Я ішоў пад дажджом, не раскрываючы парасона. Прамок да ніткі, ды не адчуваў холаду. Зняў чаравікі і басанож плюхаў па лужах. Каля перапоўненага фантана на плошчы зачэрпнуў у чаравікі вады і зрабіў сабе душ. Напалохаўшы бацькоў, я пераапрануўся ў сухое, напіўся гарачага малака і пайшоў да сябе ў пакой. Вецер шпурнуў у вакно жменю буйных кропляў, па шыбах пабеглі тонкія стуменьчыкі, і скрозь іх я ўбачыў усё, што пачалося пасля вядра з застылай рошчынай.
21
Мы з Залацістай плылі ў чыстай вадзе колеру каменю хрызапразу з майго цяперашняга пярсцёнка. Нават не плылі, а луналі па-над густым падводным лесам, вершаліны якога казыталі нам ногі, ды не заміналі рухацца лёгка й імкліва. А можа, гэта былі не дрэвы, што цягнуліся з глыбіні, а рыбы, якія мільгалі пад намі ў насычанай сонцам прытульнай прасторы. Возера прыняло нас аголенымі, адно на безыменным пальцы левай рукі ў Залацістай пабліскваў шырокі срэбны пярсцёнак з зялёным каменем. Гэта надавала заплыву адценне ўрачыстасці, і мне хацелася, каб возера запомніла абрысы нашых целаў, запісала звесткі пра нас у ягоныя хронікі - на донных камянях, на карэнні прыбярэжных дрэваў, выбеленым вадою, што мела сваю жывую плыўную памяць і магла зноўку паклікаць нас у зменлівы хрызапразавы сусвет.
Раз-пораз мы адначасова давалі нырца і, трымаючыся за рукі, праплывалі колькі дзясяткаў метраў пад вадой. Тады доўгія валасы маёй спадарожніцы пачыналі нагадваць расчасаныя плынню «русалчыны косы», якія з дзяцінства заўсёды заварожвалі мяне, толькі гэтыя косы былі не смарагдавыя, а залатыя, кранутыя грабянцом сонечных промняў.
Вада здзіўляла свежасцю й смакам. Яе хацелася пакаштаваць, і мы не ленаваліся рабіць маленькія асцярожныя глыткі. Серабрыстай платвіцаю бліснула думка: у мінулым або пазамінулым жыцці мы абое былі рыбамі і хвіліны, што перажываюцца зараз, - гэта сустрэча двух нашых ранейшых увасабленняў.
Блізкі ўжо бераг аздаблялі лапікі трыснягу і вясёлыя выспачкі аеру. Мы кіраваліся да пазначанай радком хвояў касы, якая вабіла паскам пясчанае водмелі. Там навісала над вадою, адкідваючы на яе доўгі цень, высокая грацыёзная вольха, што валадарыла над раскошна ўтравелым берагам. Целы наструньваліся, трымцелі ад прагі схавацца ў высокай мяккай траве, даверыцца засені вольхі й выправіцца ў іншае плавание.
Там, на беразе, яно атрымалася неверагодна імклівым, але асалода ад гэтага ані не страціла. Рукі, ногі, вусны, ейнае ўлонне дзіўным чынам былі адначасна халаднаватымі й гарачымі. Мы ператварыліся ў рабоў адно аднаго і - уладароў цэлага свету. Потым я нібыта памёр і вярнуўся назад - дарослым і спустошаным, сцішаным, шчаслівым. Я пачуў і ўбачыў, як наваколле жыве сваім адвечным парадкам. Па руцэ бегла порсткая рудая мурашка. Гушкаліся на травінках сапфіравыя і бурштынавыя стрыблі. У гушчары жаласна пішчала злоўленая вужом лясная мышка.
Цела ў Залацістай было проста абсыпанае радзімкамі розных колераў і адценняў - цэлая галактыка. Але я не паспеў пачаць яе вывучэнне, бо Залацістая з уладнай пяшчотаю перавярнула мяне са спіны на жывот. Яе дыханне ставала ўсё бліжэйшым, яго цёплая змейка бегла па маіх плячах, і ў нейкі момант я адчуў на мокрай макаўцы пяшчотныя вусны. Знайшоўшы патрэбную кропку, Залацістая пачала хутка-хутка дзьмуць туды гарачым струмком паветра. Цела зрабілася бязважкім і не маім, што, аднак, не палохала, а захапляла.
Вагомасць і моц вярнуліся целу - разам з усведамленнем яго сваім уласным - ужо тады, як мы зноў плылі поруч. Але нешта зыначылася. З пальца ў Залацістай знік пярсцёнак. Я не мог сказаць ёй пра гэта, бо мы і тут маўчалі, ды мая спадарожніца хуткім рухам левай рукі дала зразумець, што ведае пра страту. Я адно не мог даўмецца: шкадуе яна або не?
І замест адказу ўва мне ціха прагучала: маё імя - Эфа.
22
Праміне шмат гадоў, і я апынуся, відаць, у самым прыгожым і загадкавым сне свайго жыцця, у сне, шчодра наладаваным сімваламі, алюзіямі й дагэтуль не раскрытымі знакамі.
Пачынаўся ён досыць будзённа і нават з прысмакам анекдатычнасці. Перад адпраўленнем экскурсійнага аўтобусу я пабег у прыбіральню. Зрэшты, завязка атрымалася ўсё ж не зусім звычайнай: аўтобус стаяў пасярод выпаленай камяністай пустэльні, над якой у зіхоткім мроіве плыло бязлітаснае паўднёвае сонца.
Усе кабінкі ў прыбіральні былі крыж-накрыж заклееныя ліпучкай, а намаляваныя на іх стрэлкі паказвалі ўправа на адзіныя чыстыя ад ліпучкі дзверы, за якімі адкрыўся душны калідор кудысьці ўніз. Ісці па ім не хацелася, але іншага выйсця я не меў, бо назад дзверы не адчыніліся. Сотавая сувязь знікла, і, скарыўшыся з тым, што адстану ад сваіх, я рушыў наперад.
Читать дальше