Напалоханы гэтымi словамi, я пачынаю абмацваць свой твар: хапаюся за нос, i ён застаецца ў мяне ў руцэ, праводжу рукамi па вушах, i яны адвальваюцца. Калi прысутныя пачалi паказваць на мяне пальцамi i кiваць галовамi, калi ўзняўся смех, я, аблiваючыся халодным потам, даю нырца мiж людскiх ног i ўцякаю. А пасля таго я стаў калекам i пасмешышчам, не мог ужо вярнуцца ў родны дом. Расчасаўшы валасы, каб яны ападалi з абодвух бакоў, я схаваў шрамы ад адрэзаных вушэй, а адсутнасць носа сарамлiва стараюся хаваць пад гэтым пластырам, прыцiскаючы яго да твару".
31. Калi Тэлефрон закончыў гэту гiсторыю, разагрэтыя вiном сабутэльнiкi зноў пачалi рагатаць. Пакуль яны патрабавалi звычайнай замочкi ў гонар бога Смеху, Бiрэна кажа мне: "Заўтра дзень, якi ад заснавання нашага горада лiчыцца святочным дзеля таго, што ў гэты дзень мы адзiныя на свеце ўшаноўваем вясёлымi i радаснымi абрадамi святога бога Смеху. Сваёй прысутнасцю ты зробiш нам гэтае свята яшчэ прыямнейшым. Як добра было б, каб i ты прыдумаў у гонар гэтага бога што-небудзь дасцiпнае i забаўнае, каб мы ўшанавалi яго яшчэ больш самааддана i глыбока". "Выдатна, — кажу, — як загадаеш, так i будзе. I клянуся Геркулесам, што мне хацелася б прыдумаць нешта такое, што годна i цалкам задаволiла б гэтага вялiкага бога".
Пасля, калi мой слуга напомнiў, што час ужо познi, i я зразумеў, што ўжо дастаткова нагрузiўся вiном, хутка падымаюся i, пажадаўшы Бiрэне ўсяго найлепшага, няўпэўненай паходкай вяртаюся дамоў.
32. Але як толькi выйшлi мы на двор, нечакана вецер тушыць наш факел, што асвятляў нам дарогу, i мы ў поўнай цемры ночы пасоўваемся амаль вобмацкам i, пазбiваўшы ногi аб каменне, ледзь трапiлi дамоў. Калi ж мы, моцна трымаючыся адзiн за аднаго, падыходзiлi да дома, раптам бачым, што тры нейкiя здаравенныя постацi ломяцца ў нашы дзверы, не толькi не збянтэжаныя нашым з'яўленнем, але стараючыся адзiн перад адным грукатаць мацней i часцей. Такiм чынам, яны здалiся мне разбойнiкамi, прытым сама лютымi. Дык дастаю свой меч, якi браў з сабой i нёс пад вопраткай для падобнага здарэння, i не марудзячы кiдаюся на iх i аднаго за другiм, з кiм нi схаплюся, забiваю, глыбока ўтыкаючы меч. I вось яны, пакрытыя мноствам ран, канаюць ля маiх ног.
Закончыўшы бiтву, у час якой ад гоману i грукату прачнулася i Фацiда, убягаю ў дом i, ледзь ловячы дых, аблiты потам, стомлены, як быццам змагаўся не з трыма разбойнiкамi, а забiў Герыёна, кiдаюся на ложак i адразу засынаю.
1. Ледзь толькi Аўрора пусцiлася па небе, як ноч, кiруючы ружовай рукой сваiх упрыгожаных чырвонымi фалерамi коней, вырвала мяне з салодкага спакою i перадала дню. Пры ўспамiне аб учарашнiм злачынстве маю душу агарнуў жудасны неспакой. Спусцiўшы з ложка ногi i абхапiўшы каленi пераплеценымi пальцамi рук, я сядзеў скурчаны i горка плакаў, уяўляючы сабе i гарадскую плошчу, i суд, i прыгавор, i самога ката. Цi ж можа знайсцiся такi мяккi i добразычлiвы суддзя, якi б мяне, заплямленага жорсткасцю трайнога забойства, апырсканага крывёю гэтулькiх грамадзян, прызнаў невiнаватым? Вось якое слаўнае падарожжа так упэўнена вываражыў мне халдзей Дыяфан!..
Гэтыя думкi штораз вярталiся, я аплакваў сваю горкую долю, калi раптам пачуўся моцны грукат у дзверы, i ля ўвахода ў дом узняўся крык.
2. Услед за гэтым расхiнаюцца пад моцным нацiскам дзверы, i ўвесь дом напаўняецца чыноўнiкамi, iхнiмi прыслужнiкамi i разнашэрсным натоўпам. Два лiктары, па загаду чыноўнiкаў, усклалi на мяне рукi i павялi без нiякага з майго боку супрацiўлення. I ледзь толькi ўвайшлi мы ў блiжэйшы завулак, як усе жыхары, высыпаўшы з дамоў, цесным натоўпам рушылi за намi. I хоць я iшоў з сумна апушчанай галавой, жадаючы правалiцца скрозь зямлю, аднак, глянуўшы крадком убок, заўважаю штосьцi вартае вялiкага здзiўлення: спамiж тысяч людзей, якiя нас акружалi, не было нiводнага, хто б не надрываўся ад смеху. Тым часам, абхадзiўшы ўсе вулiцы, пачынаюць вадзiць мяне па ўсiх завулках i завуголлях, як звычайна водзяць жывёлiну, прызначаную багам на ахвяру, каб адкупiцца ад якiх-небудзь прадказаных нябеснымi сiламi небяспек. Нарэшце прыводзяць мяне на форум i ставяць перад трыбуналам.
А тут ужо на падвышэннi расселiся суддзi, i грамадскi вяшчальнiк загадаў усiм замоўкнуць, як раптам усе ў адзiн голас пачынаюць крычаць, што разбор такой важнай справы з прычыны шматлюднасцi неабходна перанесцi ў тэатр. I вось народ кiнуўся туды бязладным натоўпам, i не прайшло i хвiлiны, як усе прызначаныя гледачам месцы былi занятыя. Некаторыя ўхапiлiся за калоны, iншыя павiслi на статуях, павысоўвалiся па пояс з вокнаў, з адтулiн у дахах. Так нясцерпнае жаданне ўбачыць усё сваiмi вачамi змушала забываць пра небяспеку. А мяне, як якую-небудзь ахвяру, праводзяць вартаўнiкi цераз прасцэнiум i ставяць пасярод архестры.
Читать дальше