спiртным. Яна дапiла рэшту i выпрасталася на канапе: забалелi ныркi. За тое, што выпiла, было сорамна яшчэ больш, чым за жудасны апетыт, але яна заснула.
У газеце не было паведамлення нi пра якi кватэрны ўзлом, нi пра iншае здарэнне, якое магло б датычыць мужа.
Але гэта нiчога яшчэ не значыла: не кожная ранiшняя газета газета паспявае паведамiць пра ўсе начныя здарэннi, а тут яшчэ яна чытала тую, у якое працуе сам Марсэль!
Дзесяць гадзiн. Тэлефон маўчаў. Праз паўгадзiны на Вялiкiх бульварах пачнуць прадаваць дзённыя газеты. Жэрмэн апранулася. I хоць яна i выпiла ўсяго толькi два-тры глыткi каньяку, адчуванне было такое, як пасля сапраўднай гулянкi. I як гэта Iвэта магла выпiць ажно тры чвэрцi бутэлькi?
У кашальку - троху меней за сто франкаў. Нягуста! Але ўсё ж яна ўзяла таксi!
Купiла ў вулiчнага гандляра газету. Ногi зрабiлiся проста ватныя. Яна i праўда была п'яная - i гэта нагадала ёй адзiн вечар, калi яны былi разам з Марсэлем у гасцях i выпiлi лiшняе...
Зайшла ў кавярню "Мазарынi" - i вось там раптам убачыла на першай старонцы газеты тое, што шукала: "Няўдалы напад на кватэру графа Ньёля".
Граф i Маленькая Графiня - так завуць у свеце яго жонку за яе мiнiяцюрныя фiгурку, тварык i неверагодную рухавасць... Арыстакраты, якiя займаюцца ўсiм: спортам, мастацтвам, кiно... Пастаянна выбiраюцца на балi, кактэйлi i розныя iншыя вечарыны. З Енскага праспекта, на якiм знаходзяцца мастацкiя выставы-аўкцыёны, у iх кватэру шмат чаго прыбывае. Аднаго разу Жэрмэн хадзiла да iх з Марсэлем на адкрыты вечар паглядзець на калекцыю твораў жывапiсу. Было сама мала трыста чалавек: журналiсты, акторы тэатра i кiно, знакамiтыя дактары i адвакаты... Стаяў гармiдар.
Читать дальше