Адольф. Хэ-хэ-хэ! Я да ўсякай патраплю падлізацца.
Сцяпан. Ну, дык падлізвайся, каханенькі, родненькі. (Адвітваецца і ідзе ў бакоўку.)
Паўлінка, Адольф, Альжбета.
Альжбета (сціраючы стол) . А ты, Паўлінка, можа, у карты пайграеш з панам Адольфам?
Адольф (закурваючы) . Ды і мне ўжо трэба збірацца дамоў.
Паўлінка. Ці ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцёся збірацца? Заедзеце яшчэ; каня ж маеце не жартачкі!..
Адольф. О, конь мой добры!
Альжбета. Ну, дык і чаго ж спяшацца?.. Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад'еў ды на печ.
Паўлінка (убок) . Чаго добрага - заначуе, вось будзе бяда! (Голасна.) А пагода сягоння нядрэнная. Нават месяц свеціць, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.
Адольф. А хоць бы і дрэнная, дык мне блізка, жарабец мой умомант дамчыць.
Альжбета (да Паўлінкі) . Ну, дык паглядзі ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю следам за дзедам. Трохі ж сягоння такі натупалася.
Адольф. Проша, проша, панічка! На нас, маладых, не зважайце.
Альжбета. А ўжо ж я такі і пайду.
Адольф (цалуючы ў руку Альжбету) . Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара панне Паўлінцы.
Паўлінка. Паглядзім - хто каму?!
Шукае карт. Альжбетавыходзіць у бакоўку.
Паўлінка, Адольф.
Адольф. Чаго паненка шукае?
Паўлінка. Таго, чаго яшчэ не маю, - карт.
Адольф (глянуўшы на акно) . А вось яны, на акне.
Паўлінка (убок) . Думала, што не ўбачыць; скарэй бы, можа, з хаты выпхнула, не найшоўшы карт. (Да Адольфа.) Ну, калі ёсць, дык будзем іграць. (Паглядзеўшы ў акно.) А ў што?
Адольф. У гаспадара.
Паўлінка. Гэта, значыцца, у дурня?
Адольф. Ну, гэта толькі мужыкі так гавораць. (Раздае карты.)
Паўлінка. А як пан Адольф думаў, хто мы? То ж таксама мужыцкага роду.
Адольф. Першы раз чую!
Паўлінка. Ды і пан Адольф таксама мужыцкага роду. (Іграюць у карты.)
Адольф (здзіўлены) . І я?!
Паўлінка. Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам ці графам. Ды і што гаварыць! Адам і Ева і то былі мужыкамі.
Адольф (здзіўлены) . Адам і Ева?!
Паўлінка. І Ной, і Езус...
Адольф. Што я чую? Адкуль гэта, панна Паўлінка, усё ведаеце?
Паўлінка. Ого, не скажу!
Адольф (просячы) . Проша сказаць.
Паўлінка. Не тэй б'іце! Вот салапяка!
Адольф (паправіўшыся) . Ды скажыце!
Паўлінка (нецярпліва) . Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усё вам раскажа. (Адольф праігрывае.) Дурань пан! Дурань пан!
Адольф (папраўляючы) . Гаспадар. (Раздае карты.)
Паўлінка (убок) . Які чорта гаспадар, калі дурань?
Адольф. Што панна Паўлінка кажа?
Паўлінка. Кажу: але, гаспадар. (Хвілю маўчаць. Убок.) Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай. І трымае ж яго нядобрае! (Да Адольфа.) А ці, пан Адольф, жаніцца хочаце?
Адольф. Ой, страшэнна хачу. А панне Паўлінцы замуж хочацца?
Паўлінка. Ого, яшчэ і як хочацца!.. Калі ўдасца, дык яшчэ і сягоння, можа, пайду.
Адольф. А я ж яшчэ з таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым не гаварыў.
Паўлінка. Аб чым - аб гэтым?
Адольф. Ну, аб тым, як я жаніцца буду, а панна Паўлінка замуж ісці. (Праігрывае.)
Паўлінка. Ізноў пан дурнем! Ізноў дурнем!
Адольф. Гаспадаром!.. (Раздае карты.)
Паўлінка. А можа, ужо будзе? Нешта спаць як бы хочацца. (Зявае, устае і паглядае ў акно. Убок.) А што, калі не прыйшоў?
Адольф (не пачуўшы) . Хто не пайшоў?
Паўлінка. Я кажу, каб хаця дождж не пайшоў. (З удаванай жаласцю.) Я так жалею, так жалею пана Адольфа, каб не замок, што аж тут нешта трасецца. (Паказвае на грудзі.)
Адольф. І я таксама панну Паўлінку жалею і цяпер, і потым.
Паўлінка. Калі гэта потым? Як пан Адольф яшчэ дурня возьме?
Адольф. Ды не! Тады, як будзем... як будзем... ну, як гэта сказаць.
Читать дальше