Янка Купала
Паўлінка
Камедыя ў двух актах
Сцяпан Крыніцкі- засцянковы шляхціц, 45 г.
Альжбета- яго жонка, 40 г.
Паўлінка- дачка Крыніцкіх, 19 г.
Пранцісь Пустарэвіч- сваяк Крыніцкіх, 50 г.
Агата- яго жонка, 43 г.
Якім Сарока- настаўнік, 25 г.
Адольф Быкоўскі- 24 г.
Госці, музыкі.
Рэч адбываецца да рэвалюцыі, у хаце Крыніцкіх.
Абшырная святліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да аркестра - стол; каля стала - лавы і табурэцікі, над сталом - вісячая недарагая лямпа, на сцяне - абразы. Налева - дзверы ў сенцы, бліжэй да аркестра - куфар. Напроці - сцяна і дзверы ў бакоўку (каморку); справа пры сцяне ад бакоўкі - ложак, засланы коўдрай, у галавах высока накладзена падушак; налева - у кутку - печ; на сцяне стрэльба, старасвецкі, з гірамі гадзіннік і некалькі тандэтных малюнкаў. Час - асенні вечар перад Пакровамі.
Паўлінкаадна.
Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысценька; без хусткі - у валасах колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона - Паўлінка пяе.
Паўлінка.
Ой, пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы арэ плугам;
Ой, пайду я лугам, лугам!
Ён арэ поле валамі,
А я плачу ўсё слязамі;
Ён арэ поле валамі.
(Перастаўшы пець.)
Э-э! штось не пяецца сягоння. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго знячэўку перапужаў. А мо гэта песня вінавата? Даліпантачкі, аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсці. Ану, на шчасце зачну другую. Якую ж бы тут? Ага!.. (Пяе.)
Дый чаго ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
(Пеючы, падыходзіць да акна і паглядае, пасля зноў садзіцца.)
А ўсё-такі нешта нецікава на сэрцы. І чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есці, дзякаваць Богу, хватае, часам татка дае грошы і на сукенкі... Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як жа маркотненька! Прост хоць збірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз не будзе як шыць, а трэба сягоння канешне кончыць. Заўтра Пакровы... у Міхалішках кірмаш... Эх, эх, каб хаця той прыйшоў, каго так хочацца сягоння пабачыць. (Садзіцца пры акне і пачынае зноў, шыючы, пець.)
Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,
Селі яны, палі на сівым Дунаі!
Селі яны, палі, ваду замуцілі
Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі.
Бадай тыя гусі марне запрапалі,
Як мы любіліся - цяпер перасталі.
(Паглядзеўшы ў акно.)
Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прыйсці. (Шукае запалак і запальвае лямпу.) І што гэты тата да яго мае. З таго часу як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, усё роўна як чорная кошка між імі перабегла. Ён-то нічога, але тата - дык жыўцом бы яго з'еў. Ну, але тата сваё, Якім сваё, а я - сваё. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы.) Казаў, прыйдзе сягоння, каб там і ліха гарэла. «Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, не дзеці - маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы...» (Ускочыўшы.) Ай! нехта ідзе. Ён, ён, напэўна ён!
Паўлінка, Якім.
Якім. Вось і я - як тут быў! Добры вечар ясне-пекнай панне Паўлінцы. Што, золатца маё ненагляднае, прачакалася трохі мяне, ненавісніка? (Глянуўшы на бакі.) А ці нікога няма? (Гаворачы, набліжаецца да Паўлінкі, вітаецца і хоча абняць яе.)
Паўлінка (баронячыся) . Ой, ой! памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма не ўсе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат. Дадуць, дадуць зараз пытлю старыя. (Тупаючы нагой.) Пазваленне ёсць гэтак позна прыходзіць?
Якім (садзячыся) . Ёсць, ёсць, мая ты сакатушка, шчабятушка! Кажы толькі хутчэй, галубка мая бяскрылая: тата твой дома ці не? Бо ж сама ведаеш, якая ў нас з ім страшэнная любасць...
Паўлінка (садзячыся за шыццё) . Ой, чаму ж не ведаю: як між катом і сабакам якраз. Але, але смела будзь, як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэўна, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да прадання і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заўтра мае быць трохі гасцей з кірмашу. (Абнімае Якіма, раптам знаходзіць у кішэні кнігу.) А гэта што? (Чытае няўмела першыя радкі з «Песні аб Сокале» М. Горкага. Потым ён забірае ў яе кнігу і сам чытае.)
Читать дальше