СЯРГЕЙ БЕЛАЯР
ЛОГІКА НЕГУМАН
Фантастычнае апавяданне
Транспартнае судна «Непатрабавальны мул» перасекла мяжу Сонечнай сістэмы дваццаць другога кастрычніка дзве тысячы сто шэсцьдзясят дзявятага года. На борце было васьмёра членаў экіпажа і адзінаццаць з паловай тысяч тон каштоўнага грузу, які чакалі на Еўропе.
— Хутка мы будзем дома! — летуценна ўсміхнулася Сняжана Гаўрыш і прыціснулася да каханага. Вочы долмата Раксы гарэлі радасцю, прычынай якой было не толькі ўсведамленне блізкасці спадарожніка Юпітара. — Ты яшчэ не прыдумаў імя для дзіця?
— Калі народзіцца хлопчык, назавём Арвідам, у гонар дзеда...
— А калі дзяўчынка?
— Не ведаю, — Ракса пяшчотна пагладзіў жанчыну па жываце, які пачаў акругляцца, а затым пацалаваў у патыліцу, удыхнуўшы чароўны водар валасоў. — Мне падабаецца Астэрыя.
— А Бажэна?
— Чаму не? — паціснуў плячыма Ракса. — Таксама прыгожае імя... Галоўнае, каб табе падабалася!
— Не, цяпер мы — сям’я. І падабацца павінна нам абодвум.
— Мы занадта розныя для таго, каб мець аднолькавыя густы.
— Мужчына і жанчына павінны быць рознымі, інакш у іх саюзе няма ніякага сэнсу... Праўда, прыгожа?
Гарызонт займаў срэбны россып.
— Ты столькі гадоў у космасе, але так і не перастала захапляцца зоркамі? — здзівіўся Ракса.
— Імі нельга аб’есціся, таму што яны мацнейшыя за любы наркотык... Я буду па іх сумаваць!
— Гэта ж не назаўсёды!
— Я змагу вярнуцца да іх толькі пасля таго, як нашадзіця стане дарослым, — у голасе Гаўрыш адчуваўся смутак, — а да гэтага... Не хвалюйся, Долмат, я дам рады, бо нас будзе трое!
— Мы можам наняць выхавацеля.
— Мы ўжо гаварылі пра гэта: ані нянечкі, ані дзіцячыя садкі, якімі б выдатнымі яны ні былі, бацькоў ніколі не заменяць!
— Я магу знайсці іншую працу.
— А чым дрэнная гэта?.. Ты будзеш прылятаць на Еўропу. Хай на месяц, на два, але зможаш праводзіць час з дзіцём... Дый дзе ты яшчэ заробіш такія грошы?
У словах Гаўрыш мелася рацыя, таму Ракса палічыў за лепшае прамаўчаць. Ды і навошта лішні раз верадзіць душу?
— Падумаць толькі, я падарыў жыццё чалавеку, і гэты чалавек зможа радавацца яму. Стаць пісьменнікам ці артыстам, будаваць дамы ці кіраваць касмічнымі караблямі...
— Хочаш, каб наша дзіця стала касманаўтам?
— Кім яно будзе, вырашаць яму. Галоўнае, каб прыносіў карысць людзям!
— Ты заўсёды была альтруісткай, — Ракса ўзнагародзіў жанчыну пацалункам і злавіў сябе на тым, што лічыць яе сапраўдным падарункам лёсу.
— А ты не?
Адказаць Раксу не далі.
— Капітан? — ажыў інтэркам.
— Прабач! — Ракса наблізіўся да перамоўнай прылады і націснуў на кнопку. — Слухаю!
— Інвентарызацыя грузу завершана. Пасля выхаду з гіперпрасторы мы нічога не страцілі!
— Добра, Вірмант! Што рэактар?
— Набірае абароты. Праз два тыдні будзем у порце!
— Падумаць толькі — многіх зорак даўным-даўно няма, а святло ад іх працягвае да нас ісці, — сказала Гаўрыш, калі Ракса зноў схапіў яе ў абдымкі. — Што гэта?
— Не ведаю...
Прама па курсе з’явілася воблака, афарбаванае ў блакітныя і ружовыя колеры. Ракса быў гатовы паклясціся, што яшчэ секунду таму гарызонт быў чысты. Памеры воблака імкліва павялічваліся.
«Непатрабавальны мул» не мог ні затармазіць, ні павярнуць...
Спалохацца касманаўты не паспелі. Пачуўся дробны трэск анігіляцыі, які імгненна ўзмацніўся да верхняй крытычнай велічыні, затым судна з жахлівай сілай скаланула.
Згасла святло, і практычна адначасова завыла сірэна.
— Долмат! — голас Гаўрыш звінеў ад спалоху.
— Без панікі! — Ракса ўскочыў і дапамог жанчыне падняцца. — Ты цэлая?
— Так, — Гаўрыш цяжка дыхала. Адчувалася, што яна слаба кантралюе сябе.
— Да вочак!
Перагародку прыйшлося падымаць уручную. Ледзь толькі ўтварылася дзірка якая дазваляла выбрацца з адсека, як касманаўты нырнулі ў яе. З-за дыму было цяжка дыхаць. Ён лез у вочы, замінаючы арыентавацца.
— Сюды! — Ракса сціснуў руку Гаўрыш і пацягнуў жанчыну за сабой. Лік ішоў на секунды. З кожным крокам дыму прыбывала. Сістэма прымусовай вентыляцыі бяздзейнічала.
— Чаму не загараецца аварыйнае асвятленне?
Замест адказу Ракса сарваў вечка і вырваў з яго дубль-скафандр.
— Апранай! Хутчэй!
Экіпаж любога судна стараліся падбіраць з такім разлікам, каб касманаўты не моцна адрозніваліся адзін ад аднаго па камплекцыі.
На тое, каб апрануцца ў скафандры, сышло крыху больш за хвіліну. Да гэтага часу дым апусціўся да пояса.
Читать дальше