Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не мялі языком ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.
Паўлінка. Мацней, мацней, браток!
Альжбета (памагаючы Сцяпану цягнуць) . Што ты, дзеткі, здурэла, ці што?.. (Сцягваюць Паўлінку з акна на хату.)
Сцяпан. Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды манілася ляцець?
Паўлінка (апіраючыся рукой аб стол, патупіўшыся) . Я!.. Я!.. хацела замуж ісці!
Сцяпані Альжбета. Праз акно?!
Паўлінка. А што ж, калі татка і мамка праз дзверы не пускаеце.
Тыя ж і Пранцісь, Адольф, Агата.
Пранцісь (без шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа) . Собственно, пане дабру-дзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.
Агата (цягнучы вузлы) . А як жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага акна капаўся.
Паўлінка, Сцяпан і Альжбета. Пан Быкоўскі?
Пранцісь. А так, так, пане дабрудзею. Адольф, Адольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!
Сцяпан (да Адольфа) . Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасці, зладзюга, каханенькі, родненькі!
Адольф (заікаючыся і не разумеючы, у чым рэч) . Я... я... збіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз акно, кудой выехаць...
Пранцісь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз акно павыцягваў. Можа, і шапку маю ўкраў.
Агата. Ты зараз, п'яніца, тудэма-сюдэма, і галаву забудзешся. Гэта ж аж дамоў давалокся і тады толькі агледзеўся, што шапкі забыўся.
Пранцісь. Собственно, а баба нашто, - каб усяго пільнавала. Але злодзея, пане дабрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.
Сцяпан (да Паўлінкі) . Дык гэта ты, каханенькая, родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?
Паўлінка (глуха) . Божухна мой, Божа! Якімку арыштавалі!!
Сцяпан (самадавольна) . Хе-хе-хе! ужо гэтае мужыцкае насенне не будзе больш нашых сцежак паганіць.
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі.
Сцяпан (да Адольфа) . А ты, каханенькі, родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды, вон з маёй хаты, каб твая і нага тут не была! Не мог, як трэба, па-хрысціянску - з сватам, з запаведзямі маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Вон! Вон!
Адольф. Я... я... толькі хацеў дарогі запытацца...
Пранцісь (развязваючы вузлы) . Собственно, злодзей, пане дабрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз акно пакраў. К урадніку, марш! К урадніку, гіцаль, вось-цо-да!
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі. (Дзіка.) Ха-ха-ха! Звяры сляпыя!!! (Як сноп, валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: «Вады! Вады!..»)
Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, у мяне ёсць кроплі. (Дастае з кішэні пляшку і пырскае ў твар Паўлінцы гарэлкай.)
Агата (кідаючыся да Пранціся) . Тудэма-сюдэма, ашалеў!..
Сцяпан (панура) . Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і сканчылося.
Заслона