1 ...6 7 8 10 11 12 ...25 Набліжаўся да скону восьмы дзень візіту Мікіты Хрушчова ў Албанію. За гэтыя восем дзён Энвер дарэшты асіп, чытаючы прамовы на мітынгах, якія ладзілі з нагоды візіту, збіў ногі, бегаючы за высокім савецкім госцем, і кінуў сам сябе паважаць ад тых дыфірамбаў, якімі мусіў ганараваць пасланца далёкай Масквы. Хрушчоў, між тым, паводзіў сябе як той сакратар райкаму партыі, што прыехаў з праверкай у падуладны калгас. «А што ў цябе там?» - пытаўся, паказаўшы пальцам на які-небудзь пакарабачаны комін. - «А што вунь там?» І даводзілася запабежліва, на паўсагнутых нагах, тлумачыць шаноўнаму мусафіру, што гэта дыміць комін кацельні, а вунь там, пад гарой, у нас тытунёвая плантацыя. Мала таго, давялося разгортваць перад цікаўным госцем планы арашальных каналаў і дрэнажных сістэм. Хрушчоў няўцямна, закапыліўшы губу, глядзеў на гэтыя планы, усім сваім выглядам даючы зразумець, што яны яго мала цікавяць. Высокага госця - гэта Энвер ведаў дакладна - цікавіла толькі адно: магчымасць разгортвання на албанскім узбярэжжы ваенных баз.
Гэтую ноч Хрушчоў са сваім міністрам абароны Маліноўскім гасцяваў у летняй рэзідэнцыі Энвера на беразе Улёрскай бухты. Віла і ранейшым часам добра ахоўвалася, цяпер жа ахоўнікі сядзелі ледзь не пад кожным дрэвам.
Энвер сцярожка, бязгучным ценем, праслізнуў у спальню, распрануўся да трусоў. Потым падышоў да вакна, адсунуў штору. Знадворку ўжо панаваў прыцемак. Ад бліжэйшага да вакна дрэва аддзялілася чыясьці размытая постаць. Вілу сёння ахоўвалі не толькі ягоныя людзі, але і савецкія гэбісты.
- Ну як там? - запыталася Нэджміе. Жонка ўжо ляжала ў пасцелі, да падбароддзя накрыўшыся прасцінай.
- Напіўся... як свіння.
Жонка ўзбіла падушку, з дакорам выдыхнула:
- Энвер!
Нэджміе не здавалася - яна была перакананая, што саветы праслухоўваюць іхнія размовы.
Энвер плюхнуўся на свой ложак - спалі яны паасобку, бо разам ляжаць было горача, - закінуў рукі за патыліцу.
- Во прыспелі часіны - на ўласнай віле слова не скажы. Хто тут, урэшце, гаспадар? Я ці Мікіта?
- Энвер! - ужо з трывогай у голасе паўтарыла Нэджміе.
Тое, што Хрушчоў збіраецца яго прыбраць і паставіць на чале партыі і дзяржавы свайго чалавека, Энвер даведаўся яшчэ тры гады таму - ад надзейнага інфарматара з Масквы. Ды што там інфарматар. Тут і так усё было зразумела.
Энвер таксама ўзбіў падушку, змучана ўздыхнуў.
Усіх кіраўнікоў, што паважалі і любілі Сталіна, ціха, без пылу і шуму, даканалі. Готвальд, які ніколі не скардзіўся на здароўе, памёр немаведама ад чаго. Берута выклікалі ў Маскву і назад у Варшаву небараку прывезлі ў цынкавай труне. Ракашы сядзеў недзе ў Саюзе пад хатнім арыштам. Чэрвенкава абвінавацілі ў кульце асобы і скінулі з пасады. Добра яшчэ, што не забілі. Пры ўладзе застаўся толькі ён, Энвер Ходжа.
- Але я проста так не здамся! - прашапталі сасмяглыя вусны, і Нэджміе, прыўзняўшыся на ложку, запытала: - Можа, снатворнага даць?
Муж махнуў рукой, адвярнуўся да сценкі.
Усё ж такі дарма ён даў згоду на размяшчэнне савецкай базы тут, у Улёрскай бухце. А ўсё з-за чортавых савецкіх крэдытаў, без якіх краіне проста не выжыць. Цяпер вось збіраюцца непадалёку, за пяць кіламетраў ад вілы, будаваць ваенны аэрадром. Пабудуюць і прылятуць пэўнай ноччу... на дэсантных самалётах. Аточаць вілу, а хто будзе супраціўляцца - перастраляюць. І ў той жа дзень пленум арганізуюць, які назавуць гістарычным і на якім рашуча асудзяць яго, Энвера, культ асобы. Ды што там аэрадром. Яны і сёння могуць падагнаць да вілы пару ваенных катэраў... Пагатоў, да савецкай марской базы ўсяго некалькі кіламетраў.
Сну не было, а заўтра ў яго цяжкі дзень. Заўтра ад ранку яны вернуцца ў Тырану, Хрушчоў будзе закладваць першы камень у падмурак Палаца культуры, які саветы збіраюцца пабудаваць, а на яго, першага сакратара ЦК Албанскай партыі Працы, будзе ўскладзеная адказная місія - з урачыстай пашанотай трымаць хрушчоўскі капялюш. Мікіта, відаць, цяпер спіць, п’яны. Магчыма, нават дае храпака. Энвер прыслухаўся, у спадзеўцы пачуць натужнае храпенне, - высокі госць спаў у супрацьлеглым крыле,
- але пачуў толькі далёкае тахканне, усё адно як дзяцел дробна стукаў па збуцьвелым дрэве. Гэта вартавы савецкі катэр сноўдаў па бухце, ахоўваючы пакой і сон Мікіты Хрушчова. Энвер яшчэ паўгадзіны пакруціўся ў ложку, а потым клікнуў жонку і папрасіў прынесці снатворнага.
IV
Дарога бегла па раўніне, сям-там пазначанай роўнымі шнурамі вінаграднікаў. За шыбамі праплывалі невялікія гарады і мястэчкі з дзіўнымі назвамі: Кавая, Рагожына, Люшня, - і Мікола, пазіраючы на гадзіннік, усё тапіў і тапіў понаж газу. Наперадзе, як паведаміў Петрыт, былі горы, а пнуцца па горных дарогах у цемры, ці хаця б у суцемках, яму ніяк не выпадала.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу