Ідзе і папраўляе падушкі, за ёй - Якім, абнімае яе, і садзяцца, абняўшыся, на ложку.
Якім (памаўчаўшы, ласкава) . Паўлінка!
Паўлінка (смеючыся) . Ізноў забыўся, як завуся?
Якім. А ты ізноў сваё... Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіў і маліў? Сама ж ты, золатца, казала мне не раз і цяпер кажаш, што татка твой ні на якія прось-бы не згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака. А гэтак, як я казаў, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя або апошнія? Янка Лукашонак з сваёй Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоўскі з сваёй Дамінісяй, ды і шмат хто... Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусцяцца, - ведама, бацькаўскае сэрца. Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасце збудуем і нічыёй ласкі прасіць не будзем. Адно, абы твая згода - і ўсё будзе добра. Я ўжо, пры-знацца табе, гаварыў з папом. Ён заўтра прыязджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму... раз, два і - гатова.
Паўлінка. Думаць-то я думала, але неяк страшна. Можа б, было лепей, каб яшчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам... Хто спяшыць, той людзей смяшыць.
Якім. Якая ты нядобрая, Паўлінка! Ты зараз - страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гэтак і ўсю сваю моладасць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыццё можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота ў нас была ды вытрываласць.
Паўлінка. А што, калі зловяць? Гэта ж я не выжыву з сораму, людзі вочы выберуць, нельга будзе на свет паказацца. Цяпер і то колькі ўсякай брыды ўслужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта «бог наш уцечка» не ўдасца.
Якім. Не бойся, золатца, не зловяць! Усё пойдзе гладка. Заўтра ў вас вечарынка; пасля вечарынкі ўсе будуць спаць моцна, так, што хоць з гарматаў страляй - нічога не пачуюць. Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант - і ты мая на векі вечныя.
Паўлінка (нібы са злосцю) . Не я твая, а ты мой на векі вечныя!
Якім. Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады ў нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіў і прашу.
Паўлінка (падумаўшы, смеючыся) . Ну, згода да... заўтрашняга дня, а там пабачым.
Якім (павесялеўшы) . І даўно ўжо трэ было гэтак сказаць, мая ты кветачка майская. Заўтра вечарам, як толькі ўсе паўкладаюцца, - я ўжо ў садзе пад акном буду на цябе чакаць. Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад, як пятух!
Паўлінка. Гэта ты, як пятух, а я, як...
Якім (перапыняючы) . Як курыца.
Паўлінка. Не курыца, а як зязюлька.
Якім. Як зязюлька праз акно фырр! а пятух цап, а поп крапілам пырсь! а там...
Паўлінка (смеючыся) . А там ізноў фырр!..
Размахвае рукамі і хоча вырвацца. Якім мацней прыціскае яе к сабе і хоча пацалаваць; яна нібы бароніцца, а пасля хватае яго за шыю, і доўга горача цалуюцца.
Якім. Ох, каб гэтак усё жыццё і кожную мінутку.
Паўлінка. Ого! Разласаваўся!.. Аскому нагоніш, пакуль ахвоту спагоніш. (Прыслухаўшыся.) Ой, недзе туркоча! Ці не едуць толькі нашы з торгу!
Якім (прыслухаўшыся) . Такі ж нехта едзе!
Паўлінка (сумна) . Значыцца, Якімка, трэба ўжо табе рабіць фырр!
Якім (устаючы, з уздохам) . Нічога не парадзіш - трэба!.. Ой, гэтыя бацькі! І чаму гэта не ро-дзяцца на свет дочкі без бацькоў!..
Паўлінка (устаючы) . Ах, чуць не забылася. Ці прынёс мне тое, што абяцаўся?
Якім. А як жа, прынёс, маё ты золатца. (Дастае з кішэні фатаграфію і аддае Паўлінцы.)
Паўлінка (прыглядаючыся да фатаграфіі, весела) . Вось так добра! Заместа аднаго маю ўжо двух: аднаго, што сам ходзіць да дзяўчат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за... пазухай. (Смяецца.)
Якім (любуецца ёю, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!
Паўлінка (баронячыся) . Ну, ну, петушок! Не гарачыся: паспееш з козамі на торг. (Выпіхаючы Якіма з хаты.) Марш дадому! Раз, два, тры!..
Якім (у дзвярах) . Помні, Паўлінка, - заўтра!.. (Выходзіць.)
Паўлінкаадна.
Паўлінка (папраўляе ложак, пасля прыглядаецца да фатаграфіі, цалуе яе і хавае за пазуху, прыціскаючы грудзі рукамі) . А што, смачна? цёпленька?.. Га?.. Каля самага сэрцайка дзявочага... Пэўне, чуеш, як яно, бедненькае, трапечацца. Выгадна табе тут, як нідзе нікому!.. Але не, не! Гэтак не выпадае. Яшчэ трохі порана... Паслязаўтра - іншая рэч. А цяпер... (Ідзе к абразу.) Пасядзі лепш, саколік, за абразікам. Седзячы гэтак у Бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песцячыся тут (паказвае) у маладой дзяўчыны. (Напяваючы, падыходзіць да сцяны, хавае фатаграфію за абраз і, як ні ў чым не бывала, садзіцца за шыццё.)
Читать дальше