Адольф
Сядзіць голуб на галіне,
Салавей на ветке;
С аднэй дзевушкай гуляю,
Другая ў прыметке.
Паўлінка
Ажаніся, не ляніся, -
Будзеш панаваці:
З аднэй будзеш свінні пасвіць,
З другой - заганяці.
Адольф
Наша поле камяніста -
Ні праехаць, ні прайсці.
Нашы дзевачкі фарсісты -
Нельга к ім і падысці.
Паўлінка
Я фарсуха, ты католік;
Не руш мяне за падолік, -
Мой падолік шоўкам шыты,
Хто палезе, будзе біты!
Сцяпан (як сціхла гульня) . Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян да ружанцаў.
Пранцісь (пацягваючы з пляшкі) . Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішэні пуста, затое ногі сыплюць густа. Каб яму яшчэ ды мой розум растропны, дык зусім было б добра, пане дабрудзею.
Агата. Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, плявуз-гаць, як латак у млыне! Гуляюць - няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.
Альжбета (да Пранціся) . Можа б, чаго, сватка, закусілі?
Пранцісь. Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да гасцей.) А вы, пане дабрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты не гоне, вось-цо-да.
Паўлінка (да Адольфа) . Можа, пан Адольф, спяеце нам што-колечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце.
Адольф (астанаўліваючыся) . Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых.
Колькі галасоў. Дык проша спець. Мы ўсе просім.
Адольф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую ж бы панна Паўлінка хацела?
Паўлінка. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.
Адольф (пяе няскладна, махаючы хустачкай па твары) .
Плываё голэмбі,
Летаё лабэндзі;
З нашэго кахання,
Пэўна, ніц не бэндзе.
Паўлінка. А такі ж нічога не будзе.
Адзін з гасцей. Ці ж гэта «голэмбі» плываюць, а «лабэндзі» лятаюць?!
Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім не буду пець.
Альжбета. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае ды пяе; ведама, - блазнота, што яны знаюць!
Паўлінка (паглядзеўшы ў акно) . Выбачайце, пан Адольф! У мяне няўмысле вылецела слаўцо.
Колькі галасоў. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш не будзем!
Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.
Адольф. Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!
Колькі галасоў. Не, не! Не будзем!
Адольф (пяе) .
Гляджу я без толку на хладную шаль,
І чорную душу церзае печаль.
Паўлінка (душачыся ад смеху) . Ці ж у пана Адольфа чорная душа?
Адзін з гасцей. Нашто ж глядзіш на яе, пан, без толку?
Адольф (насупіўшыся) . Болей пець вам не буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца.)
Паўлінка. Дык і спяём, калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (Убок.) Эх, скарэй бы ўсё гэта скончылася!
Адзін з гасцей. А такі ж спяём, і ўсе разам.
Паўлінка (да Адольфа, хітравата) . А пан Адольф нам паможа?
Адольф. Ані думаў.
Колькі галасоў. А што мы спяём?
Паўлінка. «Дый куды ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?..»
Адольф. Фі, мужыцкая!
Паўлінка. А пан Адольф, можа б, хацеў, каб завялі якога манчыза?!
Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане дабрудзею.
Сцяпан (да Пранціся, сціха) . Каханенькі, родненькі, не кратайце яго! Ён, бачыш, як я ўжо і казаў, масціцца да маёй Паўлінкі. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.
Паўлінка. Ну, дык што? Згода на гэту?
Колькі галасоў. Згода, згода!! А пасля другую.
Паўлінка. Толькі не збівацца з толку. Гля-дзець, як буду я рукамі тахты адбіваць.
Колькі галасоў. Добра, добра!
Пяюць. Паўлінка, сумна ўсміхаючыся, дырыгуе, пасля і Пранцісь падходзе і пляшкай адмахвае тахты; музыкі такжа сваёй ігрой памагаюць.
Дый куды ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
Пранцісь (як перасталі пець) . А цяпер, вось-цо-да, «Як жа мне не пець», пане дабрудзею.
Читать дальше