Вылечаная гадзюка пакінула гару, паўзе па хмызах і верасе, усё далей і далей паглыбляючыся ў лес, і Альберт ідзе за ёю хуткай ступою.
Калі на захадзе тухла сонца і пачало вечарэць, ён убачыў між дрэў вялікі палац, дзе ў кожным акне было відаць святло запаленых агнёў. Гадзюка, хутка віючыся па прыступках, трапіла ў вялікую залу-гасцёўню, а з ёю і Альберт; там сталы застаўлены ежаю і віном, чуваць чароўная музыка, люстэркі і карціны на сценах — у залатых каштоўных асадах. Доўга дзівіўся Альберт на загадкавыя дзівосы, разглядаючы ўсялякія аздобы гэтага палаца; пачуўся голас, які запрашаў яго сесці за стол, есці і піць — бо ўсё дзеля яго прыгатавана. Пасля вячэры з’явілася перад Альбертам гадзюка, трымаючы ў роце залатую манету, падняла высока галаву, каб аддаць яго госцю; Альберт узяў; на тым дукаце [145] Дукат — залатая манета. У Рэчы Паспалітай яе называлі чырвоным залатым (злотым).
з аднаго боку выбіта полымя, а з другога — карона і выява гадзюкі.
Калі задумліва пазіраў на дукат, зноў пачуў голас: «Пакуль маеш яго, будзеш мець золата столькі, колькі захочаш».
Гадзюка знікла, і ён адзін застаўся ў гасцёўні; успомніў параду незнаёмага, якога сустрэў у лесе, і, гледзячы на язычок свечкі, што стаяла на стале, паклікаў:
— Нікітрон!
Полымя свечкі ўсё вышэй і вышэй падымаецца ўгору, і тут з яго ўзнікае высокая лёгкая і гнуткая чалавечая постаць, саскоквае на падлогу, і вось ужо стаў перад ім чалавек у пунсовай вопратцы.
— Якія ў пана будуць загады? — спытаўся дух.
— Хачу імгненна вярнуцца дахаты.
Альберт ляцеў у небе вышэй гор і лясоў і праз колькі хвілін быў ужо ў сваім пакоі.
Вярнуўшыся дадому, ён выняў з кішэні залаты пенязь, які атрымаў ад гадзюкі, і, кладучы яе ў шкатулку, падумаў сам сабе: «Эх, каб была яна поўная золата!» — і ў міг вока шкатулка напоўнілася дукатамі. Цешыцца ён, гледзячы на скарб гэткі і не верыць, што бачыць тое наяве; доўга стаяў, не адводзячы вачэй ад золата, баючыся, каб не знікла яно.
Бачаць суседзі дзіва нечуванае: Альберт купляе найдаражэйшыя люстры, гадзіннікі, дом яго свеціцца золатам і срэбрам; коні і карэты — шыкоўныя, лёкаі ў дарагіх ліўрэях, — быццам меў ён некалькі тысяч душ у маёнтку; запрашае да сябе гасцей, дае балі; найдаражэйшых він ў яго невычэрпная крыніца.
Мальвіна, чуючы пра гэтую неспадзяваную перамену лёсу, дзівіцца, як і іншыя: адкуль узяліся ў яго такія вялікія грошы? Доўга спадзявалася, што ён, можа, калі наведае яе; прайшло колькі месяцаў — не прыязджае; перамяніўся ўжо, дарэмна чакаць! У яго душы цяпер — толькі адна пыха.
Прыйшла восень, доўгія вечары. Альберт, стомлены забавамі, у якіх доўга бавіў час з гуртам лісліўцаў, вырашыў застацца дома адзін; сухія бярозавыя дрэвы гарэлі ў печы, настольны гадзіннік іграў мелодыю, за сцяною шумеў восеньскі вецер; ён сеў перад агнём і, гледзячы на яго, аддаўся марам, думаў пра сваё мінулае, пра няўдзячнасць і здраду сяброў, якія некалі кінулі яго, бачачы, што ён зазнаў няшчасця і роспачы.
Калі так пераходзіў ад аднае думкі да другое — успомніў Мальвіну. Памяць ярка малявала яму прыемныя з ёю забавы да позняе ночы і той апошні вечар, калі голас гадзінніка з зязюляй пачаў тую размову, што давяла яго да невыноснае роспачы. Гэтыя ўспаміны абудзілі ў яго сэрцы забытае каханне, і прыйшло жаданне абавязкова яе ўбачыць.
Ужо вырашыў быў ехаць да яе, але крыху задумаўся:
— О, не! — кажа. — Яна любіць багацце, а я цяпер багаты і ўладар яе пачуццяў; не буду зневажаць сябе сёння так, як некалі. Я пашлю ёй багаты прэзент, і яна сама адразу з’явіцца ў маім доме.
Сказаўшы гэта, паклікаў, гледзячы на полымя:
— Нікітрон!
Бярозавыя дровы стрэлілі, быццам з пісталета: вугельчык вылятае з печы, круціцца па падлозе, расце ўсё больш і больш, уздымаецца ўгору, ператвараецца ў чалавечую постаць, і вось стаіць перад ім вялізны мурын.
— Слухаю загад, — сказаў ён, гледзячы на Альберта вогненным позіркам.
— Не хачу бачыць цябе ў такім чорным і страшным абліччы, — сказаў Альберт. — Вярніся ў агонь і, выкупаўшыся ў белым полымі, з’явіся да мяне з белым тварам, з лагоднейшымі вачыма і ў пекным вобліку маладога чалавека.
Мурын, як клуб дыму, кінуўся ў печ; праз колькі хвілін адтуль вылецеў язык полымя, з якога ўмомант утварыўся юнак і, стоячы, чакаў загаду.
— Пакуль я напішу ліст да Мальвіны, ты павінен прынесці мне сюды дыяментавыя завушніцы, дыяментавыя бранзалеткі і ўбор на галаву з рубінаў і дыяментаў.
Дух, як бліскавіца, вылецеў у вакно, і яшчэ Альберт не дапісаў ліст, а ўжо ўсе тыя каштоўнасці ляжалі на стале і ля яго стаяў дух у абліччы юнака. Альберт, заклеіўшы ліст, загадаў аддаць яго Мальвіне разам з каштоўнасцямі; паслаў коні і карэту сваю, каб тэрмінова прыехала.
Читать дальше