Неўзабаве калідор прывёў у падземны горад-лабірынт, а магчыма, нават у цэлую краіну, з вуліцамі-анфіладамі. Сярод іх часам узнікалі пляцы з фантанамі й фінікавымі пальмамі, ад якіх разыходзіліся промні новых вуліц і завулкаў. Некалькі суседніх вуліц насяляў нейкі адзін народ. Найчасцей - габрэі, аб чым сведчылі меноры, шасціканцовыя зоркі і пісьмёны на сценах і нізкай столі. У адных анфіладах жылі светласкурыя ашкеназі, між якіх, мне здалося, я двойчы пазнаў аднакласнікаў, што з’ехалі з бацькамі на зямлю продкаў. Іншыя вуліцы належалі смуглым сэфардам або цёмнатварым кучаравым юдэям-абісінцам. Ад іх адгаліноўваліся ўладанні мараканскіх габрэяў, а за імі ляжаў анклаў марыскаў. З тых кварталаў я зноў трапляў у габрэйскія, ужо адрозніваючы сімволіку і мовы. Хутка прыйшло разумение: паміж нашай экскурсіяй і тым часам, у якім жыў падземны горад, пралеглі стагоддзі: нават друкаваныя кнігі трапляліся тут вельмі рэдка, а ўбачаная недзе мікрахвалёўка падалася падманам зроку.
Мясцовыя жыхары сустракалі мяне ў горшым разе абыякава-спакойна, а найчасцей - прыязна, аднак тыя, каго я спрабаваў распытаць пра дарогу назад, ані не збіраліся дапамагчы, прапаноўваючы наўзамен пачостку або начлег. Вандруючы па лабірынце не адзін дзень, я, відаць, паспеў пакаштаваць усе тамтэйшыя прысмакі: свежыя буйныя фінікі, тэйгелах, размаітыя перапечкі і праснакі з мёдам, разынкамі, цынамонам. Адну ноч я спаў на ложку з белымі і халаднаватымі льнянымі прасцінамі, другую - на тонкай бруднай посцілцы, кінутай на каменную падлогу. Трэцяе начы ў багатую спачывальню гаспадыня прывяла юную нявольніцу ў вянку з белых лілеяў.
Між тым, азарт падарожніка хутка запаветрыў, і на змену яму прыйшло вусцішнае падазрэнне, што выцяла як пярун: я асуджаны! Асуджаны да канца дзён блукаць у чужым часе, пад небам, што ўяўляе сабой не больш, як столь, дзе ніколі не шэпчуцца зоркі і не ўзыходзіць здзіўлены месяц, а дзень надыходзіць тады, калі паводле нечага загаду паўсюль загараюцца вымкнутыя нанач свяцільні. Здагадка была нясцерпна-пякучай, і я закрычаў і пабег. Я бег бясконца доўга і, калі знясілеў, убачыў: вуліца заканчваецца глінабітным тупіком. У роспачы я заваліўся на дол і заскавытаў, як бадзяжны сабака.
Наступныя дні я то ішоў, то бег і, адмаўляючыся ад запрашэнняў заначаваць, спаў на голай зямлі. Я згубіў лік дням і заўважыў, што трапляю ў тыя ж месцы, а значыць, рухаюся па коле. Аднаго разу яшчэ раз заўважыў знаёмую мікрахвалёўку, і гэта толькі дадало адчаю. Ад нечалавечай, жывёльнае стомы цела выдавала мёртвым. Агеньчык надзеі патух, і замест яго прыйшла выратавальная думка - назбіраць за пазуху цяжкіх камянёў і спыніць пакуты, кінуўшыся ў глыбокі фантан-вадаліў на падземным пляцы.
Калі груз, што мусіў стаць маёй вечнай кітвагаю, быў амаль сабраны і камяні драпалі запаленую скуру пад кашуляй, павуціна вуліц вывела да вадаліву з высокімі мармуровымі краямі-пялёсткамі. На самым далёкім пялёстку гэтае кветкі, звесіўшы ногі ў ваду, сядзела жанчына, з якою я недзе сустракаўся... з якою я... танчыў!
Эфа! - моўчкі паклікаў я, і яна адвяла ад маціцовай гульні вадзяных струменяў месяцападобны твар...
23
Нашыя абдымкі доўжыліся пяць удыхаў і выдыхаў мёртвага падземнага паветра. Трэба спяшацца, праз гадзіну нічога не атрымаецца, - моўчкі паведаміла яна, загадаўшы паўтараць ейныя дзеянні. Спачатку - камяні.
Высыпаўшы з-за пазухі свой груз, я выклаў з меншых камянёў першую літару яе імя, пасля чаго ўслед за ягонай уладальніцай сарваў з пальмы і кінуў у рот два фінікі. Мы сінхронна нырнулі і доўга плылі пад вадою, колер якой праходзіў усе адценні ад маціцы да амаль чорнагага малахіту. Лёгкія ўжо не вытрымлівалі, і мы нарэшце апынуліся на паверхні хуткай падземнай ракі. Плынь падхапіла нас, але адпачынак выпаў нядоўгі: Эфа загадала зноў даваць нырца.
Я плыў, згадваючы хрызапразавае возера, і маліўся, каб гэтая рака адразу ж і назаўсёды сцёрла нашыя целы са сваёй змрочнай прыцемнай памяці, і калі мы зноўку напоўнілі грудзі паветрам, у небе мігцелі зоркі і ўзыходзіў над краем прыазёрнага лесу малады месяц.
Мы кахаліся там, дзе і ўпершыню, пад вольхаю, і, стаіўшыся ў траве, нас вартавалі лагодныя сытыя вужы, якія раз-пораз прыўздымалі галовы з залатымі “акулярамі”. Аб тым, што адбывалася нядаўна, нагадвалі адно фінікавыя костачкі, якія знайшліся за шчакой. Я так і прачнуўся - з выразным фінікавым смакам у роце.
24
Танцы працягваліся ўвесь павольны аксамітавы ліпень. Пасля іх я то апынаўся на вузкім ложку Кіяскёркі, то плаваў з Залацістаю Эфай, што так і не знайшла пярсцёнка, а мо і не шукала яго, здзейсніўшы з возерам таемныя заручыны. Загадку таго чаргавання разгадваю дагэтуль. Можа, тады мне паказваліся два бакі, дзве розныя іпастасі кахання? Ці - самога жыцця...
Читать дальше