Пакуль імчаліся машыны, у дэсантным аддзяленні пагойдваўся і драмаў радавы Рустамаў, які так і не дастояў на варце, быў зняты камандзірам аддзялення і пастаўлены ў строй. Цяпер ён некуды едзе на радасць самому — зрабіўся не патрэбны нікому той ягоны пост, не мела ніякага сэнсу дакладваць пра тое, што здарылася. Так думаў, сонна пагойдваючыся, радавы Рустамаў, хіліла яго на сон, але ўсё ж неспакойна было на душы...
Карповіч добра памятаў дарогу, па якой правезлі яго ўдзень, пазіраў на гадзіннік і не запавольваў ходу калоны — часу ў запасе заставалася не так і многа.
Калі машыны пад'язджалі да ўзлеску, яркае чырвонае вочка ліхтарыка загадала спыніцца.
Машыны асцярожна пад'ехалі да чалавека, які падаў сігнал спыніцца. Карповіч пазнаў камандзіра роты і збоч дарогі ўбачыў ягоную камандзірскую машыну.
Як толькі Карповіч падышоў і далажыў, Раманаў зірнуў на гадзіннік, цыферблат якога свяціўся, энергічна падаў руку. Камандзір роты быў рухавы і быстры, нібы адпачываў добрыя суткі. Карповіч ведаў, што ротнаму на адпачынак выпала мала часу, меней, чым яму самому. I хоць Карповіч адчуваў сябе крыху і бадзёра, але ўсё цела балела. Таму ён паволі падаў руку камандзіру роты, але стрымаўся і не запытаўся, навошта гэты начны марш.
Капітан Раманаў як і не заўважаў марудлівасці камандзіра ўзвода.
— Сержантаў да мяне, Карповіч!
Калі камандзіры аддзяленняў падбеглі і сталі ў адну шарэнгу побач з Карповічам, камандзір роты паведаміў:
— Сёння мы будзем страляць ноччу ўзводам у абароне. Кіраваць стральбою буду я сам, дапамагаць мне — лейтэнант Карповіч. Камандзіры аддзяленняў, вядома, камандуюць на сваіх месцах. Прашу ўлічыць, што стральба залічваецца пры ацэнцы вучэнняў. Мы пасля маршу занялі абарону і тае ж ночы вымушаны былі адбівацца ад праціўніка. Цяпер канкрэтна, што датычыць стральбы. Машыны завярнуць упоперак дарогі, уключыць фары. Камандзірам аддзяленняў атрымаць боепрыпасы і пры святле фараў прасачыць за напаўненнем магазінаў і стужак. Гранатамётчыкам пакласці выстралы ў сумкі і падрыхтаваць іх да стральбы непасрэдна на агнявым рубяжы. Запалы да гранат таксама выдаць на агнявым. На машынах да выхаду на агнявую пазіцыю стужкі ў прыёмнік не ўстаўляць. Парадак выхаду на агнявы рубеж наступны: разам са мною ідуць машыны, потым падыходзіць дэсант з лейтэнантам Карповічам, займае абарону і вядзе назіранне за ворагам у гатоўнасці адбіць атаку. Выконвайце!
Калі машыны завярнуліся папярок дарогі і святло фараў лягло на роўны, пасаджаны радамі пры дарозе сасоннік, Карповіч заўважыў, што побач з камандзірскаю машынаю стаіць крыты брызентам «газік».
Паддубны, у камбінезоне і ў танкашлеме, выдаваў на кожнае аддзяленне загадзя падрыхтаваныя боепрыпасы.
Пры святле фараў салдаты рассцілалі на зямлі плашч-палаткі і набівалі патронамі магазіны. У цішыні чулася сухое кароткае папстрыкванне патронаў. Салдаты рабілі работу хутка, перакідаючыся жарцікамі.
Карповіч разумеў іх. Ён і сам быў у прадчуванні нечага незвычайнага і адказнага.
Капітан Раманаў стаяў ля машыны і назіраў за салдатамі.
Карповіч не здагадаўся, чаго капітан пазірае на гадзіннік — часу заставалася даволі. Толькі пасля таго, як да капітана падышоў з дакладам Самхарадзе і капітан сказаў «Малайцы!», Карповіч здагадаўся, што і тут усё было разлічана на хвіліны,— колькі часу патрэбна аддзяленню і ўсяму ўзводу, каб падрыхтавацца да стральбы.
— Карповіч, пастройце ўзвод ля дарогі. Паведзяце яго за намі. Экіпажы — да машын! — нечакана молада і весела загадаў капітан Раманаў.
Карповіч пастроіў узвод, глядзеў, як рушылі ягоныя машыны ўслед за камандзірскаю.
— Узвод, напра-ва! Шагам марш! — загадаў Карповіч, і невялікая ўзводная калона рушыла ўслед за машынамі.
Як выйшлі з лесу, здалося, што ноч пасвятлела.
I неба было не такое і чорнае, а нейкае глыбока-сіняе, густое. У полі ўгадваліся абрысы вежы, тае самае, якую паказвалі Карповічу ўдзень камбат з ротным. Машыны, мабыць, занялі пазіцыі, бо цішыня была такая, што, здавалася, калі скажаш хоць слова, голас твой пачуюць на другім баку зямлі, бо менавіта там, на другім баку, і канчаецца гэтае поле...
Ходка ішоў узвод.
Карповіч узіраўся ў поле і ў цемені хоць і невыразна, але заўважаў накапаныя брустверы акопаў і траншэй. Калі падышлі бліжэй, сталі бачныя і габарытныя агеньчыкі машын.
Карповіч скамандаваў заняць пазіцыі і, стоячы, назіраў, як рассыпаліся аддзяленні, займаючы свае месцы.
Читать дальше