Базен Эрве
Сумленны ўчынак (на белорусском языке)
Эрвэ Базэн
Сумленны ўчынак
Пераклад: Сяргей Шупа
"Просьба да жыльцоў, выходзячы, пакiдаць ключы на дошцы..." Не зважаючы на аб'яву, тэкст якой адмiнiстратар, былы сяржант iнтэнданцкай службы Пюмiле, вывеў з любоўю калiграфiчным почыркам, Ганзаг прабег мiма адмiнiстратаравага столiка i нiчога не пакiнуў на кручку з нумарам 23. I ўсё ж панi Пюмiле паспела высунуцца з акна i пачала абурацца на пацеху ўсяму кварталу:
- Я вас бачыла, пан Рабатэн! Ключ вы можаце пакiнуць сабе. Але я абяцаю, што вы будзеце сёння начаваць на вулiцы, калi не заплацiце.
Ганзаг зрабiў выгляд, быццам нiчога не чуў. Iнстынктыўна, а можа, каб сагрэцца, ён пабег. На вулiцы Тальб'як ён прамiнуў сваю "штаб-кватэру" "Кавярня аб'яднаных мастацтваў". Там, як звычайна да абеду, Бертран старанна шараваў кававарку, храмаваныя часткi якой адпацявалi i трацiлi свой бляск. Але, на жаль, у кiшэнях у Ганзага было пуста, а яго крэдыт скончыўся. Ён уздыхнуў, падняў каўнер пiнжака i нырнуў у пахмурны ранак, якi яму яшчэ трэба было неяк перажыць.
Iмжаў дробны лiстападаўскi дожджык, распускалiся чорныя кветкi парасонаў. Ганзаг адчуваў сябе спустошаным, хворым, змоклым i бездапаможным. Ён зноў падымаўся па вулiцы Тальб'як, ступаючы па самым краi тратуара i стараючыся не наступаць на шчылiны памiж плiтамi - старая звычка, якую ён набыў яшчэ тады, калi гуляў у класы. Яна зрабiлася ў пэўным родзе прафесiйным практыкаваннем i дадавала яму ўпэўненасцi ў нагах падчас яго кватэрных "вобыскаў".
На тым месцы, дзе вулiца Тальб'як выходзiць на плошчу Iталi, Ганзаг спынiўся ў нерашучасцi. Ён не ведаў нi што рабiць, нi куды iсцi. Упершыню ў жыццi ён пазайздросцiў тым, хто мае чыстыя шчокi, цёплую накiдку, добрыя туфлi i набiтае фасоляй бруха, як у палiцэйскага, што тырчаў пасярод вулiцы. Iмжа гусцела i ператварала "вожык" яго валасоў у мачалку. "Калi мне не ўдасца знайсцi справу або сябра, якi мне паможа, мне - гамон!" - бурчаў ён. Скурчыўшыся ў сваiм клятчастым гарнiтуры - учора яму ўдалася адна справа - ён панёсся галопам да плошчы Iталi, дабег да яе за тры хвiлiны, рэзка збочыў улева i апынуўся ля ўваходу ў метро, дзе можна было схавацца ад дажджу. "30 лiстапада. Дзень святога Андрэ", - прачытаў ён на дошцы ў кветкавым кiёску, што стаяў на рагу вулiцы Бабiё. "Свята майго старога!" - падумаў з глыбокай павагай Ганзаг, якi асiрацеў ужо больш як дзесяць гадоў назад. Ён машынальна паглядзеў на гаршкi з хрызантэмамi, якiя, нiбы баранчыкi, скупiлiся вакол кiёска. Ён апусцiў вочы яшчэ нiжэй i замiргаў ад здзiўлення.
- Во!
Не магло быць нiякiх сумненняў. Перад iм ляжаў бумажнiк, яшчэ зусiм сухi. Пэўна, яго згубiлi зусiм нядаўна. Сапраўдны. Не якi там лядачы кашалёк, скура якога аблуплiваецца праз тыдзень. Не. Сапраўдны бумажнiк, блiскучы, важны, напышлiвы. Адна яго замша i залатыя iнiцыялы каштавалi месячнага заробку вунь таго бухгалтара або тых дзвюх машынiстак, што ўваходзяць цяпер у метро, метраў за трыццаць адсюль.
Уладальнiк, пэўна, быў яшчэ недзе непадалёк. Хiтры шакал Ганзаг гэтым разам аказаўся на вышынi становiшча: каб не прыцягнуць да сябе ўвагi занадта рэзкiм рухам, ён не кiнуўся адразу ж да знаходкi. "Спакойна!" - скамандаваў ён сабе. Усмешка да вушэй змянiлася на самы абыякавы выраз. Аднак трэба было спяшацца. Ганзаг зрабiў крок наперад, дастаў брудную насоўку, пратрубiў туды носам некалькi нот i пасля, кладучы яе ў кiшэню, нiбы незнарок выпусцiў у зручнае месца. "Ах!" - прамовiў Ганзаг з талентам, вартым вялiкага артыста. Ён апусцiў руку па насоўку з цвёрдай упэўненасцю гаспадара, якi збiраецца падняць сваю маёмасць. Зрэнкi ў Ганзага ўспыхнулi дзiкай радасцю, жылы напружылiся ад нецярплiвасцi, i пальцы скурчылiся ў дзiравых туфлях... Але калi бумажнiк ужо слiзгануў у кiшэню, нейкi пiсклявы, як у еўнуха, голас тыцнуўся яму ў спiну:
- Няблага! Я б зрабiў тое ж самае.
* * *
Ганзаг здрыгануўся. Ён павярнуўся i быў гатовы супрацiўляцца. Вораг, калi меркаваць па яго рэплiцы, быў не палiцэйскi, а хутчэй канкурэнт. Ён аказаўся чалавечкам з сiвымi валасамi, з шэрымi вачыма i ў сваiм вялiзным шэрым халаце нагадваў тэлеграфiста, рамеснiка або кладаўшчыка з "Прызюнiка".
- Добрая справа, га?
- Якая справа? - холадна спытаўся Ганзаг.
- Ну... гэты бумажнiк. Я таксама яго бачыў. Ты мяне апярэдзiў.
Нечаканы канкурэнт стаяў, нiбы не зважаючы на дождж, ад якога халат пакрываўся цьмянымi плямамi, увесь час кашляў i пляваўся густой i жоўтай слiнай. Нарэшце, аддыхаўшыся, ён прапанаваў:
- Ну дык што... падзелiм?
Ганзаг не адказаў i на ўсялякi выпадак адышоў на некалькi крокаў. Дзякуй богу, кветачнiца нiчога не пачула, i ўладальнiк не паяўляўся. Засталося толькi адшыць старога. Але той схапiў Ганзага за рукаў i вымавiў па складах:
Читать дальше