— Ласка Божая, яснавяльможны княжа, — сказаў я, — лета цёплае, і дожджык часта мілаваў зямлю; спадзяюся, і намалот не падвядзе: жыта добра каласілася.
— Гэта праўда, што лета добрае, але пры гэтым бачу і добрую руплівасць. Дзякуй, дзякуй, пане Завальня.
Сказаўшы гэта, князь паехаў, а я вярнуўся да сялян.
Праз колькі дзён камісар павіншаваў мяне, бо князь загадаў дадаць да мае пенсіі яшчэ дзесяць талераў. І з таго часу, атрымліваючы штогод сорак талераў, я мог жыць спакойна і бацькам сваім памагаў, пакуль Бог дазваляў ім жыць на гэтым свеце.
Князь быў чалавек старасвецкі, пабожны і дабрачынны (царства яму нябеснае). Я заўсёды малюся за ягоную душу. Ён бацька быў сваім слугам; бедных і нешчаслівых цешыў і дапамагаў ім.
Паслужыўшы гадоў пятнаццаць у такога шляхетнага і добрага пана, я ўзяў у арэнду маленькі фальварачак. Не шкадаваў хлеба людзям, мая брама была адчынена суседзям і падарожным; ажаніўся і купіў гэты кавалак зямлі і дамок, дзе і цяпер жыву.
Калі так апавядаў мой дзядзька пра сваё жыццё, на падворку забрахалі сабакі, нехта моцна пастукаўся ў браму і закрычаў:
— Гаспадар, гаспадар! Атчыні вароты, пусці нас хоць пагрэцца, саўсем прастылі. Барані Бог, гэткая бурная ноч.
Парабак адчыніў. Паскрыпваючы па снезе, заязджае некалькі вазоў; пытаюцца: хто тут жыве?
— Пан Завальня, — адказвае парабак.
Некалькі падарожных зайшло ў чэлядны пакой. Дзядзька пасылае мяне, каб я папрасіў да яго пані Мальгрэту; калі тая прыйшла, сказаў ёй:
— Не гневайся, васпані, на падарожных, а калі б і з нас каго спаткала ў дарозе такая бура — аніхто б не хацеў гінуць на возеры, спяшаўся б як найхутчэй трапіць у цёплую хату. Жыццё кожнаму дарагое: чалавек як можа ратуе сябе ад няшчасця; сурова будзе судзіць Бог таго, хто перад нешчаслівым зачыняе дзверы. Дай, васпані, ім вячэру, не хвалюючыся вельмі пра будучыню. Хлеб надзённы пасылае нам Усемагутнасць Божая.
Сказаўшы гэта, ён пайшоў у чалядны пакой.
Прайшло паўгадзіны. Дзядзька вяртаецца, размаўляючы з падарожным у старым сурдуце [132] Сурдут — двухбортная адзежына з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела.
, што некалі быў пашыты з добрага зялёнага сукна, валасы коратка падстрыжаныя, густыя бакенбарды і вусы; выраз яго твару і манеры казалі, што ён не просты селянін, а доўга служыў пры двары.
— І што за прычына, — сказаў дзядзька, — такога далёкага падарожжа? Гэта ж не жарт — наведаць усе куткі Інфлянтаў і Курляндыі! [133] Курляндыя — васальная дзяржава Рэчы Паспалітай са сталіцай у горадзе Мітава (сучасная Елгава, Латвія). У 1796 г. Курляндскае герцагства пераўтворана ў Курляндскую губерню Расійскае імперыі.
— Пан ведае гэтую простую прыказку, — сказаў падарожны, — за дурной галавой і нагам не ўпакой [134] Няма спакою. «Упокою не даюць» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).
. Вось, уласна, накшталт гэтага і маё цяперашняе падарожжа. Прыйшла ў галаву майму пану думка пабудаваць суконную фабрыку; меркаваў, што такім чынам набудзе залатыя горы. Адгаворвалі яго суседзі, што добра разумелі гэтую справу, кажучы такія словы:
«Не з фабрык трэба пачынаць грамадзянам беларускім, каб палепшыць свой быт, а з зямлі, бо сялянская гаспадарка найбольш прыносіць карысці ў нас; трэба рупіцца заводзіць жывёлу, угнойваць палеткі, павялічваць сенажаці і сваіх падданых навучыць лепшым маральным канонам, каб любілі сваю бацькаўшчыну. Не крыўдзіць, прысвойваючы іх уласнасць, менш будаваць корчмаў і старацца мець больш збожжа ў запасе».
Гэтыя парады не мелі аніякага выніку. Пан заклаў у банку большую частку маёнтка, накупляў машын, выдаткоўваючы на гэта велізарныя грошы, прывёз іншаземца-фабрыканта, частку падданых паслаў у сталіцу вучыцца гэтаму рамяству, а іншых — зарабляць грошы на ўтрыманне фабрыкі. Тым часам у гаспадарцы — найвялікшыя страты; селянін прыйшоў да жахлівае нэндзы. Я сам чуў у полі гэтую песню, поўную роспачы:
Ня будзім жыці,
Пойдзім блудзіці.
З лецця худые,
Паны ліхіе
Кароў пабралі,
У двор загналі.
Нет хлеба, солі,
Нет шчасьця, долі.
Поля пусьцеіць —
І не чым сеіць.
Ня будзім жыці.
Пойдзім блудзіці.
І сапраўды, за адзін толькі год амаль трэць падданых пакінулі свае хаты і пайшлі блукаць па свеце.
Убачыў пан сваю памылку, бо і фабрыка яго, не будучы яшчэ ўпарадкаванай як трэба, пачала ўжо занепадаць; бракавала грошай на воўну, на прывоз замежных фарбаў, на выплату пенсіі фабрыканту — зніклі ўсе надзеі.
Читать дальше